Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПІЎНА́Я ВЫ́ВАРКА,

адход піваварнай вытворчасці, нерастваральны ў вадзе асадак соладу (піўная гушча). Змяшчае часцінкі ядзер і абалонкі зерня. У свежым і сушаным выглядзе, часцей у сумесі з інш. кармамі, выкарыстоўваецца для скормлівання с.-г. жывёлам. Хутка псуецца. У 100 кг свежай П.в. змяшчаецца 4,2 кг засваяльнага пратэіну, у 100 кг сушаных — 16,9.

т. 12, с. 392

ПІЎНІ́ЧЫ,

пасада (урад) у ВКЛ. Загадваў велікакняжацкімі піўніцамі, сачыў за якасцю і пастаўкамі піва да стала вял. князя ВКЛ. Першы вядомы П. — Мікіта Мікалаевіч (1546).

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 12, с. 392

«ПІЎНЫ́ ПУТЧ» 1923, Мюнхенскі путч, Гітлераўскі путч,

спроба захопу ўлады ў Баварыі нацыстамі і праварадыкаламі пад кіраўніцтвам А.Гітлера і Э.Людэндорфа (далучыўся па просьбе Гітлера) 8—9 ліст. Адбыўся ва ўмовах рэв. крызісу 1923 у Германіі і пад уплывам паспяховага паходу на Рым 1922 італьян. фашыстаў. Быў накіраваны супраць Веймарскай рэспублікі. Увечары 8 ліст. 600 узбр. нацысцкіх штурмавікоў (гл. СА) на чале з Гітлерам уварваліся ў мюнхенскую піўную залу «Бюргербройкелер» (адсюль назва путчу), дзе праходзіў афіц. мітынг з удзелам кіраўнікоў Баварыі Г. фон Кара (в.а. прэм’ер-міністра), ген. О. фон Лосава (каманд. ўзбр. сіламі) і палк. Г. фон Зайсера (нач. паліцыі); Гітлер абвясціў пачатак «нац. рэвалюцыі» і стварэнне новага ўрада. Змушаныя на словах далучыцца да «рэвалюцыянераў» і іх урада, Кар, Лосаў і Зайсер пазней здолелі ўцячы і па загадзе з Берліна мабілізавалі сілы для ліквідацыі путчу. Удзень 9 ліст. 3-тысячную калону ўзбр. путчыстаў на чале з Гітлерам, Людорфам, Г.Герынгам і інш. сустрэлі ў цэнтры Мюнхена каля 100 узбр. паліцэйскіх. Пасля кароткай перастрэлкі, у ходзе якой загінулі 16 нацыстаў і 3 паліцэйскія, путчысты разбегліся. Правал путчу стаў падставай для забароны Нацыянал-сацыялісцкай партыі (да 1925), арышту і зняволення за дзярж. здраду яго лідэраў. Але асвятленне гэтай падзеі ў друку прынесла Гітлеру і яго партыі агульнагерм. вядомасць. Няўдалая спроба путчу навяла Гітлера на думку, што ў далейшым нацысцкай партыі трэба дамагацца ўлады законнымі, парламенцкімі, а не гвалтоўнымі сродкамі.

Літ.:

Мазер В. Адольф Гитлер: Пер. с нем. Мн., 2000;

Тоталитаризм в Европе XX в.: Из истории идеологий, движений, режимов и их преодоления. М., 1996.

Н.​Г.​Клюева.

т. 12, с. 392

ПІ́ЎЧАНКА (Пётр Рыгоравіч) (н. 2.1.1947 г.п. Хоцімск, Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне анатоміі. Д-р мед. н. (1993), праф. (1994). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1974), працуе ў ім (з 1979 дэкан, у 1979—84 прарэктар). Навук. працы па структурна-функцыян. арганізацыі шэрага рэчыва спіннога мозга, уплыве рэнтгенаўскага выпрамянення на перыферычную нерв. сістэму, рэгенерацыі нерв. ствалоў, аднаўленні інервацыі ўнутр. органаў, эмбрыянальным развіцці і будове храмафіннай тканкі (парагангліяў), інфарм. аналізе. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.

Тв.:

Структура серого вещества спинного мозга человека и экспериментальных животных // Здравоохранение Беларуси. 1993. №10;

Закономерности регенерации подчревного нерва собаки при его трансплантации в стенку толстой кишки // Морфология: архив анатомии, гистологии и эмбриологии. 1997. Т. 111, №1.

т. 12, с. 392