Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПІК (франц. pic),

спічастая горная вяршыня (звычайна пірамідальнай або конусападобнай формы; таксама найвыш. пункт горнага хрыбта, масіву або асобнай вяршыні незалежна ад формы вяршыні.

Пік Кхумбутсе ў Гімалаях.

т. 12, с. 352

ПІК ((Pieck) Вільгельм) (3.1.1876, г. Губен, Германія — 7.9.1960),

германскі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1895 чл. С.-д. партыі Германіі (СДПГ). Адзін з заснавальнікаў «Спартака саюза» (1918) і Камуніст. партыі Германіі (КПГ; 1919), чл. ЦК КПГ. З 1921 дэп. ландтага Прусіі, у 1928—33 дэп. рэйхстага, у 1930—32 чл. прускага Дзярж. савета. Пасля прыходу да ўлады нацыстаў эмігрыраваў у Францыю (1933), потым у СССР, дзе з 1935 быў старшынёй КПГ у выгнанні. У 1928—43 чл. Выканкома Камуністычнага інтэрнацыянала. У 2-ю сусв. вайну адзін з заснавальнікаў (1943) і кіраўнікоў антыфаш. Нацыянальнага камітэта «Свабодная Германія». У 1945 вярнуўся ў Германію (сав. акупац. зона). У 1946—54 сустаршыня (разам з О.Гротэвалем) Сацыяліст. адзінай партыі Германіі (створана ў выніку аб’яднання ва Усх. Германіі КПГ і СДПГ). З 11.10.1949 першы прэзідэнт Герм. Дэмакр. Рэспублікі.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. статьи и речи. М., 1976.

т. 12, с. 352

ПІКА... (ад ісп. pico малая велічыня), дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў дольных адзінак, роўных 10​−12 зыходнай адзінкі фіз. велічыні. Пазначаецца п. Напр., 1 пм = 10​−12 м, 1 пФ = 10​−12 Ф.

т. 12, с. 352

ПІ́КА (польск. pika ад франц. pique),

дзіда, колючая халодная зброя, якая з часоў старажытнасці была на ўзбраенні пяхоты і кавалерыі; разнавіднасць доўгага кап’я. Складалася з трох- або чатырохграннага стальнога ляза (наканечніка) і дрэўка; даўж. 3,3 м (даўж. наканечніка 12 см) і маса 3—4 кг. У пяхоце выкарыстоўваліся да 2-й пал. 18 ст., у некат. кав. часцях большасці краін — да 1-й сусв. вайны, у шэрагу краін — да 1930-х г. У кавалерыі Чырв. Арміі П. была на ўзбраенні да 1931.

Да арт. Піка: 1 — еўрапейская, каля 1700; 2 — шылападобная чатырохгранная, Швейцарыя або Германія, 15 ст.; 3 — абардажная, Іспанія, 19 ст.

т. 12, с. 352

ПІ́КАВАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,

электрычная станцыя, усе агрэгаты якой або частка іх кароткі час працуюць толькі ў перыяд найб. (пікавай) нагрузкі ў энергасістэме. Пікавымі могуць служыць гідраэлектрычныя станцыі з вадасховішчамі, кандэнсацыйныя і газатурбінныя электрастанцыі, гідраакумулюючыя электрастанцыі і прыліўныя электрастанцыі. П.э. выраўноўваюць рэжым работы асн. электрастанцый, паляпшаюць энергазабеспячэнне спажыўцоў.

т. 12, с. 352

«ПІ́КАЛА-ТЭА́ТРА»

(Piccolo teatro),

італьянскі драм. тэатр; першы ў Італіі стацыянарны тэатр. Засн. ў 1947 у Мілане. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Дж.Стрэлер. Дзейнасць вызначаецца праграмным дэмакратызмам у спалучэнні з псіхалагічнай вытанчанасцю, высокай рэжысёрскай і акцёрскай культурай, працягам сцэнічных традыцый Б.​Брэхта. У рэпертуары п’есы М.​Горкага, А.​Чэхава, Брэхта, Мальера, У.​Шэкспіра, К.​Гальдоні, Л.​Пірандэла, Э.​Дэ Філіпа, П.​Марыво.

т. 12, с. 352

ПІКАЛІ́НЫ, монаметылпірыдзіны,

арганічныя гетэрацыклічныя злучэнні; гамолагі пірыдзіну, CH3C5H4N. Вядомыя 2-метыл- (α-П.), 3-метыл (β-П.) і 4-метылпірыдзін (γ-П.).

Бясколерныя вадкасці, tпл 128,8, 144 і 145,4 °C для α-, β-, γ-П. адпаведна. Добра раствараюцца ў вадзе, этаноле, дыэтылавым эфіры. Хім. ўласцівасцямі падобныя да пірыдзіну. Пры акісленні α-, β- і γ-П. утвараюцца к-ты: пікалінавая, нікацінавая і ізанікацінавая адпаведна. У прам-сці П. вылучаюць з каменнавугальнай смалы. Выкарыстоўваюць для атрымання лек. прэпаратаў (нікацінавай кіслаты, процітуберкулёзных сродкаў на аснове ізанікацінавай к-ты, напр., ізаніязіду, фтывазіду), пестыцыдаў, як растваральнікі, для дэнатуравання этанолу. Таксічныя: ГДК у паветры 5 мг/м³.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 12, с. 352

ПІКА́П (ад англ. pick up падымаць),

грузапасажырскі легкавы аўтамабіль з кузавам. Кузаў устаноўлены на шасі стандартнага легкавога аўтамабіля і бывае адкрытым або закрытым, з адкіднымі сядзеннямі і ўваходам ззаду. Грузападымальнасць да 0,5 т.

Пікап ФІАТ-Фіярына-Панарама.

т. 12, с. 353

ПІКА́Р ((Piccard) Агюст) (28.1.1884, г. Базель, Швейцарыя — 25.3.1962),

швейцарскі фізік і канструктар. Скончыў Федэральную політэхн. школу ў Цюрыху, дзе і працаваў (з 1917 праф.). У 1922—39 і 1946—47 праф. Політэхн. ін-та ў Бруселі. На стратастаце ўласнай канструкцыі дасягнуў выш. 16370 м (1932) з мэтай даследавання касм. прамянёў. Сканструяваў і выпрабаваў батыскаф (1948), апусціўся ў ім на глыб. 3160 м (1953).

Тв.:

Рус. пер. — На глубину морей в батискафе. Л., 1961.

Літ.:

Лятиль П. де, Ривуар Ж. С небес в пучины моря: Пер. с фр. Л., 1967.

т. 12, с. 353

ПІКА́Р ((Picard) Жан) (21.7.1620, г. Ла-Флеш, Францыя — 12 ліп., паводле інш. звестак 12.10.1682),

французскі астраном. Чл. Парыжскай АН (1666). З 1655 праф. Калеж дэ Франс. Упершыню выканаў дакладнае градуснае вымярэнне дугі мерыдыяна паміж Парыжам і Ам’енам метадам трыянгуляцыі, выкарыстаўшы вугламерныя прылады з падзорнымі трубамі (1669—70). Даныя П. аб памерах Зямлі выкарыстаў І.​Ньютан для пацвярджэння закону сусветнага прыцягнення і ўдакладнення формы Зямлі. Разам з Дж.Д.Касіні даў першае дакладнае вызначэнне паралакса Сонца. Заснаваў выданне першага астр. штогодніка (1679).

т. 12, с. 353