ПІ-І-МАРГА́ЛЬ ((Pí-y-Margall) Франсіска) (29.4.1824, г. Барселона, Іспанія — 29.11.1901),
іспанскі грамадска-паліт. дзеяч, гісторык, сацыяліст-утапіст. Юрыст. З 1850-х г. удзельнік рэсп. руху, адзін з лідэраў леварэсп. Дэмакр. партыі, ісп. рэвалюцыі 1854—56. З 1866 у эміграцыі ў Францыі. У час ісп. рэвалюцыі 1868—74 міністр унутр. спраў (з лют. 1873), прэзідэнт і прэм’ер-міністр (чэрв.—ліп. 1873) Ісп. рэспублікі. Яго ўрад прапанаваў праграму сац. рэформ у інтарэсах працоўных. Пасля аднаўлення манархіі (1874) ён неаднаразова быў выбраны дэпутатам картэсаў (парламента). У сваіх працах выступаў як прыхільнік дэмакр. рэвалюцыі з мэтай стварэння ўмоў для паступовай эмансіпацыі працоўных (ліквідацыя наёмнай працы, перадача зямлі сялянам і інш.). Аўтар гіст. твораў «Гісторыя жывапісу Іспаніі» і «Эцюды пра сярэднія вякі» (абодва 1851, за апошні адлучаны ад царквы).
т. 12, с. 351
ПІ-МЕЗО́НЫ, π-мезоны, піоны,
група самых лёгкіх нестабільных псеўдаскалярных элементарных часціц з моцнымі ўзаемадзеяннямі — адронаў. Утвараюць трыплет, які складаецца з 2 зараджаных (π+ — часціца і π− — антычасціца) і 1 нейтральнай (π0) часціц з нулявым спінам і масамі, прамежкавымі паміж масамі пратона і электрона (масы π+ і π− роўныя прыкладна 139,6 МэВ, π0 — 135 МэВ). Прадказаны Х.Юкавай (1935) для тлумачэння караткадзейнага характару і вялікай велічыні ядз. сіл; эксперыментальна π+ знойдзены ў касм. прамянях С.Ф.Паўэлам (1947), π− і π0 атрыманы ў лабараторных умовах (1948 і 1950 адпаведна).
З’яўляюцца звязанымі станамі пар кварк—антыкварк. маюць нулявы спін і адмоўную ўнутраную цотнасць, утвараюць ізатапічны трыплет (праекцыі ізатапічнага спіна +1, -1, 0) з амаль строга выраджанымі па масе спакою членамі. Удзельнічаюць ва ўзаемадзеяннях — моцным, эл.-магн., слабым і гравітацыйным. Іх распады абумоўлены электраслабым ўзаемадзеяннем (час жыцця π+ і π− роўны прыкладна 2,6 10−8 с, π0 — 0,9 10−16 с; спосабы распаду вызначаюцца іх квантавымі лікамі), а нараджэнне — моцным узаемадзеяннем паміж нуклонамі пры іх сутыкненнях. Складаюць значную частку касм. выпрамянення ў атмасферы Зямлі, штучна інтэнсіўныя пучкі піонаў атрымліваюць для прыкладных мэт, напр., для прамянёвай тэрапіі злаякасных пухлін. Павольныя зараджаныя П.-м. выкарыстоўваюць для вывучэння структуры рэчыва.
І.С.Сацункевіч.
т. 12, с. 360