ПІЕЛАНЕФРЫ́Т (ад грэч. pyelos лаханка + nephros нырка),
інфекцыйна-запаленчае захворванне лаханкі і парэнхімы ныркі з пераважным пашкоджаннем яе прамежкавай тканкі. Узбуджальнікі П. — стрэптакокі, стафілакокі, сінягнойная палачка і інш. Развіваецца як самаст. захворванне або на фоне хвароб мочапалавой сістэмы (напр., мочакамянёвая хвароба), як ускладненне пасля грыпу, запалення лёгкіх і інш. Бывае ў цяжарных жанчын. Адрозніваюць П. востры і хранічны. Прыкметы вострага: дрыжыкі, т-ра цела да 40 °C, моташнасць, ірвота, боль у паясніцы, мышцах, лейкацыты ў мачы. Пры хранічным П. — слабасць, хуткая стамляльнасць, ацёчнасць твару, расстройствы мочаспускання, у мачы лейкацыты і бактэрыі; бывае нырачная недастатковасць. Лячэнне тэрапеўт. і хірургічнае.
т. 12, с. 349
ПІЕТЫ́ЗМ (ад лац. pietas набожнасць),
містычная плынь, якая ставіла рэліг. пачуцці вышэй за рэліг. догматы; супрацьлеглая артадаксальнаму пратэстантызму. Узнік у канцы 17—18 ст. ў Германіі. Яго заснавальнік ням. тэолаг Ф.Шпенер абвяргаў царк. абраднасць, падкрэсліваў неабходнасць для вернікаў асабістага перажывання Бога, якое дазваляе зацвердзіць высокамаральныя прынцыпы жыцця і атрымаць «боскую ласку». Прыхільнікі П. абвяшчалі грахоўнымі тэатр, танцы, песні, забавы, насаджалі веру ў цуды, фанатызм, містыку, выступалі супраць навукі, розуму, прагрэсу, праследавалі вучоных і філосафаў. У 18 ст. іх ідэі былі выкарыстаны ў барацьбе супраць ідэй Асветніцтва. У шырокім сэнсе П. — рэліг.-містычны настрой, паводзіны.
т. 12, с. 350