ПІЕЛАНЕФРЫ́Т (ад грэч. pyelos лаханка + nephros нырка),

інфекцыйна-запаленчае захворванне лаханкі і парэнхімы ныркі з пераважным пашкоджаннем яе прамежкавай тканкі. Узбуджальнікі П. — стрэптакокі, стафілакокі, сінягнойная палачка і інш. Развіваецца як самаст. захворванне або на фоне хвароб мочапалавой сістэмы (напр., мочакамянёвая хвароба), як ускладненне пасля грыпу, запалення лёгкіх і інш. Бывае ў цяжарных жанчын. Адрозніваюць П. востры і хранічны. Прыкметы вострага: дрыжыкі, т-ра цела да 40 °C, моташнасць, ірвота, боль у паясніцы, мышцах, лейкацыты ў мачы. Пры хранічным П. — слабасць, хуткая стамляльнасць, ацёчнасць твару, расстройствы мочаспускання, у мачы лейкацыты і бактэрыі; бывае нырачная недастатковасць. Лячэнне тэрапеўт. і хірургічнае.

т. 12, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)