ПІШЧУ́ХАВЫЯ, пішчухі,

сенастаўкі (Ochotonidae, або Lagomyidae),

сямейства млекакормячых атр. зайцападобных. 1 род (Ochotona), 20 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Еўропе, Азіі, на ПдЗ Паўн. Амерыкі. Жывуць пераважна калоніямі ў норах на адкрытых мясцінах раўнін і высакагор’я. На Беларусі жылі ў познім антрапагене. Знаходкі вядомы з перыгляцыяльных адкладаў каля вёсак Койтава Віцебскага і Пашына Аршанскага р-наў і каля г. Гродна. Некат. віды — носьбіты ўзбуджальніка чумы.

Даўж. да 28 см, маса да 240 г. Вушы круглыя, кароткія. Вібрысы доўгія. Хвост вельмі кароткі. Афарбоўка бура-карычневых адценняў. Моцна свішчуць і пішчаць (адсюль назва). Расліннаедныя. На зіму назапашваюць сухую траву (адсюль другая назва). Нараджаюць да 7 дзіцянят 2—3 разы за год.

Э.​Р.​Самусенка.

Да арт. Пішчухавыя. Пішчухі: 1 — велікавухая; 2 — алтайская; 3 — паўночная; 4 — стэпавая, або малая.

т. 12, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)