ПІШЧА́ЛЬ,

старажытнаруская назва ружжа і артыл. гарматы канца 14—17 ст.

Знаходзілася на ўзбраенні армій, апалчэнцаў, казакоў і інш. у Расіі, ВКЛ. Выкарыстоўвалася для абароны крэпасцей, пазней у палявым баі. Ручныя П. (ручніцы) былі аднаствольныя і мнагаствольныя (насілі за плячом на рамяні). П.-гарматы падзяляліся на крапасныя, аблогавыя (сценабітныя), палкавыя, палявыя; вырабляліся з жалеза, медзі (бронзы) і чыгуну. Снарады — каменная карцеч, кавалкі жалеза, ядры (маса да 30 кг). Калібр П. — 30—250 мм. Кнотавыя і крамянёвыя П. выкарыстоўваліся да 18 ст.

Пішчалі: 1 — аблогавая на дэкаратыўным лафеце (16 ст.); 2 — «завесная» (насілі за плячом на рэмені) з кнотавым замком (канец 16 ст.).

т. 12, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)