Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АПАТЭ́ЦЫЙ

(ад грэч. apothēkion сховішча),

адкрытае пладовае цела некаторых сумчатых грыбоў (дыскаміцэтаў) і дыскаміцэтных лішайнікаў. Звычайна мае сподка-, чаша-, дыскападобную і інш. формы, зрэдку мае выгляд шапачкі на ножцы (напр., у смаржкоў). Верхні гіменіяльны слой (гіменій) афарбаваны ў розныя колеры і складаецца з парафізаў, сярод якіх знаходзяцца сумкі са спорамі. Гіменій звычайна падсцілае тонкі слой пераплеценых гіфаў (субгіменій, або гіпатэцый). У лішайнікаў у апатэцый часта ўключаецца ганідыяльны слой водарасцяў. Асаблівасці будовы і колеру апатэцыю — важная сістэматычная прыкмета для вызначэння таксонаў у мікалогіі.

т. 1, с. 419

АПАФЕГМА́ТЫ

(ад грэч. apophthegma кароткае выказванне, выслоўе),

старажытныя зборнікі свецкай апавядальнай літаратуры, у якіх змяшчаліся выказванні ці павучальныя гісторыі з жыцця пісьменнікаў, філосафаў і інш. вядомых людзей. Узніклі ў Стараж. Грэцыі (Плутарх). У эпоху Адраджэння пашырыліся ў Зах. Еўропе (Ф.Петрарка, Дж.Бакачыо), трапілі ў Польшчу (М.Рэй), а праз яе і на ўсх.-слав. землі. Далейшае развіццё апафегматаў прывяло да ўзнікнення зборнікаў фрашак, баек, эпіграм. На Беларусі вядомы з канца 16 — пач. 17 ст. Іх выкарыстоўвалі ў палемічных творах А.Мужылоўскі, І.Пацей, Хрыстафор Філалет. Найб. вядомыя і папулярныя былі «Апафегматы» (1599) Б.Буднага, пераклады якіх распаўсюджваліся ў рукапісах у Расіі і неаднаразова выдаваліся ў 18 ст. Кнігу дыдактычных двухрадкоўяў «Апафегматы» выдаў у 1854 І.Легатовіч.

У.Г.Кароткі.

т. 1, с. 420

АПАФЕ́МА правільнага многавугольніка, адрэзак перпендыкуляра, апушчанага з цэнтра правільнага многавугольніка на любую з яго старон. Апафема правільнага n-вугольніка роўная радыусу rn упісанай у яго акружнасці і звязана з яго стараной an і плошчай Sn суадносінамі: an = 2rn tg πn , Sn = nrn2 tg πn . Апафема правільнай піраміды — вышыня яе бакавой грані.

т. 1, с. 420

АПАФЕО́З

(ад грэч. apotheōsis абагаўленне),

1) услаўленне, узвелічэнне падзеі, з’явы, асобы; урачыстае завяршэнне падзеі. У стараж. егіпцян, потым у грэкаў і рымлян — абагаўленне правіцеляў за іх асаблівыя заслугі. Апафеоз, які з цягам часу трансфармаваўся ў культ правіцеляў, браў пачатак у стараж. блізкаўсх. традыцыі прылічэння цароў да багоў або сыноў божых. Матывамі ўслаўлення духоўнай велічы народа, чалавека, выдатных гіст. ці грамадскіх падзей прасякнуты многія творы сусветнай л-ры і мастацтва, у т. л. бел. пісьменнікаў, паэтаў і дзеячаў культуры.

2) Заключная ўрачыстая масавая сцэна святочнай канцэртнай праграмы, спектакля, поўная асаблівага ўздыму, велічы. Напр., усхвалявана, урачыста гучыць заключная сцэна драмы Я.Купалы «Раскіданае гняздо», калі героі, ахопленыя духоўным парывам і высакароднай мэтай, ідуць на Вялікі сход, па Бацькаўшчыну. Апафеоз можа быць таксама самаст. часткай паказу свята, шэсця (звычайна без тэксту) з выкарыстаннем выразных вобразаў, сюжэтаў, дэкарацыйнага афармлення, касцюмаў, бутафорыі.

т. 1, с. 420

АПАФЕРМЕ́НТ

(ад апа... + фермент),

апаэнзім, бялковая частка складаных (двух- і шматкампанентных) ферментаў. Вызначае выбіральныя дзеянні ферменту ў адносінах да субстрату і магчымасць рэгулявання яго актыўнасці. Для выяўлення каталітычнай актыўнасці апаферменту неабходная наяўнасць небялковага кампанента — кафактару (каферменту).

т. 1, с. 420

АПАФІЛІ́Т

(ад апа... + грэч. phyllon ліст),

пародаўтваральны мінерал падкласа слаістых сілікатаў KCa4[Si4O10]2F·8H2O. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Таблітчастыя, прызматычныя крышталі або зярністыя, ліставатыя і інш. агрэгаты, шчыльныя масы. Бясколерны, белы, бледна-жоўты, ружовы ці зялёны. Празрысты. Бляск шкляны да перламутравага. Цв. 4,5—5. Шчыльн. 2,3—2,4 г/см³. Гідратэрмальны мінерал. Трапляецца ў міндалінах і друзах у базальтах, пустотах і трэшчынах у гранітах, вапняках, скарнах і інш.

т. 1, с. 420

АПАФІ́ТЫ

[ад апа... + ...фіт(ы)],

абарыгенныя расліны, якія з прыродных лясных, лугавых, балотных і інш. згуртаванняў перайшлі на тэрыторыі, звязаныя з гасп. дзейнасцю чалавека (палі, падвор’і, месцы здабычы карысных выкапняў і інш.). У новых месцах апафіты — пустазелле. На Беларусі да апафітаў належаць блюшчык плюшчападобны, крапіва двухдомная, купкоўка зборная, снітка звычайная, чальчак вербалісты і інш.

т. 1, с. 420

АПАХРАМА́Т [ад апа... + грэч. chrōma

(chrōmatos) колер),

складаны аб’ектыў са значна зменшанай храматычнай аберацыяй аптычнай сістэмы. Складаецца са спец. падабраных лінзаў і люстэркаў. Выкарыстоўваецца ў каляровай фатаграфіі, кінематаграфіі, паліграфіі і тэлебачанні.

т. 1, с. 420

Апацкі Уладзімір Мікалаевіч

т. 18, кн. 1, с. 335

АПА́ЧЫ, дэне,

племя паўночнаамерыканскіх індзейцаў. Разам з племем наваха складаюць паўд. групу атапаскаў. У мінулым апачы — качавыя паляўнічыя. Жывуць у рэзервацыях штатаў Арызона, Новая Мексіка і Аклахома ў ЗША. Колькасць 21 тыс. чал. (без наваха, 1987). Паводле рэлігіі хрысціяне.

т. 1, с. 420