Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АПАПЛЕКСІ́Я

(ад грэч. apoplēssō разбіваць ударам),

кровазліццё, што хутка развіваецца, у які-небудзь орган, напр. мозг (гл. Інсульт).

т. 1, с. 418

АПАРА́Т

(ад лац. apparatus абсталяванне),

1) прылада, тэхн. ўстройства, прыстасаванне.

2) Сукупнасць дзярж. устаноў, арг-цый, якія абслугоўваюць якую-н. галіну кіраўніцтва, гаспадаркі і інш. 3) Наменклатурныя супрацоўнікі вышэйшых органаў кіравання.

4) Заўвагі, паказальнікі і інш. дапаможны матэрыял да навук. працы, выдання.

5) Сукупнасць органаў чалавека, жывёл або раслін, якія выконваюць якую-н. функцыю ў арганізме, напр. стрававальны апарат, дыхальны апарат.

т. 1, с. 418

АПАРО́ВІЧ Андрэй Фёдаравіч

(н. 28.2.1922, в. Пліса Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне радыёэлектронікі. Д-р тэхн. н. (1965), праф. (1966). Скончыў Ленінградскую ваенна-паветраную інж. акадэмію (1952). Працаваў у Харкаўскім вышэйшым ваен. вучылішчы (1956—1973), з 1975 — у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па статыстычнай тэорыі эл.-магн. сумяшчальнасці радыёсродкаў і канструяванні прылад для кантролю выбіральных уласцівасцяў радыёпрыёмнікаў.

Тв.:

Статистическая теория электромагнитной совместимости радиоэлектронных средств. Мн., 1984;

Проектирование радиотехнических систем. Мн., 1988.

т. 1, с. 418

АПАРТАМЕ́НТЫ

(ад франц. appartement кватэра),

група жылых і дапаможных пакояў, вылучаных у адзін комплекс для пражывання пэўнай асобы; уключалі прыхожую, спальню, гардэроб, кабінет або будуар, парадную залу і інш. Пашыраны з 16 ст. ў палацах Італіі і Францыі. На Беларусі апартаменты былі ў магнацкіх рэзідэнцыях 17—18 ст. У 19 — пач. 20 ст. апартаменты ствараліся ў дамах секцыйнага і блакіраванага тыпаў. У наш час апартаментамі называюць і вял. багатае памяшканне.

т. 1, с. 418

АПАРТУНІ́ЗМ

(франц. opportunisme ад лац. opportunus зручны),

1) адносіны асобы з грамадствам і дзяржавай, характэрнымі асаблівасцямі якіх з’яўляюцца прыстасаванне і згода. У сав. гіст. навуцы тэрмінам «апартунізм» пазначалася ідэалогія «прыстасавальніцтва, згодніцтва», якая адлюстроўвала вузкакласавы дагматычны стыль мыслення.

2) У паліт. жыцці, рабочым і прафс. руху палітыка вырашэння праблем не праз антаганізмы, напружанасць і рэвалюцыю, а метадамі плаўнага пераходу грамадства з аднаго стану ў іншы. Такую канцэпцыю (заснавальнікі Э.Бернштэйн, К.Кауцкі, Л.Мартаў) крытыкавалі У.І.Ленін і наступныя пакаленні камуністаў. У 1950—80-я г. ўнутры камуніст. руху развіта ў працах М.Джыласа, М.Нара, О.Шыка, Р.Гародзі, С.Карыльё. Гэтай канцэпцыі ў пэўнай ступені прытрымлівалася частка кіраўніцтва б. СССР на чале з М.С.Гарбачовым. Яе прыхільнікамі ў краінах Зах. Еўропы з’яўляюцца с.-д. і сацыяліст. партыі, якія ўваходзяць у Сацыялістычны Інтэрнацыянал. Гіст. практыка развіцця краін пацвердзіла жыццяздольнасць палітыкі апартунізму і яе ролю ў трансфармацыі грамадска-эканам. Адносін.

А.А.Чалядзінкі.

т. 1, с. 418

АПАРТЭІ́Д, апартхейд (на мове афрыкаанс apartheid раздзельнае пражыванне),

грамадска-палітычная дактрына, якая абгрунтоўвала і заканадаўча замацоўвала палітыку расавай дыскрымінацыі і сегрэгацыі, што праводзілася расісцкімі ўладамі Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі (ПАР) у дачыненні да карэннага афр. насельніцтва і інш. этнічных груп нееўрапейскага ці мяшанага паходжання. Як афіц. дзярж. палітыка абвешчана ў 1948 урадам кіруючай Нацыяналіст. партыі. Абазначаў пазбаўленне чорнай і «каляровай» большасці насельніцтва ПАР паліт., сац.-эканам. і грамадзянскіх правоў, яе тэр. адасабленне і ізаляцыю (гл. Бантустаны). Як адна з крайніх формаў расізму апартэід у 1966 у шэрагу дакументаў ААН асуджаны і абвешчаны злачынствам супраць чалавецтва. У 1973 ААН прыняла Міжнар. канвенцыю аб спыненні апартэіду і пакаранні за яго (уступіла ў дзеянне ў 1976). Барацьба карэннага насельніцтва і міжнар. супольніцтва супраць апартэіду прымусіла ўлады ПАР з 1976 мадыфікаваць палітыку апартэіду, адмовіцца ад шэрагу яго асноватворных палажэнняў, расавай дыскрымінацыі і сегрэгацыі. Астатнія палажэнні апартэіду ліквідаваны на пач. 1990-х г. урадам Ф. дэ Клерка.

т. 1, с. 418

АПА́РЫН Аляксандр Іванавіч

(2.3.1894, г. Угліч, Расія — 21.4.1980),

савецкі вучоны-біяхімік, грамадскі дзеяч. Акад. АН СССР (1946, чл.-кар. 1939), ганаровы чл. акадэмій навук Балгарыі, ГДР, Кубы, Іспаніі, Італіі. Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Маскоўскі ун-т (1917). З 1929 праф. гэтага ун-та. У 1935 з А.М.Бахам арганізаваў Ін-т біяхіміі АН СССР, з 1946 яго дырэктар. Навук. працы па біяхіміі раслін, праблеме ўзнікнення жыцця на Зямлі. Заснавальнік эвалюцыйнай біяхіміі, вучэння пра хім. эвалюцыю дабіялагічнага перыяду развіцця жыцця. Ленінская прэмія 1974. Залатыя медалі імя І.І.Мечнікава (1960) і М.В.Ламаносава (1979).

Тв.:

Возникновение жизни на Земле. 3 изд. М., 1957;

Жизнь, ее природа, происхождение и развитие. 2 изд. М., 1968.

т. 1, с. 418

АПАРЫ́Я

(грэч. aporia літар. бязвыхаднасць),

тэрмін, які абазначае цяжкавырашальную праблему, звычайна звязаную з супярэчнасцю паміж данымі вопыту і мысленным аналізам. Упершыню апарыі выкарыстаны ў стараж.-грэч. філасофіі. Найб. вядомыя апарыі Зянона з Элеі (выяўлялі супярэчнасці ў паняццях неперарыўнасці руху, часу і прасторы), Сакрата, Платона, Арыстоцеля і скептыкаў.

т. 1, с. 418

АПАРЭ́ЛЬ

(ад франц. appareil уезд),

1) пакаты спуск у акопах і ўкрыццях для ўезду (выезду) ваен. тэхнікі. У крэпасцях апарэль рабілі для ўсцягвання гармат на ўзвышшы.

2) Пакаты насып (часам рухомая платформа) для пагрузкі тэхнікі (жывёлы) на чыг. транспарт або пераправачныя сродкі.

3) Прыстасаванне ў насавой частцы карабля для сходу асабовага складу і ваен. тэхнікі на бераг.

4) Нахіленая пліта для ўезду (праезду) да ўзвышаных будынкаў і інш. (гл. таксама Пандус).

т. 1, с. 418

АПАСПАРЫ́Я

(ад апа... + спора),

развіццё гаметафіта ў некаторых вышэйшых раслін з вегетатыўнай клеткі спарафіта без утварэння спораў (гаплоіднай фазы развіцця). Напр., зарастка папараці з тканкі або ножкі спарангія; развіццё зародкавага мяшка ў пакрытанасенных з клетак семязавязі (нуцэлуса і інш.) без рэдукцыйнага дзялення (меёзу). Звычайна спалучаецца з рознымі формамі апаміксісу або з палавым працэсам.

т. 1, с. 418