АПАРТЭІ́Д,

апартхейд (на мове афрыкаанс apartheid раздзельнае пражыванне), грамадска-палітычная дактрына, якая абгрунтоўвала і заканадаўча замацоўвала палітыку расавай дыскрымінацыі і сегрэгацыі, што праводзілася расісцкімі ўладамі Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі (ПАР) у дачыненні да карэннага афр. насельніцтва і інш. этнічных груп нееўрапейскага ці мяшанага паходжання. Як афіц. дзярж. палітыка абвешчана ў 1948 урадам кіруючай Нацыяналіст. партыі. Абазначаў пазбаўленне чорнай і «каляровай» большасці насельніцтва ПАР паліт., сац.-эканам. і грамадзянскіх правоў, яе тэр. адасабленне і ізаляцыю (гл. Бантустаны). Як адна з крайніх формаў расізму апартэід у 1966 у шэрагу дакументаў ААН асуджаны і абвешчаны злачынствам супраць чалавецтва. У 1973 ААН прыняла Міжнар. канвенцыю аб спыненні апартэіду і пакаранні за яго (уступіла ў дзеянне ў 1976). Барацьба карэннага насельніцтва і міжнар. супольніцтва супраць апартэіду прымусіла ўлады ПАР з 1976 мадыфікаваць палітыку апартэіду, адмовіцца ад шэрагу яго асноватворных палажэнняў, расавай дыскрымінацыі і сегрэгацыі. Астатнія палажэнні апартэіду ліквідаваны на пач. 1990-х г. урадам Ф. дэ Клерка.

т. 1, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)