АПАРТУНІ́ЗМ

(франц. opportunisme ад лац. opportunus зручны),

1) адносіны асобы з грамадствам і дзяржавай, характэрнымі асаблівасцямі якіх з’яўляюцца прыстасаванне і згода. У сав. гіст. навуцы тэрмінам «апартунізм» пазначалася ідэалогія «прыстасавальніцтва, згодніцтва», якая адлюстроўвала вузкакласавы дагматычны стыль мыслення.

2) У паліт. жыцці, рабочым і прафс. руху палітыка вырашэння праблем не праз антаганізмы, напружанасць і рэвалюцыю, а метадамі плаўнага пераходу грамадства з аднаго стану ў іншы. Такую канцэпцыю (заснавальнікі Э.Бернштэйн, К.Кауцкі, Л.Мартаў) крытыкавалі У.І.Ленін і наступныя пакаленні камуністаў. У 1950—80-я г. ўнутры камуніст. руху развіта ў працах М.Джыласа, М.Нара, О.Шыка, Р.Гародзі, С.Карыльё. Гэтай канцэпцыі ў пэўнай ступені прытрымлівалася частка кіраўніцтва б. СССР на чале з М.С.Гарбачовым. Яе прыхільнікамі ў краінах Зах. Еўропы з’яўляюцца с.-д. і сацыяліст. партыі, якія ўваходзяць у Сацыялістычны Інтэрнацыянал. Гіст. практыка развіцця краін пацвердзіла жыццяздольнасць палітыкі апартунізму і яе ролю ў трансфармацыі грамадска-эканам. Адносін.

А.А.Чалядзінкі.

т. 1, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)