Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АПАЛУ́ШКІ,

паланкі, невялікія начоўкі для ачысткі (правейвання) зерня ў хатніх умовах на Беларусі.

т. 1, с. 417

АПАЛЧЭ́ННЕ,

1) часовае ваеннае фарміраванне (пераважна добраахвотнае) з цывільнага насельніцтва для адпору ворагу ў надзвычайных умовах. Вядома са старажытнасці. Пры феадалізме універсальная сістэма агульнай мабілізацыі доўгі час масавае народнае апалчэнне было асн. спосабам разгортвання войска, ядро якога складала княжацкая (каралеўская, ханская) дружына. Апалчэннем наз. таксама сярэдневяковыя ваен. фарміраванні міліцыйнага тыпу (рыцарскае, дваранскае, гарадское апалчэнне). У Расіі вядомы масавыя апалчэнні ў 1611—12, 1812, 1855—56. Вял. ролю адыграла Народнае апалчэнне ў Вял. Айч. вайне 1941—45.

На тэр. Беларусі апалчэнне наз. пагоняй. У 13—14 ст. адыгрывала важнейшую ролю ў абароне краіны. У сталым сярэднявеччы масавую мабілізацыю сялян замяніла феад. апалчэнне (ахоплівала ўсіх землеўладальнікаў). Велічыня зямельнага надзелу вызначала памер вайсковай павіннасці (земскай службы). Ухвалу (пастанову) аб скліканні ўсеагульнага апалчэння мог прыняць толькі вальны сойм. Войскі апалчэння мелі ўласную вял. харугву. Кіраваў апалчэннем найвышэйшы, з 17 ст. вял. гетман літоўскі. Нярэдка камандаванне прымаў кароль і вял. князь ВКЛ. Апалчэнне з тэр. ўсёй дзяржавы склікалася ў 1528, 1567, 1654 і інш. гады. З 17 ст. эфектыўнасць такой формы арганізацыі войска знізілася, але інстытут апалчэння існаваў да канца 18 ст.

2) Дзярж. апалчэнне — частка ўзбр. сіл Расійскай імперыі ў 1874—1917 (прызначалася для папаўнення дзеючай арміі і дапаможнай службы ў ваен. час). Аналагічная катэгорыя ваеннаабавязаных у Венгрыі наз. гонвед, у Аўстра-Венгрыі і Германіі — ландвер і ландштурм.

т. 1, с. 417

АПАМІ́КСІС

(ад апа... + грэч. mixis змяшэнне),

спосаб бясполага размнажэння раслін і жывёл; утварэнне зародка без апладнення. Бывае пастаянны, спадчынны, або выпадковы, няспадчынны. Яго можна выклікаць эксперыментальна — фіз.-хім. ўздзеяннямі (індуцыраваны апаміксіс). Пры апаміксісе зародак можа ўтварацца з неаплодненай яйцаклеткі (партэнагенез), з клетак зарастка або зародкавага мяшка (апагамія), з клетак спарафіта (апаспарыя), з саматычных клетак семязавязі — нуцэлуса, інтэгументаў (адвентыўная эмбрыянія). Апаміксіс ў форме партэнагенезу вядомы ў чарвей, насякомых, рыб, паўзуноў. Розныя формы апаміксісу выяўлены амаль ва ўсіх групах расліннага свету. Выкарыстоўваюць у селекцыі, напр. для спадчыннага замацавання гетэрозісу.

т. 1, с. 417

АПАНАСЕ́ВІЧ Павел Андрэевіч

(н. 14.7.1929, в. Стараселле Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. фізік. Акад. (1984, чл.-кар. 1980) АН Беларусі. Засл. дз. нав. Беларусі (1955). Д-р фіз.-матэм. н. (1974), праф. (1977). Скончыў БДУ (1954). З 1955 у Ін-це фізікі АН Беларусі (з 1987 дырэктар). Навук. працы па оптыцы і лазернай фізіцы. Развіў тэорыю ўздзеяння магутнага выпрамянення на спектральна-аптычныя характарыстыкі атамаў і малекул, устанавіў шэраг заканамернасцяў узаемадзеяння патокаў святла ў розных асяроддзях, генерацыі звышкароткіх светлавых імпульсаў, вымушанага камбінацыйнага рассеяння. Распрацаваў шэраг метадаў нелінейнай спектраскапіі і кіравання параметрамі лазерных патокаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1978. Дзярж. прэмія СССР 1982.

Тв.:

Таблицы распределения энергии и фотонов в спектре равновесного излучения. Мн., 1961 (разам з В.С.Айзенштатам);

Основы теории взаимодействия света с веществами. Мн., 1977.

т. 1, с. 417

АПАНА́СЕНКА Аляксандр Рыгоравіч

(н. 23.11.1911, Кіеў),

украінскі і бел. балетмайстар. Засл. арт. Украіны (1951), засл. дз. маст. Беларусі (1961). Вучыўся ў балетных студыях у Кіеве. У 1928—59 і з 1971 працаваў на Украіне (саліст балета, балетмайстар). У 1959—71 маст. кіраўнік і гал. балетмайстар Дзяржаўнага ансамбля танца Рэспублікі Беларусь. На аснове перапрацоўкі нац. харэаграфічных традыцый стварыў сцэнічныя варыянты бел. танцаў «Лянок», «Бычкі», «Лявоніха», «Мяцеліца». Найб. значныя пастаноўкі: аднаактовы харэаграфічны спектакль «Беларуская партызанская», «Беларуская сюіта», «Беларуская рапсодыя», «Маладзёжная сюіта» і інш.

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский сценический танец. Мн., 1969. С. 86—94.

т. 1, с. 417

АПАНА́СЕНКА Марыя Акімаўна

(н. 16.3.1926, г. Днепрапятроўск),

бел. танцоўшчыца. Засл. арт. Беларусі (1964). З 1945 працавала ў розных маст. калектывах Украіны, у 1959—68 салістка Дзярж. ансамбля танца БССР. Выконвала адказныя сола ў пастаноўках калектыву «Беларуская рапсодыя», «Беларуская сюіта», «Лявоніха», «Мяцеліца», «Чардаш» і інш.

т. 1, с. 417

Апанасовіч Уладзімір Уладзіміравіч

т. 18, кн. 1, с. 335

АПАНЕ́НТ

[ад лац. opponens (opponentis) які пярэчыць],

1) праціўнік у спрэчцы, дыскусіі.

2) Асоба, якой даручана публічная ацэнка дысертацыі, даклада, напр. афіц. апанент.

т. 1, с. 417

АПАНЕЎРО́З

(ад апа... + неўроз),

злучальнатканкавая пласціна са шчыльных, б.ч. размешчаных паралельна калагенавых і эластычных валокнаў, з дапамогай якой фіксуюцца мышцы. Прымацоўвае шырокія мышцы да касцей або да інш. тканак цела і абмяжоўвае іх. Напр., далонны апанеўроз абмяжоўвае рухомасць згінальнікаў пальцаў, апанеўроз вонкавай косай мышцы жывата — рухомасць сценкі брушной поласці і інш.

т. 1, с. 418

АПА́НСКІ Іосіф Казіміравіч

(парт. псеўд. Краўчынскі, Міхайлаў; 18.7.1897, в. Сталярышкі Анікшчайскага р-на, Літва — 7.6.1927),

савецкі дзярж. дзеяч. У 1919 чл. ЦВК Літ.-Бел. ССР, Віленскага гаркома КП(б)ЛіБ, рэўтрыбунала, старшыня Мазырскага пав. рэўкома. З 1920 нам. нач. асобага аддзела 16-й арміі. З 1922 у ЧК Петраградскай ваен. акругі і Самары. У 1923 нач. Вышэйшай паграншколы ў Маскве, ст. пам. гал. інспектара войскаў Аб’яднанага дзярж. паліт. ўпраўлення (АДПУ). З 1924 нам. паўнамоцнага прадстаўніка АДПУ па Бел. ваен. акрузе і адначасова з 1926 нач. Бел. аддзялення Гал. таможнага ўпраўлення СССР. Удзельнічаў у ліквідацыі эсэраўскага падполля на Беларусі, у стварэнні сістэмы паліт. нагляду, падрыхтоўцы абвінавачванняў у «нацдэмаўшчыне» прадстаўнікоў бел. інтэлігенцыі. Канд. у чл. ЦК КП(б)Б і чл. ЦВК БССР у 1925—27. Загінуў пры выкананні службовых абавязкаў.

т. 1, с. 418