АПАМІ́КСІС

(ад апа... + грэч. mixis змяшэнне),

спосаб бясполага размнажэння раслін і жывёл; утварэнне зародка без апладнення. Бывае пастаянны, спадчынны, або выпадковы, няспадчынны. Яго можна выклікаць эксперыментальна — фіз.-хім. ўздзеяннямі (індуцыраваны апаміксіс). Пры апаміксісе зародак можа ўтварацца з неаплодненай яйцаклеткі (партэнагенез), з клетак зарастка або зародкавага мяшка (апагамія), з клетак спарафіта (апаспарыя), з саматычных клетак семязавязі — нуцэлуса, інтэгументаў (адвентыўная эмбрыянія). Апаміксіс ў форме партэнагенезу вядомы ў чарвей, насякомых, рыб, паўзуноў. Розныя формы апаміксіса выяўлены амаль ва ўсіх групах расліннага свету. Выкарыстоўваюць у селекцыі, напр. для спадчыннага замацавання гетэрозісу.

т. 1, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)