Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МІ́НСКІ ПЕДАГАГІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т,

гл. Беларускі педагагічны універсітэт.

т. 10, с. 448

МІ́НСКІ ПЕДАГАГІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ.

Засн. ў 1983 у Мінску як Мінскае пед. вучылішча № 2. З 1993 сучасная назва. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): выкладанне ў пач. класах; пазакласная і пазашкольная выхаваўчая работа (для навучэнцаў з недахопамі слыху); выкладанне бел. мовы і л-ры ў базавай школе, выкладанне замежнай мовы (ням. і англ.) у базавай школе. Прымаюцца асобы з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.

т. 10, с. 448

МІ́НСКІ ПЕДАГАГІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ імя М.Танка.

Засн. ў 1998 у Мінску на базе Мінскага пед. вучылішча № 1 (1982). З 1995 імя М.Танка. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): дашкольнае выхаванне; муз. выхаванне; выкладанне бел. мовы і л-ры; пазакласная і пазашкольная выхаваўчая работа. Прымаюцца асобы з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 10, с. 448

«МІ́НСКІ ПЕРАВА́Л»,

аб’яднанне рускіх пісьменнікаў і паэтаў у Мінску ў 1927—28. Утварэнне абвешчана лістом ад 1.4.1927 групы пісьменнікаў

[М.Залётны, Р.Бунтар, Р.Лахматы (Кобец), І.Нікіфараў, А.Казлас, С.Гуськоў],

якія выйшлі са «Звенняў» і сталі арыентавацца на літ. групу рабочых і сялянскіх пісьменнікаў «Перавал». Наладжваў літ. вечары, чытанні і абмеркаванні твораў сваіх членаў, выдаў зб. вершаў Бунтара. Залётнага і Нікіфарава «Самае роднае» (1927). Шырокай дзейнасці не разгарнуў, яго члены ўліліся ў рус. секцыю БелАПП.

К.Р.Хромчанка.

т. 10, с. 448

МІ́НСКІ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКІ МАНАСТЬІР,

праваслаўны мужчынскі манастыр у Мінску ў 17—18 ст. Засн. ў адказ на захоп мінскіх правасл. цэркваў і манастыроў уніяцкім духавенствам на пляцы, ахвяраваным у 1611 Аўдоццяй Статкевіч. У 1613 узведзены манастырскі комплекс. Спачатку ўсе будынкі былі, відаць, драўляныя. Царква, што захавалася, была, хутчэй за ўсё, пабудавана ў канцы 1620-х г. У 1793—95 яна адрамантавана на сродкі, ахвяраваныя рас. імператрыцай Кацярынай II і пасля капітальнага рамонту была перайменавана ў царкву св. Кацярыны. У 1795 манастыр скасаваны, царква стала гар. саборам, у 1870—71 грунтоўна перабудавана. У канцы 1940-х г. будынак царквы прыстасаваны пад жыллё, потым — пад Архіў навук.-тэхн. дакументацыі БССР і Архіў-музей літаратуры і мастацтва БССР. З 1997 царква зноў дзейнічае, рамонт інтэр’ера працягваецца.

Літ.:

Боровой Р.В. Обзор истории Минского Петропавловского монастыря в XVII—XVIII вв. // Христианизация Руси и белорусская культура. Мн., 1988.

Р.В.Баравы.

т. 10, с. 449

МІ́НСКІ ПІВАВА́РНЫ ЗАВО́Д «АЛІВА́РЫЯ».

Засн. ў 1864 у Мінску. У 1894 пабудаваны мураваны будынак, у якім з-д працуе да цяперашняга часу (помнік прамысл. архітэктуры 19 ст.) Належаў у розныя гады Р.Фрумкінай, графу Чапскаму, братам Лекертам. У 1917 з-д нацыяналізаваны. У Вял. Айч. вайну працаваў. Пасля вайны пераабсталяваны, атрымаў назву піўзавод «Беларусь». У 1976—92 у ВА «Мінскпіўпрам». З 1994 адкрытае акц. т-ва «Піўзавод Аліварыя». На 1.1.1999 вырабляе 16 гатункаў піва (1927 тыс. дэкалітраў за год): «Мінскі бровар», «Няміга», «Няміга-арыгінальнае», «Лекерт-1», «Лекерт-2», «Лекерт-люкс», «Граф Чапскі», «Троіцкае», «Аліварыя» (моцнае, лёгкае, цёмнае, залатое, фірменнае), «Народнае», «Сябры».

т. 10, с. 449

МІ́НСКІ ПІШЧА́ЛАЎСКІ ЗА́МАК,

турэмны замак, гарадскі астрог, помнік архітэктуры 19 ст. Пабудаваны ў 1822—25 у Мінску на ўскраіне тагачаснага горада на гары ў прадмесці Раманаўская Слабада (сучасная вул. Валадарскага) пад кіраўніцтвам арх. М.Чахоўскага і К.Хршчановіча (ад прозвішча падрадчыка Р.Пішчалы доўгі час наз. Пішчалаўскім). Мураваны 3-павярховы прамавугольны ў плане з 4 круглымі вежамі на вуглах будынак, накрыты вальмавым дахам. Вежы, аздобленыя нішамі, завершаны прафіляванымі зубцамі. Рытм фасадаў ствараюць прамавугольныя аконныя праёмы. 2-і і 3-і паверхі аддзелены карнізным поясам. Будынак абнесены мураванай сцяной, умацаванай контрфорсамі. У паўн.-ўсх. ч. сцяны размешчаны 2-павярховы прамавугольны ў плане аб’ём, накрыты 2-схільным дахам. Гал. фасад падзелены карнізам на 2 ярусы (ніжні ярус з шырокай праезнай аркай аздоблены рустам) і завершаны трохвугольным франтонам. З 2-й пал. 19 ст. выкарыстоўваецца як турма; у замку былі царква, шпіталь,.школа, аптэка, майстэрні і інш. Помнік рэсп. значэння.

У.М.Дзянісаў.

т. 10, с. 449

МІ́НСКІ ПОЛІТЭХНІ́ЧНЫ ТЭ́ХНІКУМ.

Засн. ў 1928 у Мінску. Рыхтуе тэхнікаў-электрыкаў, тэхнікаў-механікаў, тэхнікаў-тэхнолагаў, тэхнікаў-электрамеханікаў, тэхнікаў па метралогіі, стандартызацыі і сертыфікацыі, эканамістаў па маркетынгу, арганізатараў справаводства. Спецыяльнасці (1999/ 2000 навуч. г.): электратэхніка; мікраэлектроніка; аўтаматызацыя тэхнал. працэсаў і вытв-сці; тэхналогія, абсталяванне і аўтаматызацыя машынабудавання; метралогія і метралагічнае забеспячэнне сертыфікацыйных выпрабаванняў; дакументазнаўства і дакументацыйнае забеспячэнне кіравання; маркетынг; аўтаматызаваны электрапрывод. Прымаюцца асобы з базавай, сярэдняй адукацыяй і пасля заканчэння ПТВ. Навучанне дзённае, вячэрняе і завочнае.

т. 10, с. 449

МІ́НСКІ ПРАЕ́КТНА-КАНСТРУ́КТАРСКІ ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1969 у Мінску. З 1996 дзярж. прадпрыемства. Асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка і ўкараненне новых тэхналогій, выраб абсталявання, інструменту і сродкаў кантролю ў галіне вытв-сці зубчастых колаў і шліцавых злучэнняў, вытв-сць на іх аснове вузлоў і вырабаў спец. і агульнатэхн. прызначэння; знешнеэканам., камерцыйная, пасрэдніцкая, рэдакцыйна-выдавецкая дзейнасць.

В.М.Зданевіч.

т. 10, с. 449

МІ́НСКІ ПРЫБОРАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў 1907 як лесапільны з-д. З 1921 механасталярны з-д «Дрэваапрацоўшчык», у 1939—40 радыёзавод. У Вял. Айч. вайну часткова разбураны, аднавіў працу ў 1944. Вырабляў прадметы першай неабходнасці, з 1946 выпускаў радыёпрыёмнікі. З 1960 пачаў серыйны выпуск тэлевізара «Нёман», з 1965 — «Зорка». У 1971 вытв-сць тэлевізараў перададзена Мінскаму радыёзаводу (гл. Мінскае прадпрыемства «Завод Гарызонт»), З 1971 галаўное прадпрыемства Мінскага вытв.-тэхн. прыборабуд. аб’яднання (дзярж. прадпрыемства «БЕЛВАР», гл. Беларускае вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі), з 1997 адкрытае акц. т-ва. Асн. прадукцыя (1999): электрарадыёвымяральныя прыборы, тэлекамунікацыйныя вырабы, дазіметры і мед. апараты, складаныя быт. электрапрыборы, электраінструменты, акумулятары.

т. 10, с. 449