Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАЛЫ́ШКА (Баляслаў Вікенцьевіч) (7.8.1837, фальварак Карманішкі, Эйшышкскі р-н Літвы — 9.6.1863),

удзельнік рэв. руху 1860-х г. З 1860 вучыўся ў Маскоўскім ун-це, у 1861 вёў рэв. агітацыю ў Лідзе і Лідскім пав., удзельнічаў у студэнцкіх хваляваннях, сутыкненнях з паліцыяй у Маскве. У сак. 1863 сфарміраваў паўстанцкі атрад (Дубіскі полк) у цэнтр. Літве. 5.4.1863 з атрадам далучыўся да З.еракоўскага, камандаваў адной з калон у паходзе паўстанцаў на Пн Літвы. Пасля разгрому паўстанцаў у Біржайскай бітве (25—27.4.1863) узяты ў палон і паводле прысуду павешаны ў Вільні на плошчы Лукішкі.

Літ.:

Кісялёў Г. Рэвалюцыянер-інтэрнацыяналіст з Лідчыны // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.

Генадзь Кісялёў.

Б.В.Калышка.

т. 7, с. 489

КАЛЬБЕ́Р ((Colbert) Жан Батыст) (29.8.1619, г. Рэймс, Францыя — 6.9.1683),

французскі дзярж. дзеяч. Прадстаўнік меркантылізму (у Францыі атрымаў назву кальбертызм). З 1651 інтэндант кардынала Дж.Мазарыні, з 1661 дарадчык караля Людовіка XIV, з 1665 ген. кантралёр фінансаў, з 1669 марскі міністр. Амаль цалкам сканцэнтраваў у сваіх руках кіраўніцтва ўнутр. палітыкай Францыі. Прыхільнік абс. улады, імкнуўся да цэнтралізацыі дзярж. кіравання, ліквідаваў прывілеі правінцый і гарадоў, падпарадкаваў іх адзінаму заканадаўству. Дамагаўся павелічэння дзярж. даходаў шляхам стварэння мануфактур, заахвочвання прам-сці, павелічэння вывазу прамысл. тавараў і ўвозу сыравіны. Ініцыятар стварэння манапольных знешнегандл. кампаній (Вест-Індскай, Ост-Індскай і інш.). Спрыяў пракладцы і паляпшэнню дарог, каналаў, павелічэнню ваен. флоту (з 18 да 276 суднаў; 1683). Заснаваў некалькі акадэмій, у т. л. Акадэмію навук (1666), Каралеўскія акадэміі музыкі (1669), архітэктуры (1671). З 1667 чл. Франц. акадэміі.

т. 7, с. 489

КАЛЬВА́РЫЯ (ад лац. calva чэрап),

у католікаў Беларусі, Літвы і Польшчы святое месца, куды збіраліся натоўпы набожных, хворых, калек, старцаў на пакаянне. Пачалі засноўвацца як апорныя пункты каталіцызму ў 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. на ўзгорках і ў лесе, часта на месцах б. язычніцкіх капішчаў. Найстарэйшая К. каля Вільні вядома з 1564. У цэнтры К. звычайна ставілі капліцу, будавалі касцёл або кляштар. К. былі ў Мінскім, Барысаўскім, Вілейскім і інш. паветах. У Мінску пад гэтай назвай захаваліся могілкі.

т. 7, с. 489

КАЛЬВІ́Н ((Calvin) Жан) (10.7.1509, г. Нуаён, Францыя — 27.5.1564),

дзеяч Рэфармацыі, заснавальнік кальвінізму. Вывучаў багаслоўе ў Буржы, права ў Парыжы і Арлеане. Апрача тэалогіі ведаў стараж. мовы, мастацтва, меў ступень доктара правазнаўства. Пад уплывам ідэй М.Лютэра і Эразма Ратэрдамскага адрокся ад каталіцкай веры, прыняў пратэстанцтва. З 1536 у Жэневе, узначаліў новую царк. арг-цыю, якая фактычна падначаліла свецкую уладу (23 гады К. быў «жэнеўскім папам»).

Яго ўлада грунтавалася на тэакратычным дыктаце кальвінізму, строгім рэгламентаванні грамадскага і асабістага жыцця вернікаў. Выкаранялася ўсякае вальнадумства, праціўнікі вучэння жорстка праследаваліся (у 1533 быў пакараны смерцю ісп. вучоны М.Сервет). У сваім вучэнні, выкладзеным у кн. «Навучанне хрысціянскай веры» (1536), у прамовах і памфлетах К. зыходзіў з абсалютнага прадвызначэння лёсу чалавека. Лічыў, што жыццёвыя ўдачы спадарожнічаюць «выбраннікам» божым, а няўдачы сведчаць пра тое, што чалавек асуджаны Богам. Дзейнасць К. спрыяла распаўсюджванню пратэстантызму ў Еўропе.

Тв.:

Рус. пер. — Наставление в христианской вере. Т. 1, кн. 1—2. М., 1997.

А.А.Цітавец.

Ж.Кальвін.

т. 7, с. 489

КАЛЬВІ́НА ((Calvino) Італа) (15.10.1923, г. Сант’яга-дэ-лас-Вегас, Куба — 19.9.1985),

італьянскі пісьменнік. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік руху Супраціўлення, пад уплывам якога напісаў першыя аповесці «Сцежка да павучыных гнёздаў» (1947), «Апошнім прылятае крумкач» (1949) і інш. Творы 1950-х г. філасофска-алегарычныя (трылогія «Нашы продкі», 1952—59). Тонкім гумарам, фантастычнасцю вызначаюцца зб-кі апавяданняў «Маркавальда, або Поры года ў горадзе» (1963), «Касмакомікі» (1965), «Нябачныя гарады» (1972), «Паламар» (1983). Аўтар філас. рамана «Замак перакрыжаваных лёсаў» (1973), аповесці «Калі зімовай ноччу падарожнік...» (1979). Збіраў і апрацоўваў нар. казкі. Даследаваў праблемы л-ры 20 ст., перакладаў з франц. мовы.

Тв.:

Рус. пер. — [Избранное]. М., 1984.

С.В.Логіш.

т. 7, с. 489

КАЛЬВІНІ́ЗМ,

адна з найб. плыней пратэстантызму. Засн. Ж.Кальвінам у перыяд Рэфармацыі ў 1-й пал. 16 ст. ў Жэневе (Швейцарыя), потым распаўсюдзіўся ў Францыі (гугеноты), Англіі, Шатландыі (пурытанізм), Германіі і інш. краінах. Адзінай крыніцай веры ў К. лічыцца Біблія, гал. прынцып веравызнання — спрадвечная наканаванасць чалавечага лёсу. Чалавецтва падзяляецца на абраных і асуджаных: не вера гарантуе выратаванне, а наадварот, выратаванне (наканаванае загадзя Богам) вымушае верыць. Смяротным грахом К. лічыць марнаванне часу, невытв. стаўленне да капіталу, заспакоенасць на дасягнутым узроўні кар’еры і багацця. З хрысц. таінстваў прызнаецца толькі хрышчэнне. У кальвінскім зборы няма абразоў, скульптуры, насценнага жывапісу, алтароў, аргана; маленні суправаджаюцца толькі спевамі псалмоў. Няма ін-та епіскапаў, святароў (пастараў). Царк. кіраўніцтва (прэсвітэры) выбіраюцца вернікамі на пэўны тэрмін. К. існуе ў трох плынях: рэфармацтва, прэсвітэрыянства, кангрэгацыяналізм (індэпендэнты). Найб. распаўсюджаны ў Швейцарыі, Галандыі, Англіі, Шатландыі, ЗША і інш.

На Беларусі К. з’явіўся ў 1533 пры садзейнічанні М.Радзівіла Чорнага, які заснаваў у Брэсце першы кальвінскі збор з друкарняй. Праз 10 гадоў кальвінская шляхта была ўраўнавана ў правах з каталіцкай і праваслаўнай. У канцы 16 ст. ў ВКЛ дзейнічала каля 200 збораў, пры якіх існавалі шпіталі, школы, друкарні. К. існаваў у выглядзе сацыніянства, антытрынітарызму, унітарызму, руху т. зв. «польскіх братоў». У перыяд Контррэфармацыі (2-я пал. 16—17 ст.) большасць кальвіністаў перайшла ў каталіцтва. У пач. 20 ст. на Беларусі заставаліся адзінкавыя кальвінісцкія суполкі, частка з іх праіснавала да 2-й сусв. вайны. У 1998 у Мінску дзейнічала адна рэфармацкая суполка.

Літ.:

Любович Н. История Реформации в Польше. Варшава, 1883;

Чанышев А.Н. Протестантизм. М., 1969.

А.А.Цітавец.

т. 7, с. 489

КАЛЬВІНІ́СЦКІЯ ШКО́ЛЫ,

навучальныя ўстановы, якія ствараліся прыхільнікамі кальвінізму. На Беларусі існавалі ў 16—19 ст. У 1570-х г.пач. 17 ст. існавалі ў Вільні, Віцебску, Глыбокім, Заслаўі, Магілёве, Мінску, Навагрудку, Оршы, Свіслачы, Смаргоні, Шклове і інш. Мелі розны ўзровень: ад ніжэйшых (пачатковыя, 6 гадоў навучання) да 5-класных вучылішчаў (10 гадоў навучання), якія давалі адукацыю, дастатковую каб паступіць ва ун-т; лепшыя выхаванцы атрымлівалі стыпендыі ва ун-тах Англіі і Германіі. Асаблівая ўвага аддавалася рэліг. навучанню і выхаванню, фіз. выхаванню; акрамя багаслоўя вывучаліся старагрэч., лац., бел., польская мовы, рыторыка, гісторыя, матэматыка, логіка і інш. У К. ш. выкарыстоўваліся элементы класна-ўрочнай сістэмы, гуманіст. падыходы ў арганізацыі навучання, ставілася мэта сфарміраваць у навучэнцаў крытычнае мысленне. Пасля паражэння Рэфармацыі ў сярэдзіне 17 ст. пратэстанцкія школы скарачаліся. К. ш. ў Слуцку (з 1617) толькі ў 1868 перайшла ў разрад урадавых навуч. устаноў.

В.С.Балбас.

т. 7, с. 490

КА́ЛЬВІС, Калейс,

у латышскай міфалогіі нябесны каваль, памочнік грамавержца Пяркунаса (Перуна). Выкоўваў Пяркунасу зброю, нябёсы і сонца, а для дачкі сонца — спражку-сакву. К. удзельнічаў у паядынку з праціўнікам грамавержца — чортам. У літоўскай міфалогіі К. адпавядае Целявель, у фінскай — Ільмарынен, у беларускай асобнымі рысамі яго нагадвае Жыжаль.

т. 7, с. 490

КАЛЬДЭ́ЗІЯ (Caldęsia),

род кветкавых раслін сям. шальнікавых. 5 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі — К. відомцалістая (C. parnassifolia). Рэдкі водна-балотны від (Лоеўскі р-н).

Шматгадовая травяністая расліна выш. 10—100 см з кароткім тонкім карэнішчам, на якім утвараюцца зімавальныя пупышкі (імі расліна расплоджваецца). Лісце акруглае, у разетцы, у наземных форм невялікае, на кароткіх чаранках; у водных — буйное, доўгачаранковае, плавае, падводнае стужкападобнае. Кветкі двухполыя, няправільныя, дробныя, белыя. Плод — шматарэшак. Выміраючыя расліны.

Кальдэзія відомцалістая.

т. 7, с. 490

КАЛЬДЭ́РА (ісп. caldera літар. вял. кацёл),

круглая ці авальная ўпадзіна на вяршыні вулкана са стромкімі, часта ступеньчатымі схіламі. У дыям. дасягае 10—20 км, глыб. да соцень метраў. Адрозніваюць К. абрушвання, якія ўтвараюцца пры асяданні вяршыні вулкана ў выніку выкідаў з яго матэрыялу пры вывяржэннях (напр., К. вулкана Маўна-Лоа на Гаваях), і выбухныя, якія ўзнікаюць пры магутных выбухах газаў у жарале вулкана (К. вулкана Кракатаў у Інданезіі).

т. 7, с. 490