КАЛЬБЕ́Р ((Colbert) Жан Батыст) (29.8.1619, г. Рэймс, Францыя — 6.9.1683),

французскі дзярж. дзеяч. Прадстаўнік меркантылізму (у Францыі атрымаў назву кальбертызм). З 1651 інтэндант кардынала Дж.Мазарыні, з 1661 дарадчык караля Людовіка XIV, з 1665 ген. кантралёр фінансаў, з 1669 марскі міністр. Амаль цалкам сканцэнтраваў у сваіх руках кіраўніцтва ўнутр. палітыкай Францыі. Прыхільнік абс. улады, імкнуўся да цэнтралізацыі дзярж. кіравання, ліквідаваў прывілеі правінцый і гарадоў, падпарадкаваў іх адзінаму заканадаўству. Дамагаўся павелічэння дзярж. даходаў шляхам стварэння мануфактур, заахвочвання прам-сці, павелічэння вывазу прамысл. тавараў і ўвозу сыравіны. Ініцыятар стварэння манапольных знешнегандл. кампаній (Вест-Індскай, Ост-Індскай і інш.). Спрыяў пракладцы і паляпшэнню дарог, каналаў, павелічэнню ваен. флоту (з 18 да 276 суднаў; 1683). Заснаваў некалькі акадэмій, у т. л. Акадэмію навук (1666), Каралеўскія акадэміі музыкі (1669), архітэктуры (1671). З 1667 чл. Франц. акадэміі.

т. 7, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)