КАЛЬВІ́Н ((Calvin) Жан) (10.7.1509, г. Нуаён, Францыя — 27.5.1564),
дзеяч Рэфармацыі, заснавальнік кальвінізму. Вывучаў багаслоўе ў Буржы, права ў Парыжы і Арлеане. Апрача тэалогіі ведаў стараж. мовы, мастацтва, меў ступень доктара правазнаўства. Пад уплывам ідэй М.Лютэра і Эразма Ратэрдамскага адрокся ад каталіцкай веры, прыняў пратэстанцтва. З 1536 у Жэневе, узначаліў новую царк. арг-цыю, якая фактычна падначаліла свецкую уладу (23 гады К. быў «жэнеўскім папам»).
Яго ўлада грунтавалася на тэакратычным дыктаце кальвінізму, строгім рэгламентаванні грамадскага і асабістага жыцця вернікаў. Выкаранялася ўсякае вальнадумства, праціўнікі вучэння жорстка праследаваліся (у 1533 быў пакараны смерцю ісп. вучоны М.Сервет). У сваім вучэнні, выкладзеным у кн. «Навучанне хрысціянскай веры» (1536), у прамовах і памфлетах К. зыходзіў з абсалютнага прадвызначэння лёсу чалавека. Лічыў, што жыццёвыя ўдачы спадарожнічаюць «выбраннікам» божым, а няўдачы сведчаць пра тое, што чалавек асуджаны Богам. Дзейнасць К. спрыяла распаўсюджванню пратэстантызму ў Еўропе.
Тв.:
Рус.пер. — Наставление в христианской вере. Т. 1, кн. 1—2. М., 1997.