Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МІ́НСКІ МАШЫНАБУДАЎНІ́ЧЫ І ЧЫГУНАМЕТАЛУРГІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў 1881 як Кашырскі машынабудаўнічы і чыгунаметалургічны з-д у Мінску. У розныя гады выпускаў с.-г. і паравыя машыны, абсталяванне для млыноў і вінакурняў, чыг. ваганеткі, тармазныя калодкі, розныя часткі для машын, прыводы, трансмісіі і шрапнельныя такарныя станкі, рамантаваў машыны і абсталяванне для з-даў і млыноў. У 1913 меў 2 паравыя машыны (100 к.с.), працавала 350 чал. у 1915 з набліжэннем фронту эвакуіраваны ў г. Яраслаўль. З 1925 працаваў як чыгуналіцейны і машынабудаўнічы з-д «Металіст» у Мінску, з 1928 машынабудаўнічы з-д «Камунар», з 1934 Мінскі станкабудаўнічы з-д імя Кірава.

т. 10, с. 445

МІ́НСКІ МАШЫНАБУДАЎНІ́ЧЫ КАЛЕ́ДЖ.

Засн. ў 1954 як Мінскі вячэрні аўтамех. тэхнікум на базе філіяла аўтамех. тэхнікума. З 1957 Мінскі вячэрні маш.-буд. тэхнікум. З 1960 Мінскі машынабуд. тэхнікум. З 1990 сучасная назва. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): тэхналогія, абсталяванне і аўтаматызацыя апрацоўкі матэрыялаў ціскам; вытв-сць трансп. сродкаў; эканоміка і кіраванне прадпрыемствам; маркетынг; тэхналогія, абсталяванне і аўтаматызацыя машынабудавання. Прымаюцца асобы з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 10, с. 445

МІ́НСКІ МЕДЫЦЫ́НСКІ ІНСТЫТУ́Т.

Засн. ў 1921 як ф-т БДУ, з 1930 самастойны ін-т. У 1999/2000 навуч. г. ф-ты: лячэбны, педыятрычны, медыка-прафілактычны, ваенна-мед., стаматалагічны, мед. ф-т замежных студэнтаў, падрыхтоўчае аддзяленне. Навучанне дзённае. Аспірантура з 1926. Дактарантура з 1998. Мае Цэнтр. н.-д. лабараторыю, у якую ўваходзяць праблемныя лабараторыі: імунахім. і радыеізатопных метадаў даследаванняў; эксперым. медыцыны, фармакалогіі і таксікалогіі; біяхім. метадаў даследаванняў; інфармацыйна-камп’ютэрных тэхналогій; псіханейрахірургіі; гема- і лімфасорбцыі; калагенозаў; унутрыбальнічных інфекцый; па праблемах дэрматалогіі і венералогіі; па вывучэнні псіхічных расстройстваў у насельніцтва Беларусі, якое пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Б-ка (каля 1 млн. экз.).

С.Дз.Дзянісаў.

т. 10, с. 445

МІ́НСКІ МЕТРАПАЛІТЭ́Н Буд-ва пачата 3.5.1977 са ст. «Парк Чэлюскінцаў». У 1984 уведзены ў эксплуатацыю ўчастак 1-й лініі ад ст. «Інстытут культуры» да ст. «Маскоўская»

(даўж. 8,94 км, 8 станцый) уздоўж праспекта Ф.Скарыны. У 1986 гэты ўчастак падоўжаны на 1,71 км да ст. «Усход». У перспектыве 1-я лінія (даўж. 20,8 км) звяжа жылыя раёны Уручча і Паўд. Захад. У 1990 пушчаны ўчастак 2-й лініі ад ст. «Фрунзенская» да ст. «Трактарны завод» (даўж. 7,18 км, 6 станцый). У 1995 на гэтай лініі здадзены ў эксплуатацыю станцыі «Маладзёжная» і «Пушкінская» (даўж. ўчастка 2,8 км),

у 1997 — «Партызанская» і «Аўтазаводская» (даўж. 3,6 км). З завяршэннем буд-ва 2-я лінія (даўж. 20 км) злучыць жылыя раёны Кунцаўшчына і Заводскі. 3-ю лінію (даўж. 17 км) намечана пракласці ад перакрыжавання Слуцкай шашы з вул. Каржанеўскага праз Прывакзальную пл. да жылога раёна Зялёны Луг. Агульная працягласць трох ліній М.м. складзе 59 км. На іх будзе размешчана 45 станцый з 3 перасадачнымі вузламі. У перспектыве плануецца буд-ва 4-й лініі М.м. (даўж. 16 км, 11 станцый), якая злучыць праз цэнтр жылыя масівы Чыжоўка, Серабранка і Навінкі, а праз перасадачныя вузлы забяспечыць сувязь з інш. жылымі раёнамі і прамысл. зонамі горада. Агульная працягласць 4 ліній складзе 75 км.

Станцыі М.м. — арыгінальныя творы архітэктуры. Выкарыстанне сучасных буд. канструкцый дало магчымасць стварыць адзіную прастору станцый. У іх ідэйна-маст. абліччы ўвасоблена грамадскае, вытв. і культ. жыццё Беларусі, яе гераічнае мінулае і сучаснасць. У афармленні М.м. важную ролю адыгрываюць сінтэз мастацтваў, колер і фактура аддзелачных матэрыялаў (мармур, граніт, металы, дрэва, кераміка і інш.), формы калон, дэталі свяцільняў, сродкі манум.-дэкар. і выяўл. мастацтва. Сярод стваральнікаў станцый арх. Ю.Градаў, Я.Леановіч, Л.Левін, Л.Пагарэлаў, М.Пірагоў, мастакі В.Даўгала, Г.Жарын, Ю.Івахнішын, У.Стальмашонак, Л.Хобатаў і інш.

В.Ф.Валошын, В.А.Ярмоленка.

Мінскі метрапалітэн. Станцыя «Аўтазаводская».
Мінскі метрапалітэн. Станцыя «Інстытут культуры».
Мінскі метрапалітэн. Станцыя «Партызанская».

т. 10, с. 446

МІ́НСКІ МІЖНАРО́ДНЫ АДУКАЦЫ́ЙНЫ ЦЭНТР,

беларуска-нямецкае прадпрыемства. Засн. ў 1994 у Мінску. Асн. кірунак дзейнасці — арг-цыя канферэнцый, кангрэсаў, семінараў, моўных і камп’ютэрных курсаў, пазнавальна-адукац. паездак за мяжу.

т. 10, с. 446

МІ́НСКІ МУЗЕ́Й ВАНЬКО́ВІЧАЎ, «Дом-музей Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай палавіны 19 ст.»,

філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Адкрыты ў 2000 у Мінску ў сядзібным доме Ваньковічаў (гл. арт. Мінскія сядзібы Ваньковічаў). Экспазіцыя размешчана ў 10 залах. Пл. экспазіцыі каля 300 м². Музей мае 3 раздзелы: жыццё і творчасць В.Ваньковіча і культ. жыццё тагачаснага Мінска; асаблівасці інтэр’ера перыяду высокага класіцызму; бел. сядзібны партрэт 17—1-й пал. 19 ст. Сярод экспанатаў творы жывапісу, дэкар.-прыкладнога мастацтва, мэбля, свяцільні, ксеракопіі архіўных дакументаў, якія маюць дачыненне да жыцця і дзейнасці Ваньковіча, фотарэпрадукцыі яго твораў, што захоўваюцца ў музеях Варшавы, Вільнюса, С.-Пецярбурга, Парыжа. Асобная зала адведзена пад муз. гасцёўню. Каля дома пастаўлены помнік Ваньковічу (2000, скульптар У.Слабодчыкаў).

Н.В.Сычова.

т. 10, с. 446

МІ́НСКІ МЯСАКАМБІНА́Т.

Засн. ў 1922 у Мінску на базе халадабойні. У 1956—60 пабудаваны новыя вытв. карпусы. З 1975 галаўное прадпрыемства Мінскага вытв. аб’яднання мясной і малочнай прам-сці. У 1994 уведзены ў эксплуатацыю з-д па вытв-сці мясных паўфабрыкатаў, адм. корпус, у 1996 — сховішча для агародніны. Асн. прадукцыя (1999): мяса і мясапрадукты, субпрадукты, каўбасныя вырабы, мясныя паўфабрыкаты, скуры, мяса-касцявая мука.

т. 10, с. 446

МІ́НСКІ МЯСАПЕРАПРАЦО́ЎЧЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў 1975 у Мінску. Асн. прадукцыя (1999): каўбасныя вырабы, паўфабрыкаты, вэнджанае мяса, тлушч жывёльны, чыпсы з бульбы.

т. 10, с. 446

МІ́НСКІ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕДЧЫ ПРЫБОРАБУДАЎНІ́ЧЫ ІНСТЫТУ́Т (МНДПІ Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь). Засн. ў 1971 у Мінску на базе канструктарскага прыборабуд. бюро (з 1967). З 1996 дзярж. прадпрыемства, з 1997 адкрытае акц. т-ва «МНДПІ». Асн. кірункі дзейнасці: выкананне н.-д. і доследна-канструктарскіх работ; распрацоўка і вытв-сць вымяральнай і мед. тэхнікі, прыбораў, сродкаў тэлекамунікацый і сувязі, мабільных і стацыянарных аўтаматызаваных метралагічных комплексаў, аўтаматызаваных сістэм кантролю складаных тэхн. аб’ектаў; прыбораў, апаратуры і комплексаў для ядзерна-фіз. вымярэнняў і радыяцыйнага кантролю; эталонаў і ўзорных сродкаў вымярэнняў эл. велічынь, электра- і радыёкампанентаў; спец. элементнай базы радыёэлектронных прыбораў, тавараў прамысл., нар.гасп., спец. і культ.-быт. прызначэння; аказанне паслуг юрыд. і фіз. асобам і інш.

т. 10, с. 446

МІ́НСКІ НАВУЧА́ЛЬНА-ВЫТВО́РЧЫ КО́МПЛЕКС «ПТВ-ТЭ́ХНІКУМ» Белкаапсаюза.

Засн. ў 1957 у Мінску як кааператыўны тэхнікум. У 1967 на базе тэхнікума створана прафес.-тэхн. вучылішча па падрыхтоўцы кадраў масавых прафесій. У 1993 тэхнікум і вучылішча аб’яднаны ў комплекс. Тэхнікум рыхтуе тавараведаў. Спецыяльнасць (1999/2000 навуч. г.): камерцыйная дзейнасць. Прымае асоб з сярэдняй адукацыяй і на базе профільнага прафес.-тэхн. вучылішча. Навучанне дзённае і завочнае. Вучылішча на базе сярэдняй адукацыі рыхтуе прадаўцоў харч. і нехарч. тавараў і афіцыянтаў-буфетчыкаў. Навучанне ў комплексе па накіраванні спажывецкага т-ва бясплатнае, пры самаст. паступленні — платнае.

т. 10, с. 446