САКЛАКО́Ў (Уладзімір Іванавіч) (н. 20.2.1940, г. Чыта, Расія),
бел. вучоны ў галіне нефралогіі. Д-р мед. н. (1987). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1969). З 1986 у Бел. НДІ кардыялогіі, з 2001 у Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Навук. працы па лазератэрапіі хранічнай ныркавай недастатковасці, ацэнцы мэтазгоднасці гемадыялізу, дыягностыцы дыябетычнай нефрапатыі.
Тв.:
Хроническая почечная недостаточность: интеграция и дифференциация лечения. Мн., 1993 (разам з В.С.Пілатовічам);
Оценка эффективности гемодиализа методом спин-меченых зондов (у сааўт.) // Докл. Нац. АН Беларуси. 1999. Т. 43, №5.
т. 14, с. 88
СА́КЛЯ (ад груз. сахлі — дом),
руская назва жылля горцаў Каўказа. С. звычайна каменныя (асабліва ў вайнахскіх народаў), глінабітныя або з саманнай цэглы, з плоскім дахам. Найб. характэрнае іх тэрасападобнае размяшчэнне на горным схіле; пры гэтым іх заднія сцены ўтвараюць схаваныя схілы гары, а дах адной С. можа служыць дваром для другой, што размешчана вышэй. Стараж. тып С. — 1-камернае жыллё без акон, з земляной падлогай, адкрытым агнішчам пасярэдзіне і дымавой адтулінай у даху. Сучасныя С. — шматпакаёвыя, з дашчанай падлогай, камінам або жал. печчу.
т. 14, с. 88
САКО́ВІЧ (Антон Навумавіч) (25.12.1895, б. хутар Новамацеева Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 16.2.1982),
генерал-лейтэнант інтэнданцкай службы (1946). Скончыў Вышэйшыя стралк.-тактычныя курсы (1931). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20. У 1931—37 у БВА. У Вял. Айч. вайну нач. тылу 11-й і 65-й армій, інтэндант Паўн.-Зах. фронту. Удзельнік вызвалення Калінкавіч, Мазыра, Бабруйска, Баранавіч, Слоніма, наступальных баёў на тэр. Усх. Прусіі, Памераніі, Берлінскай аперацыі. Пасля вайны да 1956 на адказных пасадах у Сав. Арміі.
т. 14, с. 88
САКО́ВІЧ (Генадзь Віктаравіч) (н. 13.4.1931, г. Чыта, Расія),
расійскі хімік. Акад. Рас. АН (1992, чл.-кар. 1981). Герой Сац. Працы (1990). Скончыў Томскі ун-т (1953), дзе і працаваў. З 1959 у НВА «Алтай» (г. Бійск, з 1984 ген. дырэктар), адначасова ў Алтайскім політэхн. ін-це (з 1972 праф.). Навук. працы па агульнай і тэхн. хіміі. Распрацаваў навукова-тэхн. асновы стварэння кампазіцыйных энергаёмістых матэрыялаў з зададзенымі фіз.-хім. ўласцівасцямі. Сінтэзаваў новыя матэрыялы з выкарыстаннем энергіі выбуху. Дзярж. прэмія СССР 1970. Ленінская прэмія 1984. Дзярж. прэмія Рас. Федэрацыі 1994.
т. 14, с. 88
САКО́ВІЧ (Касьян) (свецкае імя Калікст; 1578?, в. Пацеліч Несцераўскага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 1647),
украінскі пісьменнік-палеміст, рэліг. дзеяч. Скончыў Кракаўскую і Замойскую акадэміі. У 1620—24 выкладчык, потым рэктар Кіеўскай брацкай школы. За рэдагаванне і выданне «Апалогіі...» М.Сматрыцкага (1628, на польскай мове) пракляты кіеўскім правасл. саборам. У 1641 перайшоў з уніяцтва ў каталіцызм, быў прапаведнікам у Кракаве. Пісаў на польскай, стараж. бел. і ўкр. мовах. Аўтар філас. трактата «Арыстоцелевы праблемы» і царк.-багаслоўскіх твораў, накіраваных супраць правасл. пісьменнікаў-палемістаў: «Трактат пра душу» (1625), «Кіеўскі сабор...», «Пра мытарствы», «Дыялог, або Размова Мацка з Дзянісам, папом схізматыцкім» (усе 1641), «Перспектывы» (1642). З паэт. спадчыны зберагліся «Вершы на жалобнае пахаванне... Пятра Канашэвіча Сагайдачнага, гетмана войска... запарожскага» (1622, на ўкр. мове), у якіх аўтар апявае яго гераічнае жыццё.
Літ.: Исаевич Я.Д. Преемники первопечатника. М, 1981; Wiszniewski M. Historya literatury polskiej. T. 8. Kraków, 1851; Siarczyński F. Obraz wieku panowania Zygmunla III... T. 2. Poznań, 1858.
У.Г.Кароткі.
т. 14, с. 88
САКО́ВІЧ ((Sakowicz) Фабіян) (6.11.1742—1787?),
польскі паэт і перакладчык. Нарадзіўся на Беларусі. У 1759—62 вучыўся ў Віцебскім і Нясвіжскім езуіцкіх калегіумах. Выкладаў у Нясвіжы. З 1766 у Варшаве, у 1772—77 супрацоўнічаў у час. «Zabawy przyjemne і pożyteczne» («Прыемныя і карысныя забавы»), дзе апублікаваў большасць сваіх вершаў (некат. з іх прысвечаны ўраджэнцам і жыхарам Беларусі). На польскую мову пераклаў песні Гарацыя (т. 1—2, 1773—75). У 1777 памагаў А.Нарушэвічу перапісваць тэксты для яго «Гісторыі...». Жыў у яго маёнтку Павець каля Пінска. У 1778 пераехаў у в. Чарнаўчыцы (Камянецкі р-н Брэсцкай вобл.).
А.В.Мальдзіс.
т. 14, с. 88
САКО́ВІЧЫ,
шляхецкі род герба «Помян» у ВКЛ. Родапачынальнік Сак (Станіслаў) пры заключэнні Гарадзельскай уніі 1413 быў адаптаваны да герба «Помян», у 1433 быў старостам дубінскім. Найб. вядомыя:
Андрэй (?—1465), сын Сака, староста трокскі ў 1433—40, намеснік смаленскі ў 1440 і полацкі ў 1444—53, ваявода трокскі з 1458. Адзін з кіраўнікоў войска ВКЛ у пераможнай бітве з маскоўскімі войскамі пад Сухадровам у 1445. Удзельнік перагавораў з крыжакамі ў 1432 і 1451, пасол у Чэхію ў 1453. Меў буйныя зямельныя ўладанні (каля 500 дымоў). Ад яго сына Юрыя пайшоў род Насілоўскіх. Багдан Андрэевіч (?—1491), намеснік браслаўскі ў 1463—74, маршалак гаспадарскі ў 1463—77, намеснік полацкі ў 1477—84, маршалак земскі з 1480, адначасова ваявода трокскі з 1484. Быў паслом да крымскага хана Менглі-Гірэя ў 1473, у Маскву ў 1474 і 1482.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 14, с. 88
САКО́ЛЬНІКАЎ (Рыгор Якаўлевіч) (сапр. Брыльянт Гірш Янкелевіч; 15.8.1888, г. Ромны, Украіна —21.5.1939),
савецкі дзярж. і паліт. дзеяч, дыпламат і вучоны-эканаміст. Скончыў Парыжскі ун-т (1914). Чл. Камуніст. партыі (1905—36, адноўлены ў 1988), яе ЦК (1917—19, 1922—30, канд. у 1930—36), Палітбюро ЦК (1917, канд. у 1924—25). З 1917 чл. Маскоўскага к-та бальшавікоў і Петраградскага Савета, пам. камісара Дзярж. банка. Як старшыня сав. дэлегацыі падпісаў Брэсцкі мір 1918. У 1918—20 на ваен.-паліт. рабоце ў Чырв. Арміі. З 1920 старшыня Туркестанскай камісіі ВЦВК і СНК РСФСР і каманд. Туркестанскім фронтам. З 1921 у Наркамаце фінансаў. У 1922—26 нарком фінансаў РСФСР (з ліп. 1923 — СССР). Ініцыятар і актыўны ўдзельнік падрыхтоўкі і правядзення грашовай рэформы 1922—24 (увядзенне «цвёрдага» чырвонца і інш.), якая стабілізавала рубель і аднавіла разбураную ў час рэвалюцыі і грамадз. вайны фін. сістэму краіны. Удзельнік міжнар. фін.-эканам. канферэнцыі ў Гаазе (Нідэрланды, 1922). З 1926 нам. старшыні Дзяржплана СССР, з 1928 старшыня Нафтасіндыката. У 1929—32 паўпрэд СССР у Вялікабрытаніі, потым нам. наркома і чл. калегіі Наркамата замежных спраў СССР. У 1935—36 1-ы нам. наркома лясной прам-сці СССР. У 1936 арыштаваны, у 1937 па сфальсіфікаванай справе т.зв. «Паралельнага антысав. трацкісцкага цэнтра» асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі. Загінуў у зняволенні. Рэабілітаваны ў 1988.
Тв.:
Новая финансовая политика: на пути к твердой валюте. М., 1995.
Літ.:
Генис В.Л. «Упрямый нарком с Ильинки» // Открывая новые страницы... М., 1989.
М.Г.Нікіцін.
т. 14, с. 89
САКО́ЛЬСКІ (Аляксандр Кузьміч) (6.12.1903, ст. Алексікава Нованікалаеўскага р-на Валгаградскай вобл., Расія — 14.11.1979),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-палк. артылерыі (1944), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскую артыл. школу (1925), артыл. курсы ўдасканалення камсаставу (1933, 1937), Вышэйшыя акад. курсы пры Акадэміі Генштаба (1952). У Чырв. Арміі з 1921. У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце. У час Бел. аперацыі 1944 артылерыя 2-га Бел. фронту пад камандаваннем С. нанесла ўдары на рашаючых напрамках, што садзейнічала прарыву варожай абароны, фарсіраванню рэк Проня і Бася, выхаду да Дняпра і разгрому праціўніка. Да 1955 на камандных пасадах у Сав. Арміі, навук. рабоце.
т. 14, с. 89
САКО́ЛЬСКІ (Аляксей Паўлавіч) (5.11.1908, с. Каньгушы Ельнікаўскага р-на, Мардовія — 27.12.1969),
бел. шахматыст; шахматны тэарэтык, літаратар і педагог. Майстар спорту СССР (1938). Засл. трэнер СССР (1965). Скончыў Ленінградскі пед. ін-т (1934). У 1950—52 трэнер зборнай каманды СССР — пераможцы шахматнай Алімпіяды (1952, Хельсінкі). У 1955—69 трэнер Бел. савета добраахвотнага спарт. т-ва «Спартак». Яго імем названы шахматны дэбют. З 1970 у Мінску праводзіцца мемарыял яго імя.
Тв.:
Шахматная партия в ее развитии. Мн., 1966;
Внимание, ловушка! М., 1970;
Ваш первый ход. М., 1977.
т. 14, с. 89