САКО́ВІЧ (Касьян) (свецкае імя Калікст; 1578?, в. Пацеліч Несцераўскага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 1647),

украінскі пісьменнік-палеміст, рэліг. дзеяч. Скончыў Кракаўскую і Замойскую акадэміі. У 1620—24 выкладчык, потым рэктар Кіеўскай брацкай школы. За рэдагаванне і выданне «Апалогіі...» М.​Сматрыцкага (1628, на польскай мове) пракляты кіеўскім правасл. саборам. У 1641 перайшоў з уніяцтва ў каталіцызм, быў прапаведнікам у Кракаве. Пісаў на польскай, стараж. бел. і ўкр. мовах. Аўтар філас. трактата «Арыстоцелевы праблемы» і царк.-багаслоўскіх твораў, накіраваных супраць правасл. пісьменнікаў-палемістаў: «Трактат пра душу» (1625), «Кіеўскі сабор...», «Пра мытарствы», «Дыялог, або Размова Мацка з Дзянісам, папом схізматыцкім» (усе 1641), «Перспектывы» (1642). З паэт. спадчыны зберагліся «Вершы на жалобнае пахаванне... Пятра Канашэвіча Сагайдачнага, гетмана войска... запарожскага» (1622, на ўкр. мове), у якіх аўтар апявае яго гераічнае жыццё.

Літ.: Исаевич Я.Д. Преемники первопечатника. М, 1981; Wiszniewski M. Historya literatury polskiej. T. 8. Kraków, 1851; Siarczyński F. Obraz wieku panowania Zygmunla III... T. 2. Poznań, 1858.

У.​Г.​Кароткі.

т. 14, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)