САКО́ВІЧ ((Sakowicz) Фабіян) (6.11.1742—1787?),
польскі паэт і перакладчык. Нарадзіўся на Беларусі. У 1759—62 вучыўся ў Віцебскім і Нясвіжскім езуіцкіх калегіумах. Выкладаў у Нясвіжы. З 1766 у Варшаве, у 1772—77 супрацоўнічаў у час. «Zabawy przyjemne і pożyteczne» («Прыемныя і карысныя забавы»), дзе апублікаваў большасць сваіх вершаў (некат. з іх прысвечаны ўраджэнцам і жыхарам Беларусі). На польскую мову пераклаў песні Гарацыя (т. 1—2, 1773—75). У 1777 памагаў А.Нарушэвічу перапісваць тэксты для яго «Гісторыі...». Жыў у яго маёнтку Павець каля Пінска. У 1778 пераехаў у в. Чарнаўчыцы (Камянецкі р-н Брэсцкай вобл.).
А.В.Мальдзіс.
т. 14, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)