САКО́ВІЧЫ,
шляхецкі род герба «Помян» у ВКЛ. Родапачынальнік Сак (Станіслаў) пры заключэнні Гарадзельскай уніі 1413 быў адаптаваны да герба «Помян», у 1433 быў старостам дубінскім. Найб. вядомыя:
Андрэй (?—1465), сын Сака, староста трокскі ў 1433—40, намеснік смаленскі ў 1440 і полацкі ў 1444—53, ваявода трокскі з 1458. Адзін з кіраўнікоў войска ВКЛ у пераможнай бітве з маскоўскімі войскамі пад Сухадровам у 1445. Удзельнік перагавораў з крыжакамі ў 1432 і 1451, пасол у Чэхію ў 1453. Меў буйныя зямельныя ўладанні (каля 500 дымоў). Ад яго сына Юрыя пайшоў род Насілоўскіх. Багдан Андрэевіч (?—1491), намеснік браслаўскі ў 1463—74, маршалак гаспадарскі ў 1463—77, намеснік полацкі ў 1477—84, маршалак земскі з 1480, адначасова ваявода трокскі з 1484. Быў паслом да крымскага хана Менглі-Гірэя ў 1473, у Маскву ў 1474 і 1482.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 14, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)