Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАЛЫ́КАВІЧЫ 1-я,

гарадзішча жалезнага веку каля в. Палыкавічы 1 -я Магілёўскага р-на. Утворана на рачным мысе, мае 2 пляцоўкі, складаную сістэму ўмацаванняў. Датуецца 1-м тыс. да н.э. — 3-й чвэрцю 1-га тыс. н.э. Знойдзены фрагменты ляпнога посуду, у т. л. глянцаванага, жал. наканечнікі стрэл, лязо сякеры, нажы з прамой спінкай, касцяныя шылы і іголкі, гліняныя прасліцы і інш.

т. 12, с. 19

ПАЛЫ́КАВІЧЫ 1-я,

вёска ў Магілёўскім р-не, на правым беразе р. Дняпро. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 5 км на Пд ад Магілёва. 1303 ж., 430 двароў (2000). Акц. т-вы «Расма» і «Саюз». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў. Курган Памяці на ўвекавечанне мірных грамадзян, загубленых ням.-фаш. захопнікамі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі археал. помнік Палыкавічы 1-я.

т. 12, с. 19

ПАЛЫ́КАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

другая назва Безыменнага возера.

т. 12, с. 19

ПАЛЫ́Н (Artemisia),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 400 (па інш. звестках 250) відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Паўн. Амерыцы. Некат. віды дамінуюць у раслінным покрыве засушлівых, пераважна засоленых абласцей (напр., палынныя пустыні Паўд. Казахстана, Сярэдняй Азіі). На Беларусі 15 відаў. Найб. вядомыя П.: горкі (A. absinthium), звычайны, або чарнобыльнік (A. vulgaris), палявы (A. campestris). Культывуецца П. эстрагонавы, або эстрагон. Трапляюцца на сухіх лугах, пясках, у агародах, садах, каля жылля.

Адна-, двух- і шматгадовыя, пераважна апушаныя травяністыя расліны і паўкусты выш. да 1,5 м. Большасць мае характэрны «палынны» пах. Сцёблы прамастойныя, узыходныя ці ляжачыя. Лісце перыстарассечанае, лопасцевае ці суцэльнае. Жоўтыя ці чырванаватыя кветкі ў дробных шматлікіх кошыках, якія сабраны ў агульныя гронкападобныя або мяцёлчатыя суквецці. Плод — сямянка. Як лек. сродак ужываюць П. цытварны, горкі і інш. Лек., кармавыя, фарбавальныя, эфіраалейныя, вострапрыпраўныя, інсектыцыдныя і дэкар. расліны.

В.​В.​Маўрышчаў.

Палын: 1 — звычайны, 2 — горкі.

т. 12, с. 19

ПАЛЫ́НАЎ (Барыс Барысавіч) (4.8.1877, г. Стаўрапаль, Расія — 16.3.1952),

расійскі глебазнавец, геахімік і географ. Акад. АН СССР (1946, чл.-кар. 1933). Скончыў Лясны ін-т (1900) і ун-т у Пецярбургу (1908). З 1920 праф. Данскога політэхн. ін-та ў Новачаркаску, з 1923 Ленінградскага, у 1935—36 і з 1947 Маскоўскага ун-таў; адначасова з 1923 у АН СССР (з 1925 у Глебавым ін-це). Навук. працы па тэорыі глебаўтварэння, фарміраванні асн. тыпаў кары выветрывання, класіфікацыі прыродных ландшафтаў і іх геахіміі, па метадах даследавання грунтоў. Вял. залаты медаль (1926) і залаты медаль імя Сямёнава-Цян-Шанскага (1928) Геагр. т-ва СССР.

Тв.:

Избр. труды. М., 1956.

т. 12, с. 19

ПАЛЫ́НІН (Фёдар Пятровіч) (20.10.1906, с. Сухі Астрог Балакоўскага р-на Саратаўскай вобл., Расія — 21.11.1981),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген-палк. авіяцыі (1946), Герой Сав. Саюза (1938). Скончыў Аб’яднаную і Арэнбургскую школы лётчыкаў (1929, 1931), курсы ўдасканалення нач. саставу пры Ваенна-паветр. акадэміі (1935), Ваен. акадэмію Генштаба (1955). Вызначыўся ў яп.-кіт. вайне 1937—38. У Вял. Айч. вайну з 1943 камандуючы 6-й паветр. арміяй, якая ўдзельнічала ў Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944. У 1944—47 у Войску Польскім, потым на камандных пасадах у ВПС.

т. 12, с. 19

ПАЛЬМ ((Palm) Маці-Іаханес) (н. 13.1.1942, Талін),

эстонскі спявак (высокі бас), педагог. Нар. арт. Эстоніі (1980). Скончыў Талінскую кансерваторыю (1968), з 1976 выкладае ў ёй. З 1969 саліст Нац. оперы «Эстонія». Валодае моцным голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону. Сярод партый: Барыс Гадуноў і Пімен, Іван Хаванскі («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.​Мусаргскага), кароль Рэне («Іаланта» П.​Чайкоўскага), Барыс Цімафеевіч («Кацярына Ізмайлава» Дз.​Шастаковіча), Філіп II, Атыла («Дон Карлас», «Атыла» Дж.​Вердзі), Галандзец («Лятучы галандзец» Р.​Вагнера), Мефістофель («Мефістофель» А.​Бойта), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Асмін («Выкраданне з сераля» В.​А.​Моцарта), Ваха («Вікерцы» Э.​Аава), Мехіс («Агні помсты» Э.​Капа) і інш. Выступае як камерны спявак. Прэмія Міжнар. конкурсу вакалістаў імя Ф.​Віньяса Дордаля (Барселона, 1972). Дзярж. прэмія СССР 1983.

т. 12, с. 20

ПА́ЛЬМА, Пальма-дэ-Мальёрка (Palma de Mallorka),

горад і порт у Іспаніі, на в-ве Мальёрка (Балеарскія а-вы). Адм. цэнтр аўт. вобл. Балеарскія Астравы і прав. Балеарэс. Засн. ў 123 да н.э. стараж. рымлянамі. Каля 300 тыс. ж. (2000). Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: тэкст., гарбарна-абутковая, харч., суднабудаўнічая, шкляная, дывановая. Ун-т. Музеі. Арх. помнікі 13—15 ст. Прыморскі клімат. курорт. Адзін з буйнейшых у краіне цэнтраў турызму.

т. 12, с. 20

ПА́ЛЬМА Старэйшы,

Пальма Век’ё (Palma Vecchio; сапр. Негрэці; Negretti) Якопа (каля 1480, Серына, каля г. Бергама, Італія — 30.7.1528), італьянскі жывапісец; прадстаўнік венецыянскай школы жывапісу эпохі Высокага Адраджэння. Вучыўся ў Дж.​Беліні. Зазнаў уплывы Джарджоне, Тыцыяна, Л.​Лота. Творы вызначаюцца мяккай, насычанай колеравай гамай, ідылічнасцю пейзажных фонаў, жыццярадаснасцю персанажаў: «Адам і Ева» (да 1512), «Тры сястры» (каля 1515—18), «Сустрэча Іакава і Рахілі» (каля 1520) і інш. Аўтар алтара царквы Санта-Марыя Фармоза ў Венецыі.

Я.Пальма. Адам і Ева. Да 1512.

т. 12, с. 20

ПА́ЛЬМАВЫ АЛЕ́Й,

тлусты невысыхальны алей з мякаці пладоў алейнай пальмы. Чырвона-аранжавае цвёрдае рэчыва, шчыльн. 921—925 кг/м³ (15 °C), т-ра застывання 31—41 °C. Мае значную колькасць пальміцінавай кіслаты і караціноідаў. Выкарыстоўваюць пераважна для вырабу маргарыну, мыла, свечак, як кампанент змазачных матэрыялаў. З насення алейнай пальмы атрымліваюць пальмаядровы алей — харч. прадукт.

т. 12, с. 20