Пальма Век’ё (Palma Vecchio; сапр.Негрэці; Negretti) Якопа (каля 1480, Серына, каля г. Бергама, Італія — 30.7.1528), італьянскі жывапісец; прадстаўнік венецыянскай школы жывапісу эпохі Высокага Адраджэння. Вучыўся ў Дж.Беліні. Зазнаў уплывы Джарджоне, Тыцыяна, Л.Лота. Творы вызначаюцца мяккай, насычанай колеравай гамай, ідылічнасцю пейзажных фонаў, жыццярадаснасцю персанажаў: «Адам і Ева» (да 1512), «Тры сястры» (каля 1515—18), «Сустрэча Іакава і Рахілі» (каля 1520) і інш. Аўтар алтара царквы Санта-Марыя Фармоза ў Венецыі.