Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЫШЭ́ЙШЫЯ КУ́РСЫ БЕЛАРУСАЗНА́ЎСТВА.

Існавалі са снеж. 1923 да ліп. 1927 у Мінску. Рыхтавалі выкладчыкаў беларусазнаўства для тэхнікумаў, рабфакаў і 7-гадовых школ, займаліся павышэннем кваліфікацыі настаўнікаў. Тэрмін навучання 1 год. Выкладаліся бел. мова (Я.Ю.Лёсік), гісторыя бел. л-ры (праф. М.М.Піятуховіч), гісторыя (праф. В.Д.Дружчыц), геаграфія (М.В.Азбукін), этнаграфія Беларусі (І.А.Сербаў), гісторыя бел. мастацтва (М.М.Шчакаціхін), педагогіка (С.В.Васілеўскі), методыкі выкладання бел. мовы (Я.Колас), бел. л-ры (праф. І.І.Замоцін), грамадазнаўства (Я.І.Каранеўскі), прыродазнаўства (праф. А.У.Фядзюшын) і інш. Загадчыкі курсаў: А.А.Сянкевіч, М.А.Грамыка, А.Ю.Міцкевіч. Пераўтвораны ў Вышэйшыя курсы грамадазнаўства.

У.У.Грамовіч.

т. 4, с. 335

ВЫШЭ́ЙШЫЯ МАСТА́ЦКА-ТЭХНІ́ЧНЫЯ МАЙСТЭ́РНІ

(ВХУТЭМАС),

навучальная ўстанова ў Маскве ў 1920—26. Рыхтавала пераважна мастакоў-станкавістаў і архітэктараў, стварала асновы падрыхтоўкі мастакоў-канструктараў, дызайнераў. Мела ф-ты: мастацкі (жывапісны, скульпт., арх.) і вытворчы (паліграф., тэкст., керамічны, дрэваапр., металаапр.). У 1926 пераўтвораны ў Вышэйшы мастацка-тэхнічны інстытут.

т. 4, с. 335

ВЫШЭ́ЙШЫЯ НАВУЧА́ЛЬНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ (ВНУ).

Рыхтуюць спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі для розных галін гаспадаркі, аховы здароўя, навукі, культуры, а таксама органаў дзярж. кіравання. Да ВНУ належаць ун-ты (у т. л. тэхн., мед., с.-г., пед.), ін-ты рознага профілю (інж., с.-г., маст. і інш.), акадэміі, кансерваторыі; у некат. краінах — каледжы, а таксама духоўныя ВНУ. Правобраз ВНУ — вышэйшыя для свайго часу філас. школы ант. перыяду, у якіх выкладанне вялося ў форме лекцый, гутарак і дыспутаў. Такую арг-цыю навучання перанялі сярэдневяковыя ун-ты, якія ўзніклі ў Зах. Еўропе ў 13 ст. У 16—17 ст. адбывалася пашырэнне спецыялізацыі ў вышэйшай школе. Пры ун-тах сталі ўзнікаць адносна самаст. навук. і практычныя школы. У 18 ст. значны ўплыў на змест і метады выкладання ў ВНУ аказалі ідэі В.Гумбальта, рэалізаваныя ў практыцы Берлінскага універсітэта; склалася факультэцкая сістэма. У канцы 19 ст. пры ВНУ пачалі ўзнікаць н.-д. падраздзяленні. У 20 ст. факультэцкая сістэма будовы ВНУ набыла больш свабодны характар, многія ВНУ перайшлі на шматпрофільную форму арг-цыі работы аддзяленняў і кафедраў. Большасць вядучых сучасных ВНУ — гэта вучэбна-навукова-вытворчыя комплексы, якія даюць студэнтам адукацыю і магчымасць займацца навук. даследаваннямі. У большасці краін свету асноўны ўплыў на сістэму вышэйшай школы аказваюць ун-ты і ВНУ універсітэцкага статуса.

У Беларусі першай ВНУ была Віленская акадэмія (з 1579; гл. Віленскі універсітэт). З 1775 дзейнічала Гродзенская медыцынская акадэмія — першая на Беларусі ВНУ па падрыхтоўцы мед. персаналу. У 1812—20 на правах ВНУ дзейнічала Полацкая езуіцкая акадэмія. У 1848—64, 1919—25 працаваў Горы-Горацкі земляробчы ін-т (гл. Горы-Горацкая земляробчая школа, Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія). Сталая сетка ВНУ на Беларусі сфарміравалася ў 1920—30-я г. (гл. раздзел Асвета ў арт. Беларусь). У 1996/97 навуч. г. на Беларусі 39 дзярж., 18 недзярж. ВНУ.

т. 4, с. 335

ВЫШЭ́ЙШЫ АТЭСТАЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

ВАК Беларусі, цэнтральны орган кіравання, які забяспечвае функцыянаванне нац. сістэмы падрыхтоўкі і атэстацыі навук. і навукова-пед. работнікаў у галіне прысуджэння ім вучоных ступеней і прысваення вучоных званняў. Створаны паводле Пастановы Савета Міністраў ад 18.9.1922 18.9.1992 як Вышэйшая атэстацыйная камісія, з ліст. 1995 — камітэт. Прысуджае на падставе хадайніцтваў саветаў па абароне дысертацый вучоную ступень доктара навук; зацвярджае рашэнні саветаў па абароне дысертацый аб прысуджэнні вучонай ступені кандыдата навук; прысвойвае вучоныя званні прафесара і дацэнта; стварае сістэму органаў па атэстацыі навук. і навукова-пед. работнікаў і каардынуе іх дзейнасць; прымае ўдзел у распрацоўцы парадку падрыхтоўкі навук. кадраў вышэйшай кваліфікацыі праз аспірантуру, дактарантуру і суіскальніцтва; распрацоўвае і зацвярджае пералік спецыяльнасцей, па якіх прысуджаюцца вучоныя ступені, і пералік спецыяльнасцей, па якіх прысвойваюцца вучоныя званні; стварае нац. банк даных навук. і навукова-пед. работнікаў рэспублікі з вучонымі ступенямі, званнямі і інш. У 1996 на Беларусі працавала 136 саветаў па абароне дысертацый, 25 экспертных саветаў.

т. 4, с. 334

ВЫШЭ́ЙШЫ ГАСПАДА́РЧЫ СУД РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

судовая ўстанова, якая вырашае ў межах сваіх паўнамоцтваў гасп. спрэчкі паміж прадпрыемствамі, установамі, арг-цыямі, калгасамі, сумеснымі прадпрыемствамі, дзярж. і інш. органамі, а таксама з’яўляецца нагляднай інстанцыяй за рашэннямі гасп. судоў ніжэйшых звёнаў. Створаны ў 1991. Складаецца з 16 суддзяў, якія назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Саветам Рэспублікі Нац. сходу Рэспублікі Беларусь. Арганізацыя, парадак дзейнасці і кампетэнцыя суда вызначаны заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Яго асн. задачы: абарона правоў і інтарэсаў арг-цый, захаванне законнасці ў эканам. адносінах; забеспячэнне аднолькавага і правільнага выкарыстання заканадаўства пры вырашэнні гасп. спрэчак.

т. 4, с. 334

ВЫШЭ́ЙШЫ КАЛЕ́ДЖ СУ́ВЯЗІ Міністэрства сувязі і інфарматыкі Рэспублікі Беларусь. Засн. 1.7.1993 у Мінску на базе Мінскага і Віцебскага электратэхнікумаў сувязі, Мінскага філіяла Усесаюзнага завочнага электратэхн. ін-та сувязі і Рэсп. цэнтра падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі работнікаў сувязі. Навучанне вядзецца паводле прынцыпу шматузроўневай бесперапыннай прафес. падрыхтоўкі як адзіны навуч. працэс, што дазваляе скараціць тэрмін навучання на наступных узроўнях. З 1994 — 2 узроўні падрыхтоўкі: 1-ы, або ўзровень каледжа, дае сярэднюю спец. адукацыю, 2-і — вышэйшую без звання бакалаўра (1-я ступень універсітэцкай вышэйшай адукацыі). У 1996/97 навуч. г. ф-ты: электрасувязі; эканомікі і пошты; падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае. Мае філіял у Віцебску.

т. 4, с. 334

ВЫШЭ́ЙШЫ КАМУНІСТЫ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т АСВЕ́ТЫ,

навуковая і навуч. ўстанова ў СССР у 1931—38. Рыхтавала навук. супрацоўнікаў і выкладчыкаў пед. дысцыплін ВНУ, кіруючых работнікаў органаў нар. асветы. Засн. ў Маскве. Тэрмін навучання 3 гады. Прымаў асоб з партстажам не менш як 7 гадоў (для рабочых 5 гадоў), якія мелі веды ў аб’ёме ВНУ (пед. ін-та, камуніст. ВНУ), вопыт выкладчыцкай ці культ.-асв. і кіруючай работы. Аддзяленні: пед., педалагічнае, аргпланавае, політэхнічнае. Распрацоўваў пед. праблемы, выдаваў навук. працы, прымаў да абароны дысертацыі. Слухачы карысталіся правамі аспірантаў па пед. навуках. Пры ін-це ў 1933 арганізаваны Цэнтр. НДІ педагогікі.

т. 4, с. 334

ВЫШЭ́ЙШЫ МАСТА́ЦКА-ТЭХНІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т

(ВХУТЭІН),

навучальная ўстанова ў Ленінградзе ў 1922—30 (створана на базе АМ) і Маскве ў 1926—30 (засн. на базе Вышэйшай мастацка-тэхнічнай майстэрні). Рыхтаваў пераважна мастакоў-станкавістаў. На яго базе ў 1930 створаны ў Ленінградзе Ін-т пралетарскіх выяўл. мастацтваў (з 1932 Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры), у Маскве Вышэйшы арх.-буд. ін-т (з 1933 Маскоўскі арх. ін-т).

т. 4, с. 334

ВЫШЭ́ЙШЫ САВЕ́Т НАРО́ДНАЙ ГАСПАДА́РКІ

(ВСНГ),

у 1917—32 і 1957—65 цэнтр. орган Сав. дзяржавы па рэгуляванні і кіраванні асн. галінамі нар. гаспадаркі, гал. ч. прамысловасцю. Створаны дэкрэтам ВЦВК і СНК ад 2(15)12.1917 для арганізацыі планавай гаспадаркі і дзярж. фінансаў. Кіраванне асобнымі галінамі прам-сці ў сістэме ВСНГ ажыццяўлялі аддзелы, галіновыя гал. ўпраўленні і цэнтр. к-ты.

На месцах створаны абл., губ. і павятовыя саветы нар. гаспадаркі (СНГ). У першы год сав. улады ВСНГ праводзіў работу па ажыццяўленні дэкрэта аб усеаг. нацыяналізацыі буйной прам-сці і арганізацыі вытв-сці на сацыяліст. асновах. У перыяд грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20 ён выконваў ваен. заказы, забяспечваў Чырв. Армію зброяй, боепрыпасамі, абмундзіраваннем; пасля яе заканчэння кіраваў перабудовай прам-сці на мірную вытворчасць. У 1922 у сувязі з утварэннем СССР арганізаваны СНГ саюзных рэспублік, у т. л. БССР. ВСНГ нададзены правы аб’яднанага наркамата па кіраванні прам-сцю. У непасрэдным падпарадкаванні ВСНГ СССР заставаліся прадпрыемствы саюзнага значэння. СНГ саюзных, аўтаномных рэспублік і мясцовым СНГ перададзена прам-сць рэсп. і мясц. значэння. У задачы ВСНГ СССР уваходзіла распрацоўка агульных нормаў і планаў эканам. развіцця краіны, аб’яднанне дзейнасці цэнтр. і мясц. гасп. органаў.

СНГ БССР ажыццяўляў кіраўніцтва нацыяналізацыяй прам-сці, кантроль за дзейнасцю прамысл. прадпрыемстваў, запасамі сыравіны, паліва, выпускам гатовай прадукцыі і інш. З пераходам да новай эканамічнай палітыкі праводзіў перабудову кіравання прам-сцю на прынцыпах гасп. разліку. Паводле пастановы ЦК КП(б)Б ад 13.7.1921 утворана 16 гасп.-разліковых групавых упраўленняў і 15 заводаўпраўленняў. У 1923 СНГ БССР перайменаваны ў ВСНГ БССР. З 26.3.1924 вядучай гасп. адзінкай у сістэме ўпраўлення прам-сцю стаў гасп.-разліковы прамысл. трэст. Дзейнічалі 9 трэстаў: металічнай, лясной, харчовай, папяровай, шкляной, гарбарнай, спіртавой, буд. прам-сці, шчотачны. ВСНГ БССР даводзіў трэстам план, правяраў яго выкананне, рэгуляваў рост і рух асн. фондаў. Ён не меў права ўмешвацца ў бягучую дзейнасць прадпрыемстваў і трэстаў і ператварыўся ў каардынацыйны цэнтр. У 1932 на аснове ВСНГ СССР утвораны нар. камісарыяты цяжкой, лёгкай і лясной прам-сці, а ВСНГ саюзных рэспублік — наркаматы лёгкай прам-сці (ВСНГ БССР 3.4.1932 пераўтвораны ў Наркамат лёгкай прам-сці БССР). Пазней на Беларусі арганізаваны наркаматы (з 1946 мін-вы) па інш. галінах прам-сці. У 1957 праведзена рэарганізацыя кіравання прам-сцю і буд-вам, зноў створаны СНГ СССР, СНГ саюзных рэспублік і СНГ эканам. раёнаў. СНГ БССР быў падпарадкаваны адначасова СМ БССР і СНГ СССР. У сак. 1963 сістэму дзярж. органаў па кіраванні прам-сцю краіны ўзначаліў ВСНГ СМ СССР. Акрамя кіравання ўсімі галінамі прам-сці і будаўніцтва на яго былі ўскладзены каардынацыя дзейнасці планавых і гасп. органаў (Дзяржплана, СНГ СССР, дзярж. галіновых к-таў), забеспячэнне выканання планаў, распрацоўка і ажыццяўленне мерапрыемстваў па развіцці прамысл. вытворчасці. Паводле рашэння вераснёўскага (1965) пленума ЦК КПСС скасаваны СНГ і ўтвораны агульнасаюзныя, саюзна-рэсп., рэсп. мін-вы і дзярж. к-ты. У БССР было арганізавана 5 саюзна-рэсп. мін-ваў (лёгкай, харчовай, цэлюлознапапяровай і дрэваапрацоўчай, мясной і малочнай, буд. матэрыялаў прам-сці) і 2 упраўленні (нафтаперапрацоўчай і нафтахім., хім. прам-сці). Для кіравання прадпрыемствамі, якія абслугоўвалі гал. ч. патрэбы рэспублікі і працавалі на мясц. сыравіне, былі створаны рэсп. мін-вы мясц. і тарфяной прам-сці. Прадпрыемствы БССР перадаваліся зноў створаным галіновым мін-вам. З 719 прадпрыемстваў, якія знаходзіліся ў распараджэнні СНГ БССР і яго галіновых упраўленняў, у непасрэднае падпарадкаванне агульнасаюзных мін-ваў СССР былі перададзены 94 буйнейшыя з-ды і ф-кі, 550 прадпрыемстваў перайшлі ў падпарадкаванне саюзна-рэсп., 75 — рэспубліканскіх мін-ваў і ведамстваў БССР. 1.1.1966 СНГ БССР спыніў сваю дзейнасць.

Э.А.Забродскі.

т. 4, с. 334

ВЫЯЎЛЕ́НЧЫЯ МАСТА́ЦТВЫ,

раздзел пластычных мастацтваў; аб’ядноўваюць жывапіс, скульптуру, графіку, фотамастацтва. Адлюстроўваюць рэчаіснасць у наглядных вобразах, што ўспрымаюцца зрокам. Структурная ідэнтычнасць, падабенства прадмета і яго вобраза, матэрыялізаванага ў маст. творы на палатне, кардоне або дошцы, на аркушы паперы, у камені ці метале, насценных размалёўках (манум.-дэкар. жывапіс), з’яўляецца адной з характэрных умоў рэаліст. ўзнаўлення прадметнага свету. Выяўленчыя мастацтвы маюць неабмежаваныя магчымасці глыбокага і праўдзівага адлюстравання дынамікі самых розных працэсаў грамадскага жыцця, выяўлення эстэт. сутнасці прыроднай і сац. рэчаіснасці, духоўнага свету чалавека; часам таксама могуць увасабляць вобразы, якія не існуюць у рэальнасці і створаны фантазіяй чалавека. Выяўленчае мастацтва з’яўляецца фактарам фарміравання грамадскага ўсведамлення (гл. Мастацтва); адной з формаў пазнання свету.

П.В.Масленікаў.

т. 4, с. 335