Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ПАЖА́РНЫ КРАН,

камплект для тушэння пажараў вадой. Складаецца з запорнага вентыля, устаноўленага на пажарным водаправодзе, пажарнага рукава (гібкі трубаправод са спец. хутказлучальнымі галоўкамі на канцах, які служыць для падачы вады) і ствала (прыстасаванне для атрымання кампактнага ці распыленага струменя вады). П.к. размяшчаюцца на вышыні 1,35 м над падлогай у спец. шафах, дзе ўстанаўліваюць таксама ручныя вогнетушыцелі. На дзверцах пазначаецца парадкавы нумар П.к. і нумар тэлефона бліжэйшай пажарнай часці. Колькасць і тып П.к. у будынку залежаць ад яго прызначэння, памераў і пажарнай небяспекі.

В.І.Якаўчук.

т. 11, с. 514

ПАЖА́РНЫ НАГЛЯ́Д,

сістэма мерапрыемстваў па нагляду за выкананнем правіл і норм пажарнай бяспекі. Ажыццяўляюць дзярж. органы П.н., якія праводзяць пажарна-тэхн. абследаванне прадпрыемстваў, устаноў і арг-цый, робяць заключэнне аб наяўнасці парушэнняў і даюць рэкамендацыі па іх ліквідацыі і ўзмацненні проціпажарнай аховы аб’ектаў, распрацоўваюць і зацвярджаюць правілы пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі збудаванняў і правядзенні буд. работ; таксама накладаюць спагнанні за парушэнні правіл і патрабаванняў пажарнай бяспекі: часова прыпыняюць ці забараняюць эксплуатацыю прамысл. аб’ектаў (асобных памяшканняў, абсталявання), што працуюць з парушэннямі, выпуск і рэалізацыю прадукцыі, якая не адпавядае проціпажарным патрабаванням. На Беларусі П.н. ажыццяўляе Мін-ва па надзвычайных сітуацыях (створана ў 1999), якому падпарадкаваныя тэр. (абл.) і мясц. органы (пажарныя аварыйна-выратавальныя атрады, часці і пасты ў гарадах, раёнах, на асобных аб’ектах).

А.С.Гардзяюк, А.П.Герасімчык, В.Ф.Трапашка.

т. 11, с. 514

ПАЖА́РСКІ (Дзмітрый Міхайлавіч) (1.11.1573—30.4.1642),

расійскі дзярж. і ваен. дзеяч, князь, баярын (1613). З 1598 страпчы і чл. Земскага сабора. З 1602 стольнік пры двары Барыса Гадунова. Удзельнік задушэння Балотнікава паўстання 1606—07. У 1606—10 прыхільнік В.І.Шуйскага ў яго барацьбе з Ілжэдзмітрыем II. У пач. 1610 ваявода ў Зарайску. Разам з К.Мініным стаў арганізатарам і кіраўніком Народнага апалчэння 1612, якое вызваліла Маскву ў час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У канцы 1612 — пач. 1613 П. (разам з Дз.Ц.Трубяцкім) узначальваў часовы ўрад. У 1615 кіраваў баявымі дзеяннямі супраць А.Лісоўскага, удзельнічаў у адбіцці войск Рэчы Паспалітай на чале з Уладзіславам IV (1618). У 1628—30 ваявода ў Ноўгарадзе, у 1633—34 2-гі ваявода рас. рэзервовай групы войск у Мажайску. Узначальваў шэраг прыказаў. К.Мініну і П. пастаўлены помнікі ў Маскве на Краснай плошчы (1804—18, скульпт 1 П.Мартас) і ў Ніжнім Ноўгарадзе (1826, скульпт. А.І.Мельнікаў).

Тв.:

Завещание князя Дмитрия Пожарского // Отечеств. история. 2000. № 1.

Літ.:

Скрынников Р.Г. Минин и Пожарский: Хроника Смутного времени. М., 1981;

Шишов А.В. Минин и Пожарский. М., 1990.

т. 11, с. 514

ПАЖНІ́ЎНЫЯ ПАСЕ́ВЫ,

пасевы с.-г. раслін, якія займаюць поле ў летне-асенні перыяд і высяваюцца адразу пасля ўборкі асн. культуры; дасягаюць фізіял. спеласці і даюць ураджай у гэтым жа годзе. Высяваюцца лубін, турнэпс, кукуруза, віка, сланечнік, гарчыца і інш. на палі, што вызваліліся з-пад рана ўбраных культур — азімых, аднагадовых траў, ранняй агародніны і інш. Для захавання ў глебе вільгаці пасля ўборкі асн. культуры своечасова ўзорваюць глебу і прыкачваюць пасевы. Насенне пры пасеве забараноўваецца больш глыбока, з павялічанай нормай высеву. Агратэхн. работы па падрыхтоўцы глебы і сяўба пажніўных культур праводзяцца ў макс. кароткія тэрміны. Гл. таксама Прамежкавыя культуры.

У.П.Пярэднеў.

т. 11, с. 514

ПА́ЖСКІ КО́РПУС,

прывілеяваная ваенна-навуч. ўстанова ў Расіі ў 18 — пач. 20 ст. Засн. ў 1759 у С.-Пецярбургу. Рыхтаваў да ваен. і дзярж. службы дзяцей знаці (гал. чынам прыдворных саноўнікаў і афіцэраў гвардыі), якія атрымлівалі прыдворнае званне пажоў і камер-пажоў (у іх абавязак уваходзіла выкананне даручэнняў членаў імператарскай сям’і). У 1807 пераўтвораны ў навуч. ўстанову тыпу кадэцкіх карпусоў. Выпускнікам П.к. прысвойваўся чын падпаручніка, і яны карысталіся пераважным правам службы ў гвардыі і спец. войсках; непрыгодныя да ваен. службы атрымлівалі цывільны чын 10, 12, 14-га класаў. Выхаванцамі П.к. былі: І.У.Гурка (гл. ў арт. Гуркі), І.Ф.Паскевіч, А.М.Радзішчаў і інш. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 П.к. скасаваны.

т. 11, с. 514

ПАЖЫ́ЗМ,

разнавіднасць мазахізму, калі палавое задавальненне дасягаецца пры выкананні ролі пажа ці слугі.

т. 11, с. 515

ПАЖЫЛО́Е,

грашовая выплата селяніна феадалу пры пераходзе да другога ўладальніка ў Рас. дзяржаве ў 15—16 ст. Упершыню як абавязковае П. ўпамінаецца ў Судзебніку 1497. Поўны яго памер (ад 50 кап. ад 1 руб.) сяляне плацілі пасля 4 гадоў жыцця на зямлі феадала. Памер П. «з варот» (сял. двара) павялічыў Судзебнік 1550. П. садзейнічала запрыгоньванню сялян. Пасля забароны выхаду сялянскага паступова знікла.

М.Ф.Спірыдонаў.

т. 11, с. 515

ПАЖЫ́ЎНАСЦЬ КАРМО́Ў,

уласцівасць кармоў задавольваць прыродную патрэбу жывёлы ў ежы; таксама ступень адпаведнасці колькасці і якасці засваяльнасці пажыўных рэчываў кармоў патрэбам жывёлы. Неаднолькавая для жывёл розных відаў, прадукцыйнасці і фізіял. стану. Ацэньваецца па хім. саставе кармоў, іх засваяльнасці, энергет. каштоўнасці і паўнацэннасці. Асн. паказчыкі П.к. — агульная пажыўнасць (вызначаецца ў кармавых адзінках), колькасць абменнай энергіі, пратэіну, амінакіслот, макра- і мікраэлементаў, вітамінаў. Састаў і пажыўнасць раслінных кармоў залежаць ад сорту раслін, кліматычных умоў, якасці глебы, угнаенняў, спосабаў і тэрміну ўборкі, захавання і падрыхтоўкі да скормлівання. Для практычнага выкарыстання распрацаваны спец. кармавыя табліцы, у якіх характарызуецца П.к. паводле асн. паказчыкаў.

т. 11, с. 515

ПАЖЫ́ХАРСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.

У Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Пажыхар. Размешчана ў Прыпяцкім нафтагазаносным басейне. Адкрыта ў 1987, распрацоўваецца з 1990. Паклады нафты пл. 3,3 км2 прымеркаваны да верхнедэвонскіх міжсалявых адкладаў паўн. ч. Прыпяцкага прагіну ў межах цэнтр. ч. Рэчыцка-Вішанскай зоны падняццяў. Глыб. залягання нафтаноснага пакладу 2725—2820 м. Пароды-калектары трэшчынаватыя порава-кавернозныя вапнякі і даламіты. Нафта лёгкая, малавязкая, маласярністая, смалістая, парафіністая, з вял. колькасцю светлых фракцый (40—45%) і газанасычанасцю спадарожным газам (129—135 м³/т). Разведаныя запасы 1244 тыс. т, перспектыўныя 710 тыс. т.

А.П.Шчураў.

т. 11, с. 515

ПАЖЫЦЦЁВАЕ ЗНЯВО́ЛЕННЕ,

мера пакарання, якая ў крымін. праве Рэспублікі Беларусь можа прымяняцца за злачынствы, звязаныя з наўмысным пазбаўленнем жыцця чалавека пры абцяжваючых акалічнасцях і за інш. асабліва цяжкія злачынствы. Уведзена ў 1998. П.з. не можа быць назначана асобам, якія ўчынілі злачынства ва ўзросце да 18 гадоў, і жанчынам, а таксама мужчынам, якія на дзень пастановы прыгавору дасягнулі 65 гадоў. Пасля адбыцця асуджаным 20 гадоў зняволення, з улікам яго паводзін, а таксама стану здароўя і ўзросту, суд можа замяніць далейшае адбыванне П.з. пазбаўленнем волі на пэўны тэрмін, але не больш як на 5 гадоў.

Э.І.Кузьмянкова.

т. 11, с. 515