ПАЖА́РСКІ (Дзмітрый Міхайлавіч) (1.11.1573—30.4.1642),
расійскі дзярж. і ваен. дзеяч, князь, баярын (1613). З 1598 страпчы і чл. Земскага сабора. З 1602 стольнік пры двары Барыса Гадунова. Удзельнік задушэння Балотнікава паўстання 1606—07. У 1606—10 прыхільнік В.І.Шуйскага ў яго барацьбе з Ілжэдзмітрыем II. У пач. 1610 ваявода ў Зарайску. Разам з К.Мініным стаў арганізатарам і кіраўніком Народнага апалчэння 1612, якое вызваліла Маскву ў час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У канцы 1612 — пач. 1613 П. (разам з Дз.Ц.Трубяцкім) узначальваў часовы ўрад. У 1615 кіраваў баявымі дзеяннямі супраць А.Лісоўскага, удзельнічаў у адбіцці войск Рэчы Паспалітай на чале з Уладзіславам IV (1618). У 1628—30 ваявода ў Ноўгарадзе, у 1633—34 2-гі ваявода рас. рэзервовай групы войск у Мажайску. Узначальваў шэраг прыказаў. К.Мініну і П. пастаўлены помнікі ў Маскве на Краснай плошчы (1804—18, скульпт 1 П.Мартас) і ў Ніжнім Ноўгарадзе (1826, скульпт. А.І.Мельнікаў).
Тв.:
Завещание князя Дмитрия Пожарского // Отечеств. история. 2000. № 1.
Літ.:
Скрынников Р.Г. Минин и Пожарский: Хроника Смутного времени. М., 1981;
Шишов А.В. Минин и Пожарский. М., 1990.
т. 11, с. 514
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)