Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МІСУ́НА (Ганна Баляславаўна) (12.11.1868, Чашніцкі р-н Віцебскай вобл. — 2.5.1922),

бел. геолаг; першая жанчына-геолаг Беларусі і Расіі, якая праводзіла палявыя геал. даследаванні. Скончыла прыватныя жаночыя курсы ў Маскве (1896). З 1906 асістэнт пры геал. кабінеце Вышэйшых жаночых курсаў, з 1919 дацэнт Маскоўскага ун-та. Вывучала геалогію цэнтр. і зах. Беларусі, лёсавыя адклады Навагрудскага ўзв., ледавіковыя адклады Беларусі і Літвы, праводзіла геал. і гідрагеал. вышуканні ў Расіі. Распрацавала методыку вывучэння марфалогіі і будовы канцавых марэн, высветліла стратыграфію ледавіковых адкладаў Беларусі і выявіла сярод чацвярцічных утварэнняў сляды некалькіх зледзяненняў.

т. 10, с. 474

Місурагін Ігнацій Арцёмавіч

т. 18, кн. 1, с. 430

МІСУРА́ТА,

горад на ПнЗ Лівіі, на Міжземным м. Каля 400 тыс. ж. з прыгарадамі (1997). Порт за 10 км ад М. — Каср-Ахмад (Марына). Вузел аўтадарог. Гандл.-трансп. цэнтр. Металургічны комплекс; перапрацоўка прыроднага газу. Харч. прам-сць. Саматужная вытв-сць, у т. л. дываноў.

т. 10, с. 475

МІСУ́РЫ (Missouri, на мове мясц. індзейцаў — ілістая рака),

рака ў ЗША, галоўны (правы) прыток Місісіпі. Даўж. 4090 км, пл. бас. 1371,1 тыс. км² (з іх каля 10 тыс. км² у межах Канады). Вытокі і большая ч. верхняга цячэння — у Скалістых гарах (у раёне Йелаўстонскага нацыянальнага парку). У сярэднім цячэнні (ад вусця р. Мілк да вусця р. Джэймс) рака перасякае плато Місуры, дзе месцамі цячэ ў цяснінах, утварае парогі. Ніжняе цячэнне ў Межах Цэнтральных раўнін, дзе рэчышча няўстойлівае, шырокая пойма абвалаваная для аховы ад паводак. Гал. прытокі: Йелаўстан, Плат, Канзас (справа). Жыўленне ў верхнім цячэнні снегавое, у сярэднім і ніжнім — пераважна дажджавое. Высокае веснавое разводдзе (павышэнне ўзроўню вады каля вусця да 12 м) і нізкая летняя межань. Характэрны моцныя паводкі. Сярэдні гадавы расход вады каля 2600 м³/с (макс. 19 тыс. м³/с). Цвёрды сцёк 220 млн. т/год; вада брудна-бурага колеру. Сістэма буйных вадасховішчаў (Форт-Пек, Гарысан, Аахе) на М. і ў яе басейне служаць для рэгулявання сцёку, мэтаў ірыгацыі, энергетыкі. Суднаходства да г. Су-Сіці для вял. суднаў і да г. Форт-Бентан для малых суднаў у мнагаводны перыяд. Буйныя гарады і парты: Омаха, Канзас-Сіці.

т. 10, с. 475

МІСУ́РЫ (Missouri),

штат у цэнтр. частцы ЗША, у бас. рэк Місісіпі і Місуры. Пл. 180,4 тыс. км². Нас. 5402 тыс. чал. (1997). Адм. ц.г. Джэферсан-Сіці; найб. гарады і гал. прамысл. цэнтры — Сент-Луіс і Канзас-Сіці. Паверхня — хвалістая раўніна, якая паступова павышаецца на 3. На Пд вапняковае плато Озарк выш. да 540 м. Клімат умераны. Сярэднія т-ры студз. каля 0 °C, ліп. каля 27 °C. Ападкаў каля 1000 мм за год; бываюць засухі. Натуральная расліннасць блізкая да стэпавай. Індустр.-агр. штат. Здабыча свінцу (1-е месца ў ЗША), жал. руды, каменнага вугалю, барыту, буд. матэрыялаў. У апрацоўчай прам-сці пераважаюць машынабудаванне (авіяракетнае, аўтамаб., вытв-сць дарожна-буд. і с.-г. машын) і харч. галіна (мясакансервавая, мукамольная). Развіты таксама радыёэлектронная, хім., швейная, гарбарна-абутковая, цэм. прам-сць, чорная і каляровая металургія. З галін сельскай гаспадаркі пераважае жывёлагадоўля. Гадуюць (млн. галоў, 1998): буйн. раг. жывёлу — 4,3, свіней — 3,5, птушку — 9,4. Вытв-сць бройлераў. Вырошчваюць кукурузу, сою, пшаніцу, на плато Озарк — авёс, на ПдУ у пойме Місісіпі — бавоўнік. Турызм. Транспарт чыг., аўтамаб., рачны.

т. 10, с. 475

МІСХО́Р,

прыморскі кліматычны курорт на паўд. беразе Крыма (Украіна). За 12 км ад г. Ялта, у складзе г.п. Карэіз. Каля 7 км дробнагалечнага пляжа. Асн. лек. фактар — клімат міжземнаморскага тыпу. Клімата- і таласатэрапія эфектыўныя пры лячэнні функцыян. расстройстваў сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм. Санаторыі, у т. л. «Беларусь», дамы адпачынку, пансіянаты, лячэбныя ўстановы. Помнік М.А.Багдановічу. Паблізу М. арх. помнік «Ластаўчына гняздо», г. Ай-Петры.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 10, с. 475

МІСЬКО́ (Павел Андрэевіч) (н. 14.3. 1931, в. Знамя Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1955). Працаваў у друку, у час. «Полымя», з 1972—80 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1954. Першы зб. апавяданняў «Калодзеж» (1967). Кнігі нарысаў «Гаспадыні свайго лёсу» (1968), «Дрэва жыцця» (1973), аповесць «Ціхае лета» (1973), раман «Градабой» (1980) прысвечаны пасляваен. вёсцы. Падзеі Вял. Айч. вайны адлюстраваў у аповесцях «Поезд ішоў на Захад» (1972), «Калянае лісце» (1974), рамане «Мора Герадота» (1976). Ваеннае і пасляваен. жыццё ў рамане «Хлопцы, чые вы будзеце...» (ч. 1—2, 1989—92). Аўтар дэтэктыўна-фантаст. аповесці «Ніль адмірары, або Я выбіраю смерць» (1999). Творчасці М. ўласцівы ўвага да бытавой стыхіі нар. жыцця, шчырыя адносіны да чалавека працы, жывое шматфарбнае нар. слова. Аўтар зб-каў сатыры і гумару «Дзівак-чалавек» (1972), «Чэрці ў коміне» (1978), «Вясельны марафон» (1984), «Лекцыя з падвывам» (1988), «Развітальная гастроль» (1991), п’ес «Ліха крадзецца ціха» (1976), «Канфлікт мясцовага значэння» (1989) і інш. У творы для дзяцей уводзіць прыгодніцкі і фантаст. элемент (кнігі «Падарожжа ў калгас», 1970; «Зямля ў нас такая», 1971; «Навасёлы, або Праўдзівая, часам вясёлая, часам страшнаватая кніга пра незвычайны месяц у жыцці Жэні Мурашкі», 1972; «Прыгоды Бульбобаў», 1977; «Грот афаліны», 1985; «Эрпіды на планеце Зямля», 1987; «Прыйдзі, дзень-залацень!», 1993, і інш.). Піша вершы.

На бел. мову пераклаў паэму М.​Гогаля «Мёртвыя душы», казку П.​Яршова «Канёк-гарбунок», аповесці Я.​Носава «Шуміць лугавая аўсяніца» і «Чырвонае віно перамогі», У.​Цендракова «Ноч пасля выпуску» і інш.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1991;

Між мінулым і будучым. Мн., 1986;

Акрабат у бутэльцы. Мн., 1994.

Літ.:

Юрэвіч У. Абрысы. Мн., 1976;

Шупенька Г. Цеплыня чалавечнасці. Мн., 1977;

Дзюбайла П. Беларускі раман. Гады 70-я. Мн., 1982;

Андраюк С. Жыць чалавекам. Мн., 1983;

Савік Л. Каб не астыла цяпло зямлі. Мн., 1984.

С.​А.​Андраюк, І.​У.​Саламевіч.

П.А.Місько.

т. 10, с. 475

МІСЮ́К (Мікалай Сямёнавіч) (19.12.1919, г. Котлас Архангельскай вобл., Расія — 13.10.1990),

бел. вучоны ў галіне неўрапаталогіі. Чл. кар. АМН СССР (1969), д-р мед. н. (1957), праф. (1958). Скончыў Ленінградскую ваенна-марскую мед. акадэмію (1942). З 1960 у Мінскім мед. ін-це (да 1989 заг. кафедры). Навук. працы па стэрэатаксічных аперацыях на падкоркавых структурах пры хваробах галаўнога мозга, нейракібернетыцы і прыкладной кібернетыцы, механізмах мозга.

Тв.:

Корреляционно-регрессионный анализ в клинической медицине. М., 1975 (разам з А.​С.​Мастыкіным, Г.​П.​Кузняцовым);

ЭВМ в диагностике нервных болезней. Мн., 1978;

Неотложная помощь в невропатологии. Мн., 1979 (разам з А.​М.​Гурленем, М.​С.​Дроніным).

М.С.Місюк.

т. 10, с. 475

МІСЯВІ́ЧЫ,

вёска ў Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 64 км на ПдЗ ад г.п. Воранава, 87 км ад Гродна, 55 км ад чыг. ст. Бастуны. 230 ж., 86 двароў (1999). Клуб, б-ка, аддз. сувязі.

т. 10, с. 475

МІС ВАН ДЭР РО́Э ((Mies van der Rohe) Людвіг) (27.3.1886, г. Ахен, Германія — 17.8.1969),

нямецкі архітэктар; адзін з лідэраў функцыяналізму. Прафес. адукацыі не атрымаў. З 1905 працаваў у Берліне, у т. л. ў майстэрні П.Берэнса. У 1930—33 дырэктар «Баўгауза» ў г. Дэсаў. З 1937 у ЗША. У 1938—58 выкладаў у Ілінойскім тэхнал. ін-це ў Чыкага. Пабудовы 1910-х г. у духу неакласіцызму (дом Перльса ў Берліне, 1911). У 1920-я г. выступіў з серыяй эксперым. праектаў, у якіх падкрэсленая выразнасць навясных канструкцый спалучаецца з экспрэсіўнай формай аб’ёмаў, стварыў тып жылога дома са стальным каркасам і зменнай унутр. планіроўкай. На творчасць пач. 1930-х г. паўплывала гал. група «Стыль»; работы сталі больш выразнымі па кампазіцыі, у іх інтэр’ерах сцены-шырмы падзялялі ўнутр. прастору на асобныя, звязаныя паміж сабой зоны (павільён Германіі на Сусв. выстаўцы ў г. Барселона, 1929; дом Тугендхата ў г. Брно, 1930). У 1940—50-я г. прапанаваў ідэю дасканалай «універсальнай формы» — адзінай унутр. прасторы, якая дае максімум магчымасцей для разнастайнага выкарыстання інтэр’ера (будынак арх. ф-та Ілінойскага тэхнал. ін-та, 1952—56); да элементарных геам. форм прыведзены аб’ёмы вышынных будынкаў: жылыя дамы на Лейк Шор Драйв (1950—51) і на Комануэлс Праменад (1957) у Чыкага, канторскія будынкі Сігрэм-білдынг у Нью-Йорку (1956—58), Дамініян-сентэр у г. Таронта (1967). Арыгінальным вырашэннем адметны будынак Нац. галерэі ў Берліне (1968). Яго творчасць паўплывала на архітэктараў ЗША і Зах. Еўропы.

Літ.:

Мачульский Г.К. Мис ван дер Роэ. М., 1969.

Л.Міс ван дэр Роэ. Будынак Нацыянальная галерэі ў Берліне. 1968.

т. 10, с. 471