Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Кацэнбоген Саламон Захаравіч

т. 18, кн. 1, с. 405

КАЦЮБІ́НСКІ (Міхаіл Міхайлавіч) (17.9.1864, г. Вінніца, Украіна — 25.4.1913),

украінскі пісьменнік. Скончыў Шаргарадскае духоўнае вучылішча (1880). Друкаваўся з 1890. Яго грамадска-паліт. і эстэт. погляды фарміраваліся пад уплывам народніцтва і рэв. дэмакратаў. Майстар сац.-псіхал. навелы: «Папомсціўся» (1894), «На крылах песні» (1895), «Дарагою цаною» (1902, экранізацыя 1958), «Смех», «Ён ідзе!» (абедзве 1906), «Сон» (1911), «Коні не вінаватыя» (1912, экранізацыя 1957) і інш., у якіх паказаў бяспраўнасць народа, яго імкненне да волі, выступаў у абарону годнасці чалавека, сцвярджаў непазбежнасць рэв. змагання. У аповесці «Fata morgana» (ч. 1—2, 1904—10) дадзена шырокая панарама падзей рэв. 1905—07 і перыяду рэакцыі. Гуманізмам прасякнута аповесць «Цені забытых продкаў» (1912, экранізацыя 1965). Пісаў для дзяцей. Творам К. ўласцівы лірызм, паглыблены псіхалагізм, рамант. паэтызацыя вобразаў. На бел. мову паасобныя творы К. пераклалі А.Жук, В.Рагойша, Л.Салавей.

Тв.:

Твори. Т. 1—7. Київ, 1973—75;

Бел. пер. — Нюрэнбергскае яйка. Мн., 1939;

Аповесці. Мн., 1980;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—4. М., 1965.

Літ.:

Иванов Л.М. Коцюбинский. М., 1956;

Калениченко Н.Л. Михайло Коцюбинський. Київ, 1984;

Кузнецов Ю.Б Поетика прози Михайла Коцюбинського Київ, 1989.

В.А.Чабаненка.

М М.Кацюбінскі.

т. 8, с. 192

«КАЦЮ́ША»,

народная назва баявых машын рэактыўнай артылерыі ў Вял. Айч. вайну. Мяркуюць, што паходжанне назвы звязана з заводскай маркай (літара «К»), якая была на машыне, і з аднайм. папулярнай песняй. Іл. «К» (БМ-13) гл. ў арт. Артылерыя.

т. 8, с. 193

«КАЦЮ́ША»,

мемарыяльны комплекс у г. Орша Віцебскай вобл. Створаны ў 1966 у гонар першага залпа «кацюш», зробленага па ням.-фаш. захопніках 14.7.1941 батарэяй капітана І.А.Флёрава (арх. Ю.Градаў, В.Занковіч, Л.Левін). На мосце цераз Дняпро і 17-метровым адхоне на розных узроўнях размешчаны гал. часткі мемарыяла. Пры ўваходзе на тэр. комплексу невял. куб з інфармацыйным надпісам. На ўзвышшы на 7 тумбах рытмічна ўстаноўлены 8-метровыя жалезабетонныя элементы, якія сімвалізуюць мінамётны залп з 7 установак. У цэнтры самай высокай пляцоўкі на пастаменце рэактыўная ўстаноўка «БМ-13». Аб’ядноўвае кампазіцыю бетонны стылабат.

М.М.Яніцкая.

Фрагмент мемарыяльнага комплексу «Кацюша».

т. 8, с. 193

КАЦЮШЭ́НКА (Міхась) (Міхаіл Пятровіч; н. 1.3.1947, Мінск),

бел. пісьменнік. Канд. філал. н. (1987). Скончыў БДУ (1971), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1987). Працаваў у газ. «Чырвоная змена», апараце ЦК ЛКСМБ, у 1979—84 і ў 1992—94 гал. рэдактар газ. «Знамя юности», у 1987—94 нам. гал. рэдактара час. «Крыніца». Друкуецца з 1968. У цэнтры твораў К. маральна-этычныя праблемы сучасніка, аналіз складаных сітуацый і пошукі выйсця з іх, тэмы Вял. Айч. вайны, спорту і інш. Аўтар кніг «Першая восень» (1972), «Трэці раунд» (1977), «Адзін дождж на ўсіх» (1979), «Дні, як усе іншыя» (1981), «Сустрэча пасля развітання» (1984) і інш., сцэнарыя дакумент. фільма пра П.Клімука «Хроніка знаходжання на зямлі» (1981, з В.Грышановічам).

Тв.:

Урок маўчання: Раман, апавяданні. Мн., 1988;

Прызнанне левага крайняга: Раман, аповесць. Мн., 1990.

М.П.Кенька.

т. 8, с. 193

КАЦЯМЯ́ТКА (Nepeta),

род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 250 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 дзікарослы від — К. каціная, або каціная мята (N. cataria, нар. назвы лясная крапіва, меліса). Трапляецца ў лясах, хмызняках, на пустках. 6 відаў інтрадукаваныя ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі: К. Мусіна (N. mussinii), буйнакветная (N. grandiflora), ножкакалосая (N. podostachys), сібірская (N. sibirica), венгерская (N. pannonica), маньчжурская (N. manchuriensis).

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з галінастым, апушаным сцяблом выш. да 100 см, з моцным своеасаблівым пахам, які прываблівае кошак (адсюль назва). Лісце суцэльнае, зубчастае. Кветкі ў коласа-, гронкападобных або мяцёлчатых суквеццях. Вяночак двухгубы. Плод — 4-арэшак. Эфіраалейныя, прыпраўныя, лек., меданосныя і дэкар. расліны.

Кацямятка.

т. 8, с. 193

КАЦЯРЫ́НА I Аляксееўна

(15.4.1684, каля г. Алуксне, Латвія — 17.5.1727),

расійская імператрыца [1725—27]. Дачка бел. прыгоннага селяніна-католіка С.Скаўронскага, які перасяліўся з Мінскага ваяв. ў Ліфляндыю; да прыняцця праваслаўя мела імя Марта. У час Паўн. вайны 1700—21 пры ўзяцці рас. войскамі ў вер. 1702 г. Марыенбург (цяпер Алуксне) трапіла ў палон. З 1705 неафіцыйная, з 1712 афіцыйная жонка Пятра I. Нарадзіла 8 дзяцей, з якіх выжылі 2 дачкі — Ганна (1708—28) — герцагіня гольштэйнская, маці рас. імператара Пятра III, і Лізавета (1709—62) — будучая імператрыца Лізавета Пятроўна. Каранавана ў 1724. Пасля смерці Пятра I узведзена на прастол гвардз. палкамі на чале з А.Д.Меншыкавым, які пры ёй фактычна кіраваў дзяржавай. У яе цараванне створаны Вярхоўны тайны савет, адкрыта рас. АН у Пецярбургу (1725).

Літ.:

Андреев В. Представители власти в России после. Петра I: Репр. воспр. изд. 1871 г. Мн., 1990;

Буганов В.И. Екатерина 1 // Вопр. истории. 1994. № 11.

Кацярына I. Мастак Ж.М.Нацье. 1717.

т. 8, с. 193

КАЦЯРЫ́НА II (Аляксееўна) (сапр. Софія Фрэдэрыка Аўгуста Ангальт-Цэрбсцкая; 2.5.1729, г. Шчэцін, Польшча — 17.11.1796),

расійская імператрыца [1762—96]. З 1745 жонка Пятра III. Маці Паўла I. 9.7.1762 з дапамогай гвардыі скінула з прастола мужа. Праводзіла актыўную ўнутр. (асветны абсалютызм, Генеральнае межаванне, Даравальная грамата 1785, задушэнне Сялянскай вайны 1773—75 і інш.) і знешнюю (Варшаўскі дагавор 1768, рус.-тур. войны 1768—74 і 1787—91, рус.-швед. вайна 1788—90, неўмяшанне Расіі ў вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83, удзел Расіі ў падзелах Рэчы Паспалітай, далучэнне да Рас. імперыі бел. і інш. зямель) палітыку. Займалася літ. творчасцю і публіцыстыкай.

Тв.:

Рус. пер. — Записки императрицы Екатерины II. М., 1990 (Рэпрынт. перадрук: Лондон, 1859).

Літ.:

Россия XVIII в. глазами иностранцев. Л., 1989;

Андреев В. Представители власти в России после Петра I: Репр. воспр. изд. 1871 г. Мн., 1990;

Каменский А.Б. «Под сению Екатерины...»: Вторая половина XVIII в. СПб., 1992;

Анішчанка Я.К. Беларусь у часы Кацярыны II (1772—1796 гг.). Мн., 1998.

Кацярына II.

т. 8, с. 193