КАЦЯМЯ́ТКА (Nepeta),

род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 250 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 дзікарослы від — К. каціная, або каціная мята (N. cataria, нар. назвы лясная крапіва, меліса). Трапляецца ў лясах, хмызняках, на пустках. 6 відаў інтрадукаваныя ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі: К. Мусіна (N. mussinii), буйнакветная (N. grandiflora), ножкакалосая (N. podostachys), сібірская (N. sibirica), венгерская (N. pannonica), маньчжурская (N. manchuriensis).

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з галінастым, апушаным сцяблом выш. да 100 см, з моцным своеасаблівым пахам, які прываблівае кошак (адсюль назва). Лісце суцэльнае, зубчастае. Кветкі ў коласа-, гронкападобных або мяцёлчатых суквеццях. Вяночак двухгубы. Плод — 4-арэшак. Эфіраалейныя, прыпраўныя, лек., меданосныя і дэкар. расліны.

Кацямятка.

т. 8, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)