КАЦЮБІ́НСКІ (Міхаіл Міхайлавіч) (17.9.1864, г. Вінніца, Украіна — 25.4.1913),

украінскі пісьменнік. Скончыў Шаргарадскае духоўнае вучылішча (1880). Друкаваўся з 1890. Яго грамадска-паліт. і эстэт. погляды фарміраваліся пад уплывам народніцтва і рэв. дэмакратаў. Майстар сац.-псіхал. навелы: «Папомсціўся» (1894), «На крылах песні» (1895), «Дарагою цаною» (1902, экранізацыя 1958), «Смех», «Ён ідзе!» (абедзве 1906), «Сон» (1911), «Коні не вінаватыя» (1912, экранізацыя 1957) і інш., у якіх паказаў бяспраўнасць народа, яго імкненне да волі, выступаў у абарону годнасці чалавека, сцвярджаў непазбежнасць рэв. змагання. У аповесці «Fata morgana» (ч. 1—2, 1904—10) дадзена шырокая панарама падзей рэв. 1905—07 і перыяду рэакцыі. Гуманізмам прасякнута аповесць «Цені забытых продкаў» (1912, экранізацыя 1965). Пісаў для дзяцей. Творам К. ўласцівы лірызм, паглыблены псіхалагізм, рамант. паэтызацыя вобразаў. На бел. мову паасобныя творы К. пераклалі А.Жук, В.Рагойша, Л.Салавей.

Тв.:

Твори. Т. 1—7. Київ, 1973—75;

Бел. пер. — Нюрэнбергскае яйка. Мн., 1939;

Аповесці. Мн., 1980;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—4. М., 1965.

Літ.:

Иванов Л.М. Коцюбинский. М., 1956;

Калениченко Н.Л. Михайло Коцюбинський. Київ, 1984;

Кузнецов Ю.Б Поетика прози Михайла Коцюбинського Київ, 1989.

В.А.Чабаненка.

М М.Кацюбінскі.

т. 8, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)