ВЫКЛЮ́ЧНАЕ СТАНО́ВІШЧА,
гл. ў арт. Асобае становішча.
т. 4, с. 311
ВЫКЛЮ́ЧНАЯ МЕ́РА ПАКАРА́ННЯ,
гл. ў арт. Смяротная кара.
т. 4, с. 311
ВЫКЛЮ́ЧНЫ ЗАКО́Н СУ́ПРАЦЬ САЦЫЯЛІ́СТАЎ,
«Закон супраць шкодных і небяспечных памкненняў сацыял-дэмакратыі», антыдэмакратычны заканад. акт, накіраваны супраць сацыяліст. і рабочага руху ў Германіі ў 1878—90. Ініцыіраваны рэйхсканцлерам О.Бісмаркам. Прыняты рэйхстагам і набыў сілу ў кастр. 1878 (тэрмін дзеяння 2,5 года; прадоўжаны ў 1881, 1884, 1886 і 1888). Паводле закону забараняліся с.-д. і распускаліся многія рабочыя арг-цыі, закрываліся рабочыя газеты і часопісы, канфіскоўвалася сацыяліст. л-ра і інш. За гады яго дзеяння распушчана 350 рабочых арг-цый, арыштавана 1500 і выслана 900 чал. Жорсткая рабочая палітыка Бісмарка выклікала новыя хвалі выступленняў працоўных і рост сярод іх папулярнасці с.-д. партыі. Пасля адстаўкі Бісмарка (1890) тэрмін дзеяння закону не быў прадоўжаны і ён страціў сілу.
т. 4, с. 311
ВЫКО́РМЛІВАННЕ дзіцяці. Адрозніваюць выкормліванне натуральнае, штучнае і змешанае. Натуральнае, або грудное выкормліванне малаком маці — найлепшы і самы бяспечны спосаб выкормлівання. Арганізм дзіцяці забяспечваецца неабходнымі пажыўнымі рэчывамі, змяншаецца рызыка захворванняў, умацоўваецца і здароўе жанчыны-маці. Натуральнае выкормліванне не выключае з харчавання дзіцяці 1-га месяца жыцця харч. дабавак (адвары садавіны, гародніны), а пазней і прыкорму (сокі, працёртыя яблыкі, пюрэ, жаўток, тварог, мясныя булёны, кашы і інш.). Склад і тэрміны ўвядзення прыкорму ўзгадняюцца з педыятрам. Доўжыцца грудное выкормліванне 1—1,5 года (па апошніх звестках, 2 гады і больш). Штучнае выкормліванне выкарыстоўваецца пры адсутнасці малака ў маці або калі лактацыя забяспечвае не болей як 20% патрэбы дзіцяці ў малацэ, пры хваробах маці, прыроджаных дэфектах ротавага апарату ў дзіцяці і інш. Грунтуецца пераважна на спажыванні штучных заменнікаў малака — салодкіх і кіслых малочных сумесей, патрабуе рэгулярнага мед. кантролю і назірання за фіз. развіццём дзіцяці. Пры змешаным выкормліванні аб’ём заменнікаў жаночага малака ў агульным рацыёне дзіцяці складае не больш за 20% сутачнай колькасці ежы.
Р.У.Дэрфліа.
т. 4, с. 311
ВЫКУПНА́Я АПЕРА́ЦЫЯ,
дзяржаўная крэдытная аперацыя па выкупе сялянамі зямлі ў Рас. імперыі, састаўная частка сялянскай рэформы 1861. Паводле яе ўмоў селянін меў права выкупіць сядзібны ўчастак без згоды памешчыка, а палявы надзел — са згоды памешчыка. Выкупны кошт надзельнага ўчастка вызначаўся шляхам капіталізацыі з 6% гадавога грашовага аброку. Фактычна сяляне выкуплялі не зямлю, а феад. павіннасці, г.зн. асабістую свабоду. 20—25% выкупнога кошту селянін выплачваў памешчыку адразу пры заключэнні выкупной здзелкі. На астатнія 75—80% давалася пазыка на 49 гадоў (па 6% штогод).
Абавязковы выкуп на Беларусі, Правабярэжнай Украіне і ў Літве ўведзены ў 1863 (у інш. рэгіёнах Расіі з 1883). Пад уплывам паўстання 1863—64 і масавага руху сялян ім вярнулі частку адрэзкаў і паменшылі выкупныя плацяжы. Рэв. сітуацыя ў канцы 1870 — пач. 1880-х г., значны недабор выкупных плацяжоў зноў прымусілі царскі ўрад на пач. 1880-х г. крыху скараціць памеры выкупу ў шэрагу рэгіёнаў (на Беларусі — у Магілёўскай губ., у Віцебскім і Гарадоцкім пав. Віцебскай губ.).
Пад уплывам рэв. падзей 1905 урад быў вымушаны адмяніць выкупныя плацяжы. Выкупная аперацыя фактычна азначала рабаванне сялян памешчыкамі і царызмам. У 1861—1906 б. памешчыцкія сяляне 5 зах. губерняў Расіі заплацілі 170 млн. руб. выкупу. У выніку дзяржава атрымала даходу каля 100 млн. руб.
В.П.Панюціч.
т. 4, с. 311