ВЫ́ДРЫЦА,
вёска ў Крупскім р-не Мінскай вобл., на р. Бобр. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 21 км на ПдЗ ад г. Крупкі, 122 км ад Мінска, 17 км ад чыг. ст. Крупкі. 245 ж., 120 двароў (1996). Лясніцтва, сярэдняя школа, б-ка, аддз. сувязі.
т. 4, с. 307
ВЫ́ДРЫЦКІ БОЙ 1942,
бой паміж аб’яднанымі сіламі партыз. атрадаў 128-га, Г.Я.Сарокі, узвода 277-га атрада, групы партызан падпалк. Чырв. Арміі А.К.Спрогіса і гарнізонам ням.-фаш. захопнікаў 11 вер. ў в. Выдрыца Крупскага р-на Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Выдрыцкі гарнізон уваходзіў у сістэму абароны праціўніка па забеспячэнні сплаву лесу па р. Бобр і бяспекі транспарту на чыг. участку Барысаў—Крупкі. Партызаны засадамі перакрылі дарогі на в. Вяляцічы і г.п. Крупкі, перайшлі ўброд раку за 2 км ад Выдрыцы і пад прыкрыццём шчыльнага агню атакавалі гарнізон. У час бою каля аднаго з дзотаў па-геройску загінула камандзір дыверсійнай групы А.Ф.Колесава.
т. 4, с. 307
ВЫ́ДРЫЦКІ ЗАВО́Д СУХО́Й ПЕРАГО́НКІ ДРАЎНІ́НЫ.
Дзейнічаў на Беларусі ў 1900—16 ва ўрочышчы Выдрыца Аршанскага пав. Магілёўскай губ. Адно з буйных хім. прадпрыемстваў Рас. імперыі. Выпускаў драўняны і метылавы спірт, воцат, фармалін, воцатную кіслату, воцатнакіслы натрый, драўняны вугаль, смалу, ацэтон і інш. У 1913 меў 9 паравых рухавікоў, працавала 150 пастаянных і 300 часовых рабочых, выпушчана прадукцыі на 500 тыс. руб. У час 1-й сусв. вайны пастаўляў прадукцыю ваен. ведамству.
т. 4, с. 307