АТАМАХО́Д,
судна з ядзернай энергетычнай устаноўкай. Першы атамаход — ледакол «Ленін», пабудаваны ў б. СССР у 1959, у ЗША — грузапасажырскае судна «Саванна» (1962).
т. 2, с. 67
АТА́МІ,
бальнеакліматычны курорт у Японіі. На ПдЗ ад Токіо, на ўзбярэжжы Ціхага ак., на дне аднайм. вулканічнага кратэра. Развіваецца з 1930-х г. Крыніцы тэрмальных мінер. водаў (каля 90 °C) вядомы з 6 ст. Лечаць хваробы скуры, органаў руху і апоры, перыферычнай нерв. сістэмы. Цэнтр турызму. Музей яп. жывапісу і скульптуры, славутыя сады з мноствам трапічных раслін і рыбай, паблізу запаведнік камелій. Штогоднія маст. фестывалі ў «Абрыкосавым садзе».
т. 2, с. 67
АТАМІЗА́ЦЫЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,
адасабленне індывідуумаў у выніку распаду асобасных сувязяў паміж імі. Найчасцей адбываецца ў пераходныя перыяды гіст. развіцця, у часы крызісаў і катастроф, калі ў грамадстве нарастае недавер да дзярж. улады, імкненне людзей ва ўсім разлічваць толькі на ўласныя сілы. Характарызуецца парушэннем і нават разбурэннем шляхоў і спосабаў уключэння чалавека ў прафес., тэр., субкульт. і інш. супольніцтвы, адасабленнем яго ад інш. людзей, набыткаў культуры, маралі, палітыкі, суседства і гэтак далей. Гэты працэс суправаджаецца парушэннямі законнасці, ростам злачыннасці, антыграмадскімі паводзінамі, наркаманіяй, хабарніцтвам і інш. негатыўнымі сац. з’явамі. На Беларусі і ў інш. краінах СНД працэс атамізацыі сацыяльнай пашырыўся ў перыяд крызісу ў сувязі з пераходам ад таталітарна-адм. да дэмакр. сістэмы.
Прыкладам філас. асэнсавання атамізацыі сацыяльнай з’яўляецца канцэпцыя Т.Гобса, што прырода вельмі раз’ядноўвае людзей, і для іх натуральнай магла б стаць «вайна ўсіх супраць усіх». Гэта ідэя развіта у працах Дж.Лока і А.Сміта. Супраць яе выступаў Г.Гегель, які лічыў атамізацыю сацыяльную толькі адным з многіх момантаў грамадскага існавання індывідуумаў у грамадскай супольнасці, адарванай ад сям’і і дзяржавы. К.Маркс трансфармаваў гэтую думку ў канцэпцыю адчужэння асобы ад чалавечых умоў існавання ў эксплуататарскім грамадстве. У 20 ст. праблемы атамізацыі сацыяльнай вывучалі сацыёлагі і філосафы зах. краін Ф.Цэніс, Г.Фраер, Г.Маркузе, Э.Фром, М.Хоркхаймер і інш.
Літ.:
Бабосов Е.М. Катастрофы: социол. анализ. Мн., 1995.
Я.М.Бабосаў.
т. 2, с. 67
АТАМІ́СТЫКА,
атамізм, вучэнне пра дыскрэтную (перарыўную) будову матэрыі. Узнікла ў антычнай філасофіі. Адзін з яе стваральнікаў Дэмакрыт сцвярджаў, што першапачаткам усяго існага з’яўляюцца атамы (быццё) і пустата (небыццё). Атам — самая малая, непадзельная, непранікальная, неўспрымальная органамі пачуццяў частка рэчыва. Існуе бясконцая колькасць атамаў, якія адрозніваюцца сваёй формай, парадкам і размяшчэннем, чым і тлумачыцца разнастайнасць з’яў у свеце. Атамістыка Дэмакрыта была натурфіласофскай гіпотэзай. З развіццём прыродазнаўчых навук, фізікі і хіміі атамістыка становіцца вучэннем, калі ў канцы 19 ст. была выяўлена складаная структура атама, а вучэнне пра атам дапоўнена вучэннем пра малекулу. З развіццём у 20 ст. квантавай тэорыі ўяўленне пра атам, яго структуру і ўласцівасці яго элементаў істотна змянілася.
Т.І.Адула.
т. 2, с. 67
А́ТАМНАЯ АДЗІ́НКА МА́СЫ
(а.а.м.),
адзінка масы атамаў, малекул і элементарных часціц. Вызначаецца як 1/12 масы атама ізатопа вугляроду 12C. 1 а.а.м. = (1,66053±0,00031)·10-27 кг.
т. 2, с. 67
А́ТАМНАЯ АДЗІ́НКА ЭНЕ́РГІІ
(а.а.э.),
пазасістэмная адзінка энергіі, роўная энергіі, што адпавядае адной атамнай адзінцы масы (а.а.м.); 1 а.а.э. = 1 а.а.м.·c2, дзе c — скорасць святла ў вакууме. 1 а.а.э. = 1,491451·10-10 Дж = 931,5016 МэВ. Выкарыстоўваецца ў ядзернай фізіцы.
т. 2, с. 67
А́ТАМНАЯ МА́СА,
маса атама хімічнага элемента, выражаная ў атамных адзінках масы. Як асн. характарыстыка элементаў выкарыстана ў перыядычнай сістэме элементаў Мендзялеева. Прыродныя элементы ўтвараюцца з сумесі ізатопаў, таму за атамную масу элемента прымаецца сярэдняе значэнне атамных мас яго ізатопаў, а атамная маса з’яўляецца дробавай велічынёй. Адзін з метадаў вызначэння атамнай масы — мас-спектраметрыя.
т. 2, с. 67
А́ТАМНАЯ ПАДВО́ДНАЯ ЛО́ДКА,
гл. ў арт. Падводная лодка.
т. 2, с. 67