Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АВАНГАРДЫ́ЗМ,

умоўная абагульненая назва мастацкіх кірункаў 20 ст., для якіх характэрны пошукі новых, небывалых, часта штучных формаў і сродкаў мастацкага выяўлення, недаацэнка або адмаўленне традыцый і абсалютызацыя наватарства. Народжаны духоўнай атмасферай часу і яго катаклізмаў, авангардызм адлюстроўвае супярэчнасці паміж рознымі сістэмамі і тэхнікамі кампазіцыі і барацьбу светапоглядных пазіцый. Адны тэарэтыкі і практыкі авангардызм дэкларуюць стварэнне элітарнага мастацтва, адчужанага ад сац. задач, другія, наадварот, звязваюць пошук прынцыпова новых выразных сродкаў з неабходнасцю перадачы настрояў сац. пратэсту. З’яўляючыся крайняй праявай больш шырокага кірунку — мадэрнізму, авангардызм выявіўся пераважна не ў закончаных формах, а ў тэндэнцыях да выцяснення традыц. тэм, сюжэтаў і прынцыпаў кампазіцыі, гіпертрафіі ўмоўнасці. Для яго характэрны падкрэсленая эмацыянальнасць, скіраваная непасрэдна да пачуццяў (экспрэсіянізм), імкненне разбурыць традыц. эстэтыку (дадаізм), замяніць пасіўную эстэтычнасць актыўным сац. дзеяннем («левае» мастацтва і рус. футурызм), спроба ўздзейнічаць на падсвядомасць (сюррэалізм) і г.д. Пачаў бурна развівацца ў 1910—20-я г., аб’ядноўваючы розных па творчай стылістыцы прыхільнікаў (Л.Арагон, Б.Брэхт, У.Маякоўскі, В.Незвал і інш.), якія бачылі ў авангардызме разбурэнне ідэалаг. міфаў бурж. грамадства. Паступова прынцыповая антыідэалаг. накіраванасць многіх прадстаўнікоў авангардызму прывяла іх у 1960-я г. да поўнага адмаўлення традыц. культуры.

Літ.:

Гл. пры арт. Мадэрнізм.

У.М.Конан.

т. 1, с. 59

АВАНЕ́САЎ Рубен Іванавіч

(14.2.1902, г. Шуша, Нагорны Карабах — 1.5.1982),

рускі мовазнавец. Чл.-кар. АН СССР (1958). Д-р філал. н. (1948), праф. (1937). Скончыў Маскоўскі ун-т (1925). Працы па фанетыцы і фаналогіі (адзін з заснавальнікаў Маскоўскай фаналагічнай школы), арфаэпіі і арфаграфіі, гісторыі і дыялекталогіі рус. мовы. Кіраўнік і гал. рэдактар «Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа» (1958—82). Адзін з аўтараў і рэдактараў «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (1963) і «Лінгвістычнай геаграфіі і групоўкі беларускіх гаворак» (1968—69; Дзярж. прэмія СССР 1971). Пад яго кіраўніцтвам падрыхтавана першае пасляваен. пакаленне бел. лінгвістаў.

Літ.:

Библиография трудов Р.И.Аванесова // Русское и славянское языкознание: К 70-летию Р.И.Аванесова. М., 1972;

Бірыла М.В. Р.І.Аванесаў // Бел. лінгвістыка. Мн., 1983. Вып. 22.

т. 1, с. 59

АВАНЗА́ЛА

(ад аван... + франц. salle зала),

памяшканне перад гал. залай у вял. грамадскіх будынках, палацах. У сучасных тэатр., кінаканцэртных і інш. відовішчных будынках аванзала — вестыбюль перад партэрам глядзельнай залы.

т. 1, с. 59

АВАНПО́СТ

(ад аван... + франц. poste пост),

перадавая варта для назірання за праціўнікам. У арміі Рас. імперыі ў 18—19 ст. аванпост — перадавая ахоўная варта (пяхотная або конная), якая выстаўлялася дзеля засцярогі свайго войска, размешчанага на адпачынак або ў абароне, ад раптоўнага нападу праціўніка. Выкарыстоўваецца ў сучасных арміях некаторых дзяржаў.

т. 1, с. 59

АВА́НС

(франц. avance),

грашовая сума або маёмасная каштоўнасць, якая выдаецца папярэдне ў лік будучых плацяжоў за прадукцыю, работу ці паслугі. Аванс атрымліваюць работнікі як частку заработнай платы, на камандзіровачныя ці гасп. затраты. Аванс могуць атрымліваць прадпрыемствы, установы, прадпрымальнікі пры заключэнні дагавораў і камерцыйных здзелак (у гэтым выпадку аванс можа пераводзіцца і па безнаяўным разліку). У выпадку невыканання дагавора, паводле якога выдадзены аванс, ён павінен быць вернуты.

т. 1, с. 59

АВАНСАВА́НЫ КАПІТА́Л,

грашовая сума, затрачаная на куплю сродкаў вытв-сці і рабочай сілы з мэтай атрымання прыбытку. Частка авансаванага капіталу, затрачаная на куплю прылад і прадметаў працы, утварае пастаянны капітал, а авансаваная на куплю рабочай сілы — пераменны капітал. Прайшоўшы сферу абарачэння, авансаваны капітал вяртаецца да прадпрымальніка ў выглядзе 3 частак: вартасці спажытых асноўнага капіталу і абаротнага капіталу (выдаткі вытв-сці) і прыбытку.

т. 1, с. 59

АВАНСЦЭ́НА

(ад аван... + сцэна),

пярэдняя частка сцэны (паміж заслонай і рампай). Як ігравая пляцоўка выкарыстоўваецца ў оперных і балетных спектаклях, у драматычных — як месца дзеяння перад закрытай заслонай для невял. сцэн, якія звязваюць асн. карціны спектакля.

т. 1, с. 59

АВАНТУРЫ́ЗМ

(ад франц. aventure прыгода),

дзейнасць, заснаваная на рызыкоўных падазроных учынках з мэтай дасягнуць лёгкага поспеху, выгады; справа, распачатая без уліку рэальных умоў і магчымасцяў. Як правіла, мае на мэце задавальненне карыслівых інтарэсаў, але ў большасці выпадкаў канчаецца правалам. Найб. страты грамадству прыносяць палітычны, эканам., ваенны авантурызм.

т. 1, с. 59

АВАНТУРЫ́Н,

мінерал, шчыльны празрысты дробназярністы кварц з уключэннямі гематыту, слюды і інш. Колер серабрыста-белы, чырванавата-буры, залаціста-жоўты, радзей зялёны, сіні. Бляск мігатлівы, іскрысты, з пералівамі. Радовішчы звязаны з метамарфічнымі тоўшчамі кварцытаў. Выкарыстоўваецца як вырабны камень (вазы і інш.). Штучны авантурын — карычневае шкло з уключэннямі лісцікаў метал. медзі, што надае яму залацісты бляск.

т. 1, с. 59

АВАНТЫ́ТУЛ

(ад аван... + тытул),

першая старонка кнігі, якая папярэднічае тытульнаму лісту. На авантытуле могуць змяшчацца загаловак кнігі, назва выд-ва, яго марка, серыя і інш. звесткі.

т. 1, с. 59