Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАСТЭ́ЛЬ (ад франц. castel невял. замак),

сярэдневяковы замак, цытадэль з абарончымі сценамі, вежамі, жылымі карпусамі, храмам і ўнутр. дваром. Выконвалі ролю рэгіянальных цэнтраў абароны і місіянерства, былі месцам кірмашоў, збору падаткаў. Будавалі К. звычайна ў цяжкадаступным месцы, каля буйных населеных пунктаў, на мяжы заваяванай тэрыторыі, на гандл. шляхах ці скрыжаваннях стратэг. дарог.

Першыя К. паявіліся ў Стараж. Рыме — невял. прамавугольныя ў плане ўмацаванні, якія спалучалі формы рым. ваен. лагера з рысамі замка. Пасярэдзіне кожнага з 4 бакоў знаходзіліся брамы, што звычайна фланкіраваліся 2 вежамі. Вежы часта ўзводзілі і па вуглах умацавання. Памяшканні для жаўнераў і стайні прымыкалі да ўнутр. бакоў мураваных сцен або схілаў валоў. Пазней форму К. запазычылі візантыйцы і народы Зах. Еўропы. У 12—14 ст. іх узводзілі крыжакі і лівонскія рыцары ў Прыбалтыцы.

На Беларусі К. будавалі ў 13—1-й пал. 14 ст. для абароны ад крыжакоў. Яны адрозніваліся ад крыжацкіх большымі памерамі, узводзілі іх на невял. пясчаных выспах, ці штучных насыпах. Уяўлялі сабой пляцоўку, замкнёную высокімі (да 15—16 м) сценамі, змураванымі з палявога каменю, і 1—2 вежамі. З найб. небяспечных бакоў рабілі равы, якія часта абвадняліся. Гарнізонныя памяшканні будавалі з дрэва па ўнутр. баках сцен. Сярод пабудоў вылучаўся памерамі дом кашталяна (таксама драўляны). Пасярэдзіне К. выкопвалі 1—2 студні. Паводле планавай кампазіцыі да К. блізкія Лідскі замак і Крэўскі замак. У час варожых набегаў на замкавым двары знаходзілі паратунак жыхары навакольных вёсак.

Літ.:

Ткачев М.А. Замки Белоруссии. Мн., 1987.

М.А.Ткачоў.

т. 8, с. 158

КАСТЭ́НКА (Анатоль Іванавіч) (н. 27.1.1940, хутар Мацвееў Краснаармейскага р-на Краснадарскага краю, Расія),

бел. ваенны дзеяч, дыпламат. Ген.-палк. (1989). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1970) і Генштаба (1981). Служыў у групе сав. войск у Германіі, Бел. (1970—79) і Далёкаўсх. ваен. акругах. З 1987 1-ы нам. камандуючага, з 1989 каманд. войскамі Бел. ваен. акругі. З 1992 1-ы нам. міністра, у ліп. 1994 — чэрв. 1995 міністр абароны Рэспублікі Беларусь. З 1996 аташэ па пытаннях абароны, ваенны і ваенна-паветр. аташэ пры пасольстве Рэспублікі Беларусь у Каралеўстве Бельгія.

т. 8, с. 159

КАСТЭ́НКА (Ліна Васілеўна) (н. 19.3.1930, г.п. Ржышчаў Кагарлыцкага р-на Кіеўскай вобл.),

украінская паэтэса. Скончыла Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1956). Друкуецца з 1946. Аўтар паэтычных кніг «Промні зямлі» (1957), «Ветразі» (1958), «Вандроўкі сэрца» (1961), «Над берагамі вечнай ракі» (1977), «Непаўторнасць» (1980), «Сад нятаючых скульптур» (1987), гіст. рамана ў вершах «Маруся Чурай» (1979), драм. паэмы «Снег у Фларэнцыі» (1985) і інш. Паэзіі К. ўласцівы філас. роздум пра лёс чалавека на скрыжаваннях нац. і сусв. гісторыі, унутр. драматызм, інтэлектуальнае напружанне, гіст.-культуралагічная асацыятыўнасць. На бел. мову асобныя яе творы пераклалі В.Аколава, Д.Бічэль-Загнетава, В.Вітка, У.Карызна, В.Коўгун, Н.Мацяш, Р.Семашкевіч, Я.Сіпакоў, Я.Янішчыц. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1987.

Тв.:

Бел. пер. — Лірыка. Мн., 1989.

Літ.:

Брюховецький В. Ліна Костенко. Київ, 1990.

В.А.Чабаненка.

т. 8, с. 159

КАСТЭ́НКА (Наталля Якаўлеўна) (н. 20.2.1953, г. Туапсэ Краснадарскага краю, Расія),

бел. спявачка (сапрана). Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1979, клас А.Абразцовай). З 1981 салістка Нац. акад., т-ра оперы Беларусі. Валодае прыгожым голасам шырокага дыяпазону, выразнасцю вак. інтанацыі. Яе выкананню ўласцівы артыстычнасць, непасрэднасць, уменне перадаваць голасам танчэйшыя душэўныя зрухі. Сярод партый: Надзея («Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана; Дзярж. прэмія Беларусі 1990), Маргарыта («Майстар і Маргарыта» Я.Глебава), Наташа Растова («Вайна і мір» С.Пракоф’ева), Антонія («Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха), Мікаэла («Кармэн» Ж.Бізэ), Антаніда («Іван Сусанін» М.Глінкі), Аіда, Джыльда, Віялета («Аіда», «Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), мадам Батэрфляй («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Паміна («Чароўная флейта» В.А.Моцарта), Серпіна («Служанка-пані» Дж.Б.Пергалезі), Марфа («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Іаланта, Ліза («Іаланта», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага). Выканала таксама монаоперу «Чалавечы голас» Ф.Пуленка, партыі саліруючага сапрана ў рэквіемах Вердзі і Моцарта, ва «Урачыстай месе» Л.Бетховена і інш.

Літ.:

Клімковіч С. Калі спявае Наталля Касценка // Театральный Минск. 1989. № 6.

Г.Р.Куляшова.

Н.Кастэнка ў ролі Аіды.

т. 8, с. 159

Кастэнка Валерый Уладзіміравіч

т. 18, кн. 1, с. 404

КАСТЭ́Р (Coster) Шарль дэ, гл. Дэ Кастэр Шарль.

т. 8, с. 159

КАСУ́МАЎ (Імран Ашум аглы) (25.9.1918, Баку — 20.4.1981),

азербайджанскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Азербайджана (1979). Першы значны твор — кінасцэнарый «Падземны гул» (1937) прысвечаны геолагам-нафтавікам. Аўтар п’ес «Мара» (1938), «Мора любіць адважных» (1954), «Шырэй круг» (1954), аповесці «На дальніх берагах» (1954), рамана «Гады праходзяць» (1973, з Г.Сеідбейлі). Сцэнарыст маст.-дакументальных кінафільмаў «Аповесць пра нафтавікоў Каспія» і «Пакарыцелі мора» (Ленінская прэмія 1961). На бел. мову асобныя творы К. пераклаў М.Ткачоў.

Тв.:

Рус. пер. — Высокое назначение: Публицистика разных лет. М., 1979.

т. 8, с. 159

КАСЦЕ́ЕЎ (Абылхан) (1.1.1904, с. Чыжын Панфілаўскага р-на Талды-Курганскай вобл., Казахстан — 2.11.1973),

казахскі жывапісец і акварэліст. Нар. маст. Казахстана (1944). Вучыўся ў самадз. маст. студыі М.Г.Хлудава ў Алма-Аце (1929—31) і маст. студыі пры Доме нар. творчасці ў Маскве (1933). Аўтар тэматычных карцін, партрэтаў і пейзажаў: «Аўтапартрэт» і «Дзяўчына ў блакітнай сукенцы» (абедзве 1931), «Турксіб» (1932), «Партрэт маці» (1949), «Высакагорны каток» (1954), «Кар’ер Мангыстау» (1965), серыі «Стары быт» (1940), «На зямлі казахстанскай» (1955—65).

А.Касцееў. Дзяўчына ў блакітнай сукенцы. 1931.

т. 8, с. 159

КАСЦЕ́НІЧ (Ганна Трафімаўна) (4.8.1902, г. Магілёў — 12.4.1990),

бел. спявачка (мецца-сапрана). Скончыла Бел. муз. тэхнікум (1930), Бел. кансерваторыю (1937, клас П.Ціханава). У 1933—61 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала голасам прыгожага тэмбру, акцёрскімі здольнасцямі. Сярод партый: Вольга і Ларына, Паліна і Гувернантка, Салоха («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Чаравічкі» П.Чайкоўскага), Флора («Травіята» Дж.Вердзі), Берта («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Кэт («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні).

Б.С.Смольскі.

т. 8, с. 159

КАСЦЕ́НІЧ (Ерафей Васілевіч) (16.10.1854, в. Мужычок Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл. — 6.1.1906),

вучоны ў галіне афтальмалогіі. Д-р медыцыны (1887), праф. (1893). Скончыў Пецярбургскую ваен.-мед. акадэмію (1883). З 1894 праф. Варшаўскага ваен. шпіталя, з 1900 заг. вочнай клінікі і дырэктар вочнай лячэбніцы ў Пецярбургу.

У час адпачынкаў бясплатна лячыў і рабіў хірург. аперацыі сялянам на Беларусі. Навук. працы па пытаннях афтальмалогіі. Удасканаліў шэраг афтальмалагічных аперацый.

Тв.:

Развитие палочек, колбочек и наружного ядерного слоя в сетчатке зародыша человека. СПб., 1887.

т. 8, с. 159