КАСТЭ́НКА (Наталля Якаўлеўна) (н. 20.2.1953, г. Туапсэ Краснадарскага краю, Расія),

бел. спявачка (сапрана). Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1979, клас А.Абразцовай). З 1981 салістка Нац. акад., т-ра оперы Беларусі. Валодае прыгожым голасам шырокага дыяпазону, выразнасцю вак. інтанацыі. Яе выкананню ўласцівы артыстычнасць, непасрэднасць, уменне перадаваць голасам танчэйшыя душэўныя зрухі. Сярод партый: Надзея («Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана; Дзярж. прэмія Беларусі 1990), Маргарыта («Майстар і Маргарыта» Я.Глебава), Наташа Растова («Вайна і мір» С.Пракоф’ева), Антонія («Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха), Мікаэла («Кармэн» Ж.Бізэ), Антаніда («Іван Сусанін» М.Глінкі), Аіда, Джыльда, Віялета («Аіда», «Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), мадам Батэрфляй («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Паміна («Чароўная флейта» В.А.Моцарта), Серпіна («Служанка-пані» Дж.Б.Пергалезі), Марфа («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Іаланта, Ліза («Іаланта», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага). Выканала таксама монаоперу «Чалавечы голас» Ф.Пуленка, партыі саліруючага сапрана ў рэквіемах Вердзі і Моцарта, ва «Урачыстай месе» Л.Бетховена і інш.

Літ.:

Клімковіч С. Калі спявае Наталля Касценка // Театральный Минск. 1989. № 6.

Г.Р.Куляшова.

Н.Кастэнка ў ролі Аіды.

т. 8, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)