Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МІКРАСЕ́ЙСМЫ (ад мікра... + грэч. seismos ваганне, землетрасенне),

пругкія ваганні зямной паверхні. М. першага роду (перыяд 2—10 с), асабліва інтэнсіўныя на астравах і марскіх берагах, узнікаюць ад дзеяння тайфунаў і цыклонаў; другога роду (перыяд 0,1—0,001 с) — ад змены атмасфернага ціску, уздзеяння ветру на зямную паверхню, дзейнасці прамысл. прадпрыемстваў, работы транспарту, марскога прыбою і інш. Амплітуда М. ад доляў мікрона да соцень мікронаў, звычайна некалькі мікронаў.

т. 10, с. 361

МІКРАСКАПІ́Я,

агульная назва сукупнасці метадаў вывучэння нябачных вокам чалавека мікрааб’ектаў з дапамогай мікраскопа, які павялічвае іх адлюстраванне. Метады М. залежаць ад тыпу аптычнай сістэмы мікраскопа (напр., светлавая, люмінесцэнтная, палярызацыйная), характару аб’екта, спосабу яго падрыхтоўкі да назірання (прыжыццёвы, гістахімічны, аўтарадыёграфічны і інш.), дапаможных прылад (мікрафатаграфія, мікрафотаметрыя, сістэма аўтам. камп’ютэрнага аналізу і інш.).

т. 10, с. 361

МІКРАСКО́П (ад мікра... + ...скоп),

аптычная прылада для атрымання павялічанай выявы дробных аб’ектаў або дэталей іх структуры, не бачных простым вокам. Павелічэнне М. дасягае 1500—2000 (яно абмежавана дыфракцыйнымі з’явамі); раздзяляльная здольнасць 0,25 мкм (чалавечае вока не адрознівае дэталей аб’екта, размешчаных бліжэй за 0,08 мм). Большага павелічэння дасягаюць у М., дзе выкарыстоўваецца святло з меншай (<390 нм) даўжынёй хвалі ці імерсійная сістэма (мяжа раздзялення электронных мікраскопаў 0,01—0,1 нм).

М. з’яўляецца камбінацыяй 2 аптычных сістэм — аб’ектыва і акуляра, кожная з якіх складаецца з адной ці некалькіх лінзаў. М. бываюць: палярызацыйныя (для назірання аб’ектаў у палярызаваным святле), люмінесцэнтныя (для аб’ектаў, якія выпраменьваюць люмінесцэнтнае святло), інтэрферэнцыйныя і фазава-кантрастныя (выкарыстоўваюць метады, заснаваныя на інтэрферэнцыі святла), акустычныя (выяву аб’екта даюць у працэсе сканіравання яго пучком акустычных хваль сінхронна з растравай разгорткай праменя электронна-прамянёвай прылады), галаграфічныя (прызначаны для запісу інфармацыі пра дынамічныя аб’екты з выкарыстаннем лазера з паўтаральным імпульсным выпрамяненнем), тэрмахвалевыя (дзеянне заснавана на розных тэрмааптычных эфектах), інфрачырвоныя, металаграфічныя, стэрэаскапічныя, праекцыйныя, рэнтгенаўскія, тэлевізійныя і інш. Першы двухлінзавы М. пабудаваў З.Янсен (Нідэрланды, каля 1590), больш дасканалы, падобны на сучасны, сканструяваў Р.Гук (Вялікабрытанія, 1665). У 1673—77 А.Левенгук (Нідэрланды) з дапамогай М. адкрыў свет мікраарганізмаў. Тэарэт. разлік складаных М. даў ням. фізік Э.Абе ў 1872. У пач. 1930-х г. пабудаваны першы электронны М.

Літ.:

Микроскопы. Л., 1969.

У.М.Сацута.

Схема аптычнага мікраскопа: 1, 2 — акуляры; 3 — прызма; 4 — аб’ектыў; 5 — прадметны столік; 6 — кандэнсар; 7, 9 — дыяфрагмы; 8 — люстэрка; 10 — лінза; 11 — крыніца святла (лямпа).

т. 10, с. 361

МІКРАСКО́П (лац. Microscopium),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. У ім адсутнічаюць зоркі ярчэй 4,0 візуальнай зорнай велічыні. Гл. Зорнае неба.

т. 10, с. 361

МІКРАСО́МЫ (ад мікра... + сома),

дробныя гранулы (да 100 нм) субклетачнай фракцыі жывёльных і раслінных клетак. Фракцыя М. уяўляе сабой рыбасомы, абломкі мембран эндаплазматычнага рэтыкулума. У М. прысутнічаюць ферменты вугляводнага абмену, біясінтэзу ліпідаў і стэроідаў. Атрымліваюць пры дыферэнцыяльным цэнтрыфугаванні клетачных гомагенатаў.

т. 10, с. 361

МІКРАСПАРЫ́ДЫІ (Microsporidia),

атрад (па інш. класіфікацыях тып, клас) прасцейшых кл. кнідаспарыдый. Больш за 70 родаў, 900 відаў. Унутрыклетачныя паразіты жывёл, пераважна членістаногіх і рыб. У цытаплазме клеткі жывёлы-гаспадара размнажаюцца бясполым шляхам (простае дзяленне і шызаганія). Пасля палавога працэсу (аўтагамія) утвараюцца споры (спораганія). Споры (даўж. да 10 мкм) пераважна авальныя, маюць спіральна скручаную трубку, якая забяспечвае пранікненне паразіта ў тканкі новага гаспадара. Выклікаюць захворванні — мікраспарыдыёзы (напр., М. роду назема). Больш за 300 відаў паразітуюць на шкодных для чалавека членістаногіх і могуць выкарыстоўвацца як біял. сродак барацьбы з імі.

т. 10, с. 361

МІКРАСПАРЫ́Я (ад мікра... + грэч. spora семя, пасеў),

мікраспароз, стрыгучы лішай, грыбковае захворванне скуры і валасоў чалавека і жывёл. Выклікаецца паразітычнымі грыбкамі роду мікраспорум. У чалавека заражэнне адбываецца ад хворых катоў, сабак, людзей. На скуры валасістай ч. галавы з’яўляюцца буйныя (вотруб’епадобныя) ачагі акруглай формы з выразнымі межамі і абламанымі валасамі, абкружаныя белымі лусачкамі. На гладкай скуры — звычайна чырв. ачагі з прыўзнятым валікам па перыферыі. Лячэнне тэрапеўтычнае. У жывёл на М. хварэюць каты, сабакі, пушныя звяры, драпежнікі, коні, свінні, малпы, грызуны.

М.З.Ягоўдзік.

т. 10, с. 361

МІКРАСПО́РА (ад мікра... + грэч. spora, семя, пасеў),

дробная спора разнаспоравых папарацепадобных, дзеразападобных і насенных раслін. Утвараецца ў мікраспарангіях шляхам меёза, мае гаплоідны набор храмасом. У папарацей і дзеразы з М. прарастае моцна рэдукаваны мужчынскі гаметафіт (зарастак) з палавымі органамі — антэрыдыямі. У насенных раслін М. адпавядае пылковае зерне.

т. 10, с. 362

МІКРАСХЕ́МА,

тое, што інтэгральная схема.

т. 10, с. 362

МІКРАТРО́Н,

цыклічны рэзанансны паскаральнік электронаў. Паскарэнне часціц ажыццяўляецца за кошт энергіі высокачастотнага эл. поля рэзанатара, дзе яны рухаюцца ў аднародным пастаянным магн. полі. Гл. таксама Паскаральнікі зараджаных часціц.

т. 10, с. 362