Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАНСТА́НТНАСЦЬ у псіхалогіі, адноснае пастаянства ўспрымальных характарыстык аб’екта (яго велічыні, формы, колеру) пры параўнальна шырокім дыяпазоне змены ўмоў успрымання (аддаленасці, ракурсу, асветленасці і інш.). Уласцівасць К. пацвярджае ўмоўна-рэфлекторны характар чалавечага ўспрымання, забяспечвае адносную стабільнасць успрымання навакольнага свету, адлюстроўвае адзінства прадмета і ўмоў яго існавання.

Праблему К. разглядаў Р.Дэкарт і ўпершыню апісаў К. успрымання велічыні і формы. Заканамернасці фарміравання К. ўспрымання ў дзіцяці і ўзаемасувязь К. з прадметнасцю ўспрымання даследавалі Э.Брунсвіх (Аўстрыя), Ж.Піяжэ (Швейцарыя), Б.Г.Ананьеў (Расія) і інш. Эксперым. даследаванні К. формы праводзілі Р.Таўлес і Брунсвік, К. колеру — А.Гельб, Д.Катц.

т. 7, с. 592

КАНСТА́НЦА (Constanda),

горад на ПдУ Румыніі, на ўзбярэжжы Чорнага м. Адм. ц. жудзеца Канстанца. 747,4 тыс. ж. (1994). Гал. порт краіны на Чорным м. На паўд. ускраіне К. порт Аджыджа. Міжнар. аэрапорт. Канцавы пункт канала Дунай — Чорнае м. Прам-сць: суднабуд. і суднарамонтная, цэлюлозна-папяровая, мэблевая, тэкст., харчовая. Археал. і маст. музеі. Марскі акварыум. Руіны стараж.-рымскіх пабудоў 2—3 ст., візант. базілік 5—6 ст. Мячэці 18—19 ст. Цэнтр прыморскага курортнага раёна.

На месцы К. ў 6 (паводле інш. звестак у 7) ст. да н.э. стараж. грэкі з Мілета заснавалі калонію Томы, якую ў 29 да н.э. заваявалі рымляне. У 8—17 гадах н.э. тут адбываў ссылку рым. паэт Авідзій. Рым. імператар Канстанцін Вялікі [306—337] перайменаваў Томы ў Канстанцініяну. Пазней належала Візантыі, Балгарыі (з 7 ст.). У 14 ст. порт К. выкарыстоўвалі генуэзскія купцы. У часы гур. панавання (1413—1878) горад заняпаў, рыбацкае пасяленне (Кюстэнджэ). З 1878 у складзе Румыніі.

т. 7, с. 592

КАНСТАНЦІ́Н (7—1289),

князь віцебскі і полацкі ў 1260-я г. Паводле М.М.Карамзіна, сын кн. Таўцівіла, якога змяніў на полацкім пасадзе. Жанаты з дачкой кн. Аляксандра Неўскага Еўдакіяй. Згадваецца ў Наўгародскім летапісе пад 1262 з нагоды маючага адбыцца паходу наўгародцаў, палачан і літоўцаў на г. Юр’еў (Тарту). У буле рымскага папы Урбана IV 23.5.1264 паведамляецца, што К. «падараваў» Лівонскаму ордэну землі свайго княства. Відаць, гаворка ішла пра г. Рэжыцу і воз. Лубна (цяпер г. Рэзекне і воз. Лубанас, Латвія), якія потым былі вернуты, магчыма, за яго дапамогу Аляксандру Неўскаму ў барацьбе з крыжакамі. Пасля забойства кн. Міндоўга (1263) за прыхільнасць да кн. Траняты К. пазбаўлены полацкага княжання (саступіў яго Ізяславу або Гердзеню). У Віцебску К. княжыў, верагодна, у 1262—64.

Л.У.Калядзінскі.

т. 7, с. 592

КАНСТАНЦІ́Н, Канстанцінас (Kōnstantinos),

імя каралёў Грэцыі ў 20 ст. з дынастыі Глюксбургаў.

Канстанцін I (2.8.1868, Афіны — 11.1.1923), кароль у 1913—17 і 1920—22, военачальнік. Сын Георга I, бацька Георга II (гл. Георг), Аляксандра і Паўла I. Камандаваў грэч. арміяй у грэка-тур. вайну 1897 і ў час Балканскіх войнаў 1912—13. Выступаў за нейтралітэт Грэцыі ў 1-ю сусв. вайну, пад націскам вярх. камісара Антанты ў г. Салонікі (з кастр. 1915 акупіраваны англа-франц. войскамі) у чэрв. 1917 адрокся ад прастола на карысць сына Аляксандра. Зноў правіў пасля смерці Аляксандра. Канчаткова адрокся ад улады пасля паражэння Грэцыі ў грэка-турэцкай вайне 1919—22.

Канстанцін II (н. 2.6.1940, каля Афінаў), кароль у 1964—74. Сын Паўла I (правіў у 1947—64). Скончыў арыстакратычны каледж Анаўрыта і Афінскі ун-т. Ваен. падрыхтоўку набыў у вучылішчах Грэцыі (1956—58). Абвешчаны каралём пасля смерці бацькі. Пасля няўдалай спробы ў снеж. 1967 спыніць устанаўленне ваен. дыктатуры на чале з палк. Г.Пападопуласам эмігрыраваў. Пазбаўлены ўлады пасля падзення ваен. дыктатуры (ліп. 1974) і правядзення рэферэндуму аб скасаванні манархіі. Алімп. чэмпіён па парусным спорце (Рым, 1960).

т. 7, с. 593

КАНСТАНЦІ́НА,

горад на ПнУ Алжыра. Адм. ц. вілаі Канстанціна. Вядомы з канца 3 ст. да н.э. 441 тыс. ж. (1987). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гандл.-прамысл. цэнтр. Прам-сць: трактарабуд., прыладабуд., харчасмакавая, тэкст., металаапр., буд. матэрыялаў (цэмент, цэгла). Разнастайная саматужна-рамесніцкая вытв-сць. Гал. збожжавы рынак краіны. Гандаль воўнай, скурай і інш. Ісламскі ун-т. Музей. Арх. помнікі: рэшткі рымскіх пабудоў, касба (цытадэль) тур. часу, мячэці, медрэсэ 18 ст., палац Ахмед-бея 19 ст.

т. 7, с. 593

КАНСТАНЦІ́НАВА,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка (ручаём злучана з возерам), за 32 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 0,47 км², даўж. каля 1,1 км, найб. шыр. 500 м, даўж. берагавой лініі каля 3 км. Пл. вадазбору 10,8 км². Схілы катлавіны выш. 15—20 м, у верхняй ч. разараныя, на У пад хмызняком. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі.

т. 7, с. 593

КАНСТАНЦІ́НАВА,

вёска ў Свірскім пас. савеце Мядзельскага р-на Мінскай вобл. За 40 км на З ад Мядзела, 180 км ад Мінска, 18 км ад чыг. ст. Лынтупы, каля аўтадарогі Вільнюс — Полацк. 270 ж., 112 двароў (1997).

Вядома з 18 ст. як маёнтак у Ашмянскім пав. З 1785 мястэчка Віленскага ваяв. З 1795 у Рас. імперыі ў Вілейскім пав. У 1847 у Свянцянскім пав. Віленскай губ. У 1868 у Свірскай вол., 136 ж. У 1897 у вёсцы К. 64 ж, касцёл, заезны дом, крама, карчма, нар. вучылішча, у фальварку 90 ж. З 1921 у складзе Польшчы, 3 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Свірскага р-на Вілейскай вобл., з 1959 у Мядзельскім р-не. У 1971 у вёсцы 175 ж., 60 двароў.

Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Канстанцінаўскі касцёл (19 ст.).

т. 7, с. 593

КАНСТАНЦІ́НАЎ (Аўгуст Уладзіміравіч) (21.8.1929, г. Архангельск, Расія — 6.2.1979),

бел. вучоны ў галіне генетыкі і цыталогіі. Д-р біял. н. (1973). Скончыў Ленінградскі ун-т (1954). З 1961 у БДУ (з 1972 заг. кафедры). Навук. працы па эксперым. даследаванні гаметагенезу ў некат. культ. раслін, параўнальным вывучэнні мітозу і меёзу ў раслін. Аўтар падручнікаў для ВНУ.

Тв.:

Общая цитология. 2 изд. Мн., 1968;

Цитогенетика. Мн., 1971;

Мейоз. Мн., 1971.

т. 7, с. 593

КАНСТАНЦІ́НАЎ (Барыс Паўлавіч) (6.7.1910, Пецярбург — 9.7.1969),

савецкі фізік. Акад. АН СССР (1960, чл-кар. 1953). Герой Сац. Працы (1954). Вучыўся ў Ленінградскім політэхн. ін-це. З 1940 у Фізіка-тэхн. ін-це АН СССР (з 1957 дырэктар), з 1967 віцэ-прэзідэнт АН СССР. Навук. працы па акустыцы, фіз. хіміі, фізіцы ізатопаў, фізіцы плазмы, астрафізіцы і галаграфіі. Ленінская прэмія 1958. Дзярж. прэмія СССР 1953.

Літ.:

Б.П.Константинов // Успехи физ. наук. 1970. Т. 100, вып. 1.

Б.П.Канстанцінаў.

т. 7, с. 593

КАНСТАНЦІ́НАЎ (Фёдар Васілевіч) (21.2.1901, с. Навасёлкі Арзамаскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 9.12.1991),

савецкі філосаф. Акад. АН СССР (1964; чл.-кар. 1953). Скончыў ін-т Чырв. прафесуры (1932). З 1945 у Ін-це філасофіі АН СССР, з 1954 рэктар Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС. У 1955—58 у ЦК КПСС. Гал. рэдактар час. «Вопросы философии» (1952—54), «Коммунист» (1958—62), «Філасофскай энцыклапедыі» (т. 1—5, 1960—70). Займаўся праблемамі грамадскага развіцця, гіст. матэрыялізму. Адзін з аўтараў і кіраўнік аўтарскіх калектываў кн. «Гістарычны матэрыялізм» (1954), падручнікаў па філасофіі для ВНУ.

Тв.:

Материалистическое и идеалистическое понимание истории. М., 1946;

Исторический материализм как наука. М., 1949;

Формы общественного сознания. М., 1951.

т. 7, с. 593