КАНСТА́НТНАСЦЬ у псіхалогіі, адноснае пастаянства ўспрымальных характарыстык аб’екта (яго велічыні, формы, колеру) пры параўнальна шырокім дыяпазоне змены ўмоў успрымання (аддаленасці, ракурсу, асветленасці і інш.). Уласцівасць К. пацвярджае ўмоўна-рэфлекторны характар чалавечага ўспрымання, забяспечвае адносную стабільнасць успрымання навакольнага свету, адлюстроўвае адзінства прадмета і ўмоў яго існавання.

Праблему К. разглядаў Р.​Дэкарт і ўпершыню апісаў К. успрымання велічыні і формы. Заканамернасці фарміравання К. ўспрымання ў дзіцяці і ўзаемасувязь К. з прадметнасцю ўспрымання даследавалі Э.​Брунсвіх (Аўстрыя), Ж.​Піяжэ (Швейцарыя), Б.​Г.​Ананьеў (Расія) і інш. Эксперым. даследаванні К. формы праводзілі Р.​Таўлес і Брунсвік, К. колеру — А.​Гельб, Д.​Катц.

т. 7, с. 592

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)