КАНСТАНЦІ́Н (7—1289),

князь віцебскі і полацкі ў 1260-я г. Паводле М.М.Карамзіна, сын кн. Таўцівіла, якога змяніў на полацкім пасадзе. Жанаты з дачкой кн. Аляксандра Неўскага Еўдакіяй. Згадваецца ў Наўгародскім летапісе пад 1262 з нагоды маючага адбыцца паходу наўгародцаў, палачан і літоўцаў на г. Юр’еў (Тарту). У буле рымскага папы Урбана IV 23.5.1264 паведамляецца, што К. «падараваў» Лівонскаму ордэну землі свайго княства. Відаць, гаворка ішла пра г. Рэжыцу і воз. Лубна (цяпер г. Рэзекне і воз. Лубанас, Латвія), якія потым былі вернуты, магчыма, за яго дапамогу Аляксандру Неўскаму ў барацьбе з крыжакамі. Пасля забойства кн. Міндоўга (1263) за прыхільнасць да кн. Траняты К. пазбаўлены полацкага княжання (саступіў яго Ізяславу або Гердзеню). У Віцебску К. княжыў, верагодна, у 1262—64.

Л.У.Калядзінскі.

т. 7, с. 592

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)