Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПА́ЛІЎНЫ ЭЛЕМЕ́НТ,

хімічная крыніца току, у якой адбываецца непасрэднае пераўтварэнне хім. энергіі паліва ў электрычную; асн. частка электрахімічнага генератара.

Складаецца з 2 электродаў, раздзеленых цвёрдым (ці вадкім) электралітам. Паліва і акісляльнік падаюцца ў поласці, што мяжуюць з электродамі, і на паверхні раздзелу электрод — электраліт у прысутнасці каталізатараў (напр., плаціны) адбываюцца акісляльна-аднаўляльныя хім. рэакцыі (гл. Акісленне-аднаўленне). Электраліт забяспечвае прасторавае раздзяленне рэакцый акіслення і аднаўлення. У выніку рэакцый утвараюцца рознайменныя іоны, якія рэкамбінуюць у канчатковы прадукт рэакцыі, а на адпаведных электродах утвараецца лішкавы эл. зарад. Выкарыстоўваюцца як аўтаномныя крыніцы току ў сістэмах энергасілкавання касм. апаратаў, электрамабіляў, радыёапаратуры, радыёлакацыйных станцый і інш.

т. 12, с. 12

ПАЛІФА́ГІ [ад палі... + ...фаг(і)],

арганізмы, якія выкарыстоўваюць (у адрозненне ад усёедных) разнастайны корм пэўнай групы (раслінны, жывёльны ці мяшаны). Напр., вусені лугавога матылька (Pyrausta sticticalis) кормяцца прыкладна на 160 відах раслін; рыжыя лясныя мурашкі (Formica rufa) паядаюць сотні відаў насякомых і інш. беспазваночных, а таксама некат. расліны. Мнагаедныя жабы, яшчаркі, некат. драпежныя птушкі (канюкі, каршуны), большасць млекакормячых. У П. пэўныя анат., фізіял. і біяхім. адаптацыі стрававальнай сістэмы (састаў стрававальных ферментаў значна шырэйшы, чым у стэнафагаў). П. могуць станавіцца стэнафагамі (манафагамі) пры адаптацыі да аднаго ці нямногіх відаў корму. У чалавека паліфагія выяўляецца пры празмерным спажыванні ежы. Можа быць абумоўлена павышанай патрэбнасцю здаровага арганізма ў энергіі і бялках (напр., пасля галадання, цяжкай фіз. працы) або пры некат захворваннях (напр., валляк дыфузны таксічны, дыябет цукровы) і інш. Гл. таксама Алігафагі, Пантафагі, Эўрыфагі.

т. 12, с. 12

ПАЛІХЕ́ТЫ,

гл. Многашчацінкавыя чэрві.

т. 12, с. 12

ПАЛІХРО́МІЯ (ад палі... + грэч. chrōma колер) у мастацтве, шматколернасць (не менш як 2 колеры) твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, скульптуры, архітэктуры. Дасягаецца шляхам афарбоўкі або выкарыстання каляровых матэрыялаў.

т. 12, с. 12

ПА́ЛІЦА,

1) від прасцейшай стараж. халоднай зброі ўдарнага або кідальнага дзеяння. Вядома з эпохі палеаліту. Выраблялася з цвёрдых парод дрэў у выглядзе дубіны даўжынёй да 1,2 м, масай да 12 кг. Мела з патоўшчанага канца каменныя, потым метал. (бронза, жалеза) навершы; больш тонкі канец служыў дзяржаннем. П. былі на ўзбраенні стараж. пешых і конных воінаў. Пазней разнавіднасцямі П. сталі булава, пярнач, шастапёр і да т.п., якія служылі таксама сімваламі ўлады начальніцкіх асоб у шэрагу краін (ВКЛ, Польшча, Расія, Турцыя, Украіна і інш.). Разнавіднасцю П. з’яўляюцца некат. ўзоры халоднай зброі ў абарыгенаў Паўд. Амерыкі, Аўстраліі, Афрыкі і Акіяніі (захавалася да сярэдзіны 20 ст.). З кідальных П. развіўся бумеранг — баявая і паляўнічая зброя ў Стараж. Егіпце, Паўд. Індыі, Паўд.-Усх. Азіі, Мексіцы, у многіх аўстралійскіх плямён.

2) Ромбападобная парчовая хустка, што носяць на грудзях, частка адзення архімандрытаў і заслужаных святароў.

Драўляная кідальная паліца карэнных жыхароў раёна Дэгрэй-Рывер у Паўночна-Заходняй Аўстраліі.

т. 12, с. 12

ПАЛІ́ЦА ў драўляным дойлідстве,

ніжняя больш пакатая частка стромкага 2-схільнага або шатровага даху. Адводзіць дажджавую ваду ад сцен, стварае больш выразны сілуэт даху. У бел. дойлідстве П. выкарыстаны ў шатровых дахах вежаў цэркваў.

Паліца.

т. 12, с. 12

ПАЛІЦАЙМА́КА (Віталь Паўлавіч) (5.5.1906, г. Валгаград, Расія —21.12.1967),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1957). Скончыў Ленінградскі тэхнікум сцэн. мастацтва (1927). З 1927 працаваў у ленінградскіх т-ры юнага гледача, з 1930 у Вял. драм. т-ры імя М.​Горкага. Акцёр яркага тэмпераменту, шырокага творчага дыяпазону, майстар псіхал. партрэта. Сярод лепшых роляў: Ягор Булычоў, Ніл, Лука, Нястрашны і Дасцігаеў («Ягор Булычоў і іншыя», «Мяшчане», «На дне», «Дасцігаеў і іншыя» М.​Горкага), Фамусаў («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Пракопій Пазухін («Смерць Пазухіна» М.​Салтыкова-Шчадрына), Эзоп («Ліса і вінаград» Г.​Фігейрэду), Камедыянт («Кароль Лір» У.​Шэкспіра), Савельеў («Так і будзе» К.​Сіманава) і інш. Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 12, с. 12

ПАЛІ́ЦЫЯ (ням. Polizei ад грэч. politeia кіраванне дзяржавай),

сістэма асобных органаў дзярж. кіравання, якія займаюцца аховай грамадскага парадку і барацьбой са злачыннасцю. П. праводзіць папярэдняе расследаванне і дазнанне па некаторых відах правапарушэнняў. Існуюць 2 формы арганізацыі нац. паліцэйскіх сістэм: цэнтралізаваная (Аўстрыя, Францыя, Фінляндыя і інш.) і дэцэнтралізаваная (Вялікабрытанія, Германія і інш.). У Францыі, напр., паліцэйскія ўстановы падпарадкаваны Ген. дырэкцыі нац. П., якая ўваходзіць у склад МУС. У Вялікабрытаніі П. ўваходзіць у сістэму МУС, яе аператыўны штаб — лонданскае ўпраўленне крымін. расследавання; у гарадах і графствах функцыянуе мясц. П. У ЗША федэральная П. складаецца з федэральнага бюро расследавання і шэрагу інш. паліцэйскіх устаноў, якія ўваходзяць у склад розных мін-ваў; П. штатаў падпарадкоўваецца звычайна губернатару штата, мясц. (найб. шматлікая) — муніцыпалітэтам. У Рас. імперыі П. як самаст. арг-цыя ўстаноўлена Пятром I і існавала да Лют. рэвалюцыі 1917. У Рэспубліцы Беларусь і некаторых інш. краінах функцыі П. выконваюць міліцыя і інш. праваахоўныя органы. У Расійскай Федэрацыі ў 1993 створана падатковая П.

т. 12, с. 13

ПАЛІЦЫЯ́НА (Poliziano; сапр. Амбраджыні; Ambrogini) Анджэла

(14.7.1454, г. Мантэпульчана, Італія — 29.9.1494),

італьянскі паэт; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў гуманіст. л-ры італьян. і еўрап. Адраджэння. Вывучаў у Фларэнцыі стараж. мовы, л-ру і філасофію. З 1480 праф. Фларэнційскага ун-та. Пісаў на італьян., лац. і стараж.-грэч. мовах. Літ. дзейнасць пачаў з перакладу на лац. мову 2—5-й песень «Іліяды» Гамера (1470—74) і эпіграм на грэч. мове (1471). Найб. значныя яго творы — паэма «Стансы на турнір» (1475—78) і вершаваная драма «Паданне пра Арфея» (паст. 1480), у якой расчараванні паэта ў мажлівасцях паэзіі і пэўны скептыцызм у адносінах да чалавека як гарманічнай істоты. Аўтар гіст. «Запісак пра змову Пацы» (1478), лекцый-уводзін для вывучэння ант. паэтаў «Лясы» (1482—86), шматлікіх од, элегій, эпіграм і каментарыяў на лац. мове. У светапоглядзе П. адлюстраваўся пераломны момант італьян. Адраджэння, якое ў яго творах атрымала найб. яскравую літ. форму.

Тв.:

Рус. пер. — Сказание об Орфее. М.; Л., 1933.

С.​В.​Логіш.

т. 12, с. 13

ПАЛІ́ЧЫН,

вёска ў Малагарадзяціцкім с/с Любанскага р-на Мінскай вобл., каля р. Арэса. Цэнтр калгаса. За 33 км на ПдУ ад г. Любань, 185 км ад Мінска, 58 км ад чыг. ст. Урэчча. 587 ж., 206 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 12, с. 13