ПАЛІЦЫЯ́НА (Poliziano; сапр. Амбраджыні; Ambrogini) Анджэла
(14.7.1454, г. Мантэпульчана, Італія — 29.9.1494),
італьянскі паэт; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў гуманіст. л-ры італьян. і еўрап. Адраджэння. Вывучаў у Фларэнцыі стараж. мовы, л-ру і філасофію. З 1480 праф. Фларэнційскага ун-та. Пісаў на італьян., лац. і стараж.-грэч. мовах. Літ. дзейнасць пачаў з перакладу на лац. мову 2—5-й песень «Іліяды» Гамера (1470—74) і эпіграм на грэч. мове (1471). Найб. значныя яго творы — паэма «Стансы на турнір» (1475—78) і вершаваная драма «Паданне пра Арфея» (паст. 1480), у якой расчараванні паэта ў мажлівасцях паэзіі і пэўны скептыцызм у адносінах да чалавека як гарманічнай істоты. Аўтар гіст. «Запісак пра змову Пацы» (1478), лекцый-уводзін для вывучэння ант. паэтаў «Лясы» (1482—86), шматлікіх од, элегій, эпіграм і каментарыяў на лац. мове. У светапоглядзе П. адлюстраваўся пераломны момант італьян. Адраджэння, якое ў яго творах атрымала найб. яскравую літ. форму.
Тв.:
Рус. пер. — Сказание об Орфее. М.; Л., 1933.
С.В.Логіш.
т. 12, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)