Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ПАДЭСПА́НЬ,

бытавы танец рускага паходжання. Муз. памер ​3/4. Тэмп умераны. Аўтар яго харэаграфіі і музыкі А.А.Царман (1898) выкарыстаў у ім характэрна-сцэнічныя элементы ісп. танца. П. хутка пашырыўся ў Расіі, у сельскай мясцовасці набыў іншую, найб. простую харэагр. форму. На Беларусі вядомы з пач. 20 ст. Выконваецца парамі па крузе ў суправаджэнні інстр. музыкі і прыпевак. Заснаваны на спалучэнні некалькіх фігур — пераменнага кроку, паваротаў і вярчэння пад рукой.

І.Дз.Назіна.

т. 11, с. 510

ПАДЭ́СТА (італьян. podestá ад лац. potestas улада),

кіраўнік выканаўчай і суд. улады ў італьянскіх гарадах-камунах у 12 — пач. 16 ст. Выбіраўся з іншагародніх жыхароў на тэрмін ад 6 мес. да 1 года. У 2-й пал. 12 ст. імператар Фрыдрых І Барбароса прысвоіў сабе права прызначэння П., ператварыўшы яго ў прадстаўніка імператарскай улады. Пасля бітвы каля Леньяна (1176) гарады зноў самі выбіралі П. У сярэдзіне 13 ст. паспяховая барацьба папаланаў з патрыцыятам прывяла ў шэрагу гарадоў (Балоння, Фларэнцыя, Сіена і інш.) да аслаблення ўлады П. на карысць нар. капітанаў. У 14—15 ст. П. мелі толькі юрыд. функцыі, у пач. 16 ст. іх замянілі калегіі суддзяў. У некаторых буйных сярэдневяковых гарадах-дзяржавах Італіі (Фларэнцыя, Венецыя, Генуя) П. называлі прадстаўнікоў падуладных гарадоў, якія прызначаліся цэнтр. уладай. У час фаш. дыктатуры ў Італіі ў гарадах была ўведзена (1926) вышэйшая адм. пасада П., якую займалі па прызначэнні ўрада. У 1946 скасавана.

т. 11, с. 510

ПАД’Я́ВАРКА, Пад’яворка,

рака ў Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Шчара (бас. Нёмана). Даўж. 35 км. Пл. вадазбору 226 км2. Пачынаецца на зах. ускраіне Навагрудскага ўзвышша на У ад в. Явар, упадае ў Шчару вышэй р. Чарняўка на ПнЗ ад в. Вялікая Воля. Даліна трапецападобная, шыр. 500—800 м, месцамі 1,5 км. Пойма забалочаная, чаргуецца па берагах і двухбаковая, шыр. 50—150 м. Рэчышча на працягу 4,5 м вышэй в. Мельнікі каналізаванае. Каля в. Мядзвінавічы сажалка (пл. 0,09 км2).

т. 11, с. 510

ПАД’Я́ЧАЎ (Сямён Паўлавіч) (8.2.1866, с. Пад’ячава Дзмітраўскага р-на Маскоўскай вобл. — 17.2.1934),

рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1888. Асн. тэмы апавяданняў, зб. нарысаў «Па этапе» (1903), аповесцей «Пакуты» (1902), «Сярод рабочых» (1904), «Забытыя» (1909) і інш. — жыццё вёскі, лёс сялянства. Аўтар аўтабіягр. аповесці «Маё жыццё» (кн. 1—2, 1929—32). Яго творчасці ўласцівы тонкая назіральнасць, багацце нар. мовы, форма сказа, драм. напружанасць канфліктаў, гумар.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—11. М.; Л., 1927—30;

Избр произв. М., 1966;

Деревенские разговоры. М., 1975.

Літ.:

Макина М.А. Семен Подъячев: Лит. портрет. М., 1981.

т. 11, с. 510

«ПАД СЦЯ́ГАМ КАМУНІ́ЗМУ»,

заходнебеларускі часопіс. Орган ЦК КПЗБ. Выдаваўся ў 1927—30 у Вільні на бел. мове (рэдакцыя часопіса знаходзілася ў Мінску). Выходзіў 1 раз у 3 месяцы. Ставіў за мэту ўзброіць камуністаў ленінскім вучэннем, распрацоўваць новыя ідэалаг. і паліт. пытанні для парт. актыву, знаёміць з дзейнасцю Камінтэрна, ВКП(б), КПП, КП(б)Б і КПЗБ Шмат увагі аддаваў сацыяліст. будаўніцтву ў БССР. Асвятляў найб. важныя праблемы пралет. рэвалюцыі, нац. пытання, расстаноўкі і суадносін класавых сіл у Зах. Беларусі. Меў рубрыку «Хроніка міжнароднага жыцця». У 1930 выдаваў серыю брашур, у іх ліку «Вынікі пленумаў ЦК КПЗБ», «Аб УКП(б)», «Аб прафсаюзах», «Аб нацыянальна-вызваленчай барацьбе», «Аб правым ухіле ў УКП(б)».

П.І.Зялінскі.

т. 11, с. 482