Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МІ́НСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ЛЯЛЕК «БАТЛЕ́ЙКА».

Створаны ў 1990 у г. Маладзечна Мінскай вобл. Заснавальнік і маст. кіраўнік у 1990—92 рэжысёр-лялечнік С.​Юркевіч. З 1992 маст. кіраўнік Г.​Карбаўнічая, у 1994—95 — Ю.​Сарычаў. Т-р арыентуецца на стараж. бел. мастацтва батлейкі, у падмурку якога традыцыі хрысц. духоўнасці. Працуе з рознымі сістэмамі лялек (марыянетка, трысцінавая, пальчаткавая, планшэтная, тантамарэска, шпянёвая), а таксама ў «жывым плане». У спектаклях выкарыстоўваюцца дэкарацыі, стылізаваныя ў адпаведнасці з афармленнем традыц. бел. батлейкі, а таксама нар., аўтэнтычныя сродкі выразнасці. Т-р імкнецца стварыць свой адметны, нац. рэпертуар. Сярод найб. значных пастановак: «Дзівосныя авантуры паноў Кубліцкага ды Заблоцкага» П.​Васючэнкі і С.​Кавалёва, «Піліпка і Ведзьма» і «Хохлік» Кавалёва, «Меч Анёла» І.​Сідарука, «Чароўны камень» В.​Лукшы, «Мая Іліяда» У.​Караткевіча, «Казкі з куфэрка» А.​Жугжды, «Пакінуты ўсімі» А.​Ляляўскага, «Казкі Несцеркі» і «Сіняя світа» А.​Туравай, «Доктар Айбаліт» У.​Карастылёва і інш. У розны час у т-ры працавалі рэжысёры М.​Андрэеў, Жугжда, В.​Калядзіч, Ляляўскі, В.​Шылкоўскі; гал. мастак — В.​Рачкоўскі. Т-р удзельнічаў у міжнар. фестывалях т-раў лялек Беларусі (1993, 1995, 1999), у Германіі (1992, 1993), Італіі (1996, 1997), Польшчы (1999).

С.​Ф.​Юркевіч.

Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка» (Маладзечна). Сцэна са спектакля «Доктар Айбаліт» У.​Карастылёва.
Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка» (Маладзечна). Сцэна са спектакля «Хохлік» С.​Кавалёва.

т. 10, с. 432

МІ́НСКІ АВІЯРАМО́НТНЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў 1953 у Мінску як авіярамонтная база, з 1964 — завод № 407 грамадзянскай авіяцыі. З канца 1996 сучасная назва. Спецыялізаваўся на рамонце самалётаў грамадз. авіяцыі (Лі-2, Іл-14, Ту-124). З 1980-х г. рамантуе самалёты Ту-134, Як-40, Як-42 і іх мадыфікацыі авіякампаній Беларусі, краін СНД, замежных. Аказвае паслугі на рынку авіятэхнікі; мае банк даных, распрацоўвае авіяц. дакументацыю. Выпускае таксама складаную быт. тэхніку — пральныя машыны, мікрахвалевыя печы, электрацеплавентылятары, пластмасавыя рэчы і інш.

т. 10, с. 432

МІ́НСКІ АВІЯЦЫ́ЙНЫ КАЛЕ́ДЖ,

гл. Мінскі вышэйшы лётна-тэхнічны каледж.

т. 10, с. 432

МІ́НСКІ АГРА́РНА-КАМЕРЦЫ́ЙНЫ КАЛЕ́ДЖ,

сярэдняя спец. навуч. ўстанова. Засн. ў 1978 у в. Сеніца (Мінскі р-н) як Бел. с.-г. тэхнікум па падрыхтоўцы кіруючых кадраў калгасаў і саўгасаў. З 1993 сучасная назва. Рыхтуе тэхнолагаў па перапрацоўцы прадукцыі раслінаводства, эканамістаў па камерцыйнай дзейнасці. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч.г.): камерцыйная дзейнасць у аграпрамысл. комплексе; маркетынг; вытв-сць, захаванне і перапрацоўка прадукцыі раслінаводства. Прымае асоб з сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.

т. 10, с. 432

МІ́НСКІ АДДЗЕ́Л БЕЛАРУ́СКАГА ТАВАРЫ́СТВА ДАПАМО́ГІ ПАЦЯРПЕ́ЛЫМ АД ВАЙНЫ́,

дабрачынная арг-цыя для дапамогі бежанцам 1-й сусв. вайны; адзін з цэнтраў бел. нац. руху. Існаваў у Мінску ў ліп. 1915—17 як аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, створанага ў Вільні ў крас. 1915. Налічваў каля 50 чал. (снеж. 1916). У к-т праўлення аддзела ўваходзілі: В.​І.​Чавусаў (старшыня), А.​І.​Лявіцкі (Ядвігін Ш., нам. старшыні), У.​І.​Голуб (У.Галубок, сакратар), А.​С.​Астрамовіч (А.Зязюля), В.​А.​Лявіцкая, Л.​А.​Сівіцкая (З.Верас), Э.​Л.​Сівіцкая, У.​С.​Фальскі. Адкрыў некалькі начных прытулкаў для бежанцаў, дзіцячы прытулак у Ратамцы (каля Мінска), 2 бясплатныя сталовыя і 1 платную — «Беларускую хатку», заснаваў 2 майстэрні — ткацкую і па рамонце ваен. абмундзіравання. У крас.—маі 1916 дзейнічалі курсы па садаводстве, агародніцтве і пчалярстве. Пасля Лют. рэв. 1917 аб’явіў сябе Часовым Бел. нац. к-там і пачаў арганізац. і прапагандысцкую працу ў новых умовах.

Яго прадстаўнік П.​А.​Аляксюк увайшоў у склад Выканаўчага к-та грамадскай бяспекі г. Мінска, быў выбраны нам. старшыні К-та прапаганды на вёсцы асноў новага грамадскага ладу. У час агульнагар. маніфестацыі 6.3.1917 адбылося першае выступленне членаў Бел. к-та з паліт. лозунгамі. 25—27.3.1917 склікаў у Мінску з’езд бел. нац. арг-цый, які выбраў Беларускі нацыянальны камітэт.

В.​У.​Скалабан.

т. 10, с. 432

МІ́НСКІ АРХІТЭКТУ́РНА-БУДАЎНІ́ЧЫ ТЭ́ХНІКУМ.

Засн. ў 1921 у Мінску як буд. тэхнікум. З 1966 сучасная назва. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): прамысл. і грамадз. буд-ва; архітэктура; водаадвядзенне, водазабеспячэнне, ачыстка прыроднай сцёкавай вады; санітарна-тэхн. абсталяванне будынкаў; эканоміка і кіраванне прадпрыемствам; камерцыйная дзейнасць; бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 10, с. 433

МІ́НСКІ АЎТАВАКЗА́Л «МАСКО́ЎСКІ».

Пабудаваны ў 1999 у Мінску на рагу праспекта Скарыны і вул. Філімонава (арх. М.​Навумаў, інж. Л.​Валчэцкі, Ю.​Рушаў, маст. афармленне У.​Папсуева, В.​Хацкевіча). Прызначаны для міжнар., міжгар. і мясц. перавозак. Важны горадабуд. акцэнт усх. часткі горада. Архітэктура комплексу заснавана на стварэнні шматузроўневай прасторы, удалым выкарыстанні рэльефу мясцовасці, лесвіц, пандусаў з мэтай выключэння перасячэнняў трансп. і людскіх патокаў. Комплекс уключае прамавугольны ў плане 3-павярховы будынак, дзе размешчаны білетныя касы, залы чакання, гандл. ўстановы, гасцініца, адм. памяшканні. Кампазіцыйным цэнтрам аўтавакзала з’яўляецца адкрытая прастора атрыумнага тыпу з касавым вестыбюлем і прадпрыемствамі абслугоўвання ўнізе і адкрытымі галерэямі (вядуць на пероны) на 2-м паверсе. У аздабленні інтэр’ера выкарыстаны размалёўкі, скульптура, вітражы. Над пасадачнымі платформамі створаны падковападобны навес на вантавых канструкцыях. замацаваных на вежы (выш. 42 м), якая з’яўляецца вышыннай дамінантай комплексу і наваколля. У вырашэнні ўнутр. прасторы комплексу закладзены прынцып зрокавага аб’яднання ў адзінае цэлае інтэр’ераў будынка і экстэр’еру ўнутр. дворыка.

С.​А.​Сергачоў.

Мінскі аўтавакзал «Маскоўскі».

т. 10, с. 433

МІ́НСКІ АЎТАВАКЗА́Л «УСХО́ДНІ».

Пабудаваны ў 1983 у паўд.-ўсх. ч. Мінска (арх. Л.​Пагарэлаў, Л.​Кустова, В.​Ягадніцкі). Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя вырашана ў выглядзе 3-павярховага дугападобнага ў плане аб’ёму з вынесенымі за межы плана пандусамі ў 2 узроўнях. Пластыку будынка з суцэльным зашкленнем фасадаў, расчлянёных метал. аконнымі пераплётамі, узбагачаюць гарыз. парапеты, 2 магутныя крывалінейныя ў плане пілоны, якія акцэнтуюць гал. ўваход, невял. аб’ём з процілеглага ад гал. ўвахода боку. Фасады і інтэр’еры апрацаваны дэкар. тынкоўкай з выкарыстаннем белага мармуру. Сцяна залы чакання ўпрыгожана мазаічным пано «Юнацтва Беларусі» (мастак В.​Карнееў). Планіровачная структура вакзала падпарадкавана тэхнал. сістэме абслугоўвання пасажыраў. Іл. гл. да арт. Аўтавакзал.

В.​Б.​Ангелаў.

т. 10, с. 433

МІ́НСКІ АЎТАМАБІ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д (МАЗ). Засн. ў 1944 у Мінску, з 1975 галаўное прадпрыемства вытв. аб’яднання па выпуску велікагрузных аўтамабіляў «БелаўтаМАЗ». Першы аўтамабіль МАЗ-205 сышоў з канвеера ў 1947. За час існавання з-да асвоена вытв-сць 5 сем’яў аўтамабіляў — МАЗ-200, МАЗ-500, МАЗ-500А, МАЗ-5335, МАЗ-6422. У 1996 пачаты выпуск аўтамабіляў серыі МАЗ-64221, а з 1997 аўтамабіляў сям’і МАЗ-6430, якія адпавядаюць сучасным міжнар. патрабаванням. Асн. прадукцыя (1999): бартавыя трансп. аўтамабілі, седлавыя цягачы, поўнапрывадныя грузавыя і лесавозныя аўтамабілі, самазвалы, аўтамабілі-шасі. Імпарцёрамі прадукцыі прадпрыемства з’яўляюцца каля 80 краін. Пры з-дзе заснаваны філіялы па вытв-сці аўтобусаў («МАЗ») і прычэпаў («Белаўтапрычэп»). МАЗ стаў родапачынальнікам Беларускага аўтамабільнага завода, Магілёўскага аўтамабільнага завода, мінскіх з-даў колавых цягачоў і рысорнага, Баранавіцкага і Асіповіцкага аўтаагрэгатных з-даў, прадпрыемства «Туртранс» па выпуску прычэпаў-дач і гандл. кузаваў. На міжнар. выстаўках і кірмашах (у Бруселі, 1958; Лейпцыгу, 1980; Плоўдзіве, 1985) аўтамабілі МАЗа адзначаны вышэйшымі ўзнагародамі.

Узоры прадукцыі Мінскага аўтамабільнага завода: 1 — аўтамабільны трохвосевы прычэп МАЗ-3РР59; 2 — седлавы цягач МАЗ-54329; 3 — цягач лесавозны МАЗ-64255; 4 — аўтамабіль бартавы МАЗ-63172; 5 — аўтамабільны двухвосевы паўпрычэп-самазвал МАЗ-9506; 6 — аўтамабіль-сартыментавоз МАЗ-6303-26.

т. 10, с. 433

МІ́НСКІ АЎТАМЕХАНІ́ЧНЫ ТЭ́ХНІКУМ.

Засн. ў 1945 у Мінску. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): вытв-сць трансп. сродкаў; тэхналогія, абсталяванне і аўтаматызацыя машынабудавання; тэхн. абслугоўванне тэхнал. абсталявання; тэхналогія, абсталяванне і аўтаматызацыя ліцейнай вытв-сці; тэхн. эксплуатацыя і рамонт аўтатрансп. сродкаў. Прымаюцца асобы з базавай, сярэдняй адукацыяй і пасля заканчэння прафес.-тэхн. вучылішчаў на скарочаны тэрмін навучання (1 год 10 мес.). Навучанне дзённае і завочнае.

т. 10, с. 434