Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВІЛКАМІ́РСКАЯ

(Wiłkomirska) Ванда (н. 11.1.1929, Варшава),

польская скрыпачка. Вучылася ў бацькі, пазней у Я.Умінскай, І.Дубіскай і інш. Вядомая як выканаўца твораў К.Шыманоўскага, Б.Бартака, сучасных польскіх кампазітараў. Удзельніца фп. «Трыо Вілкамірскіх» (з сястрой піяністкай Марыяй Вілкамірскай і братам віяланчэлістам Казімежам Вілкамірскім) і Польскага квартэта імя К.Шыманоўскага. Гастраліруе з 1950. З 1982 за мяжой. Займаецца выкладчыцкай дзейнасцю. Лаўрэат міжнар. конкурсаў скрыпачоў у Жэневе (1946), Будапешце (1948), імя Г.Вяняўскага у Познані (1953). Дзярж. прэмія Польшчы 1953, 1961.

т. 4, с. 170

ВІЛКС

(Vilks) Эвалд (сапр. Лаціс; 8.2.1923, г. Валка, Латвія — 21.12.1976),

латышскі пісьменнік. Друкаваўся з 1941. Першы зб. «Людзі адной праўды» (1949) пра падзеі Вял. Айч. вайны. У зб-ках апавяданняў «У асеннія дні» (1955, Дзярж. прэмія Латвіі 1957), «Зялёнае дрэва» (1960), «З-за мінуты спазнення» (1961), «Дзікун» (1968), «Добры знаёмы» (1973) і інш. праблемы сучаснасці, характары людзей працы, карціны роднай прыроды. Яго творы вызначаюцца паглыбленым раскрыццём сац. вытокаў псіхалогіі чалавека. На бел. мову асобныя творы Вілкса пераклаў М.Арочка.

Тв.:

Raksti. Sēj. 1—5. Riga, 1982—86;

Бел. пер. — Чалавек нарадзіўся. Мн., 1961.

т. 4, с. 170

ВІ́ЛЛЕ,

рака, гл. Вілейка.

т. 4, с. 170

ВІ́ЛЦЫНЬ,

Вілцыня (Vilciņa) Велта (Аўсма) Эйнаўна (н. 13.12.1928, Упесгрыва Талсінскага р-на, Латвія), латышская артыстка балета. Нар. арт. СССР (1965). Скончыла балетную студыю пры Рыжскім т-ры оперы і балета (1948). У 1949—73 салістка, з 1968 педагог-рэпетытар Рыжскага т-ра. Сярод партый: Баранеса («Сакта свабоды» А.Скултэ), Скайдрытэ («Стабурадзе» А.Калніньша, Дзярж. прэмія Латвіі 1958), Адэта—Адылія, Аўрора («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Джульета («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Кармэн («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына) і інш. У 1956 і 1958 выступала ў Вял. т-ры.

т. 4, с. 170

ВІЛЬБУШЭ́ВІЧ Марыя Уладзіміраўна

(Вульфаўна; 1879, г. Гродна — ?),

удзельніца яўр. рабочага і сіянісцкага руху на Беларусі. З канца 1890-х г. чл. мінскага гуртка Бунда. 7.3.1900 арыштавана. У час допытаў нач. Маскоўскага ахоўнага аддзялення С.В.Зубатавым трапіла пад уплыў яго тэорыі аб магчымасці легальнага рабочага руху (гл. Зубатаўшчына). У жн. 1900 вызвалена. Займалася прапагандай зубатаўскіх ідэй у Гродне і Мінску. Адна з заснавальнікаў Яўр. незалежнай рабочай партыі (ЯНРП; чэрв. 1901). Пастаянна інфармавала Дэпартамент паліцыі і Зубатава пра ўсе падрабязнасці руху. Пасля ліквідацыі ЯНРП (1903) уступіла ў гурток рабочых-сіяністаў («Паалей Цыён»). З 1904 у Швейцарыі, потым у ЗША, Палесціне.

М.А.Сакалова.

т. 4, с. 170

ВІЛЬГАЦЯЁМІСТАСЦЬ ГЛЕ́БЫ,

здольнасць глебы паглынаць і затрымліваць вільгаць. Вызначаецца ў працэнтах ад аб’ёму або ад масы сухой глебы. Залежыць ад грануламетрычнага саставу і структуры глебы, колькасці ў ёй гумусу. Найб. вільгацяёмістыя чарназёмы і балотныя глебы. Адрозніваюць поўную, капілярную, палявую, максімальную адсарбцыйную, або гіграскапічную, і інш. віды вільгацяёмістасці глебы. Для с.-г. вытв-сці найб. значэнне мае палявая вільгацяёмістасць глебы, якая вызначае макс. велічыню запасу карыснай для раслін глебавай вільгаці. Па яе велічыні вызначаюць аптымальныя нормы палівання с.-г. і інш. культур. Гл. таксама Вільготнасць глебы, Водны рэжым глебы.

т. 4, с. 170

ВІЛЬГАЦЯЁМІСТАСЦЬ ГО́РНЫХ ПАРО́Д,

здольнасць горных парод паглынаць і ўтрымліваць пэўную колькасць вады. Характарызуецца каэфіцыентам вільгацяёмістасці, які выражаецца ў вагавых (адносіны масы вады да масы сухой пароды) або аб’ёмных (адносіны аб’ёму вады да аб’ёму пароды) працэнтах. Горныя пароды падзяляюцца на вільгацяёмістыя (торф, глей, гліна), слабавільгацяёмістыя (мел, мергель, лёс) і невільгацяёмістыя (масіўныя метамарфічныя, вывергнутыя і асадкавыя). Вагаецца ў шырокіх межах (напр., торфу 80—90%, антрацыту 4—6%). Адрозніваюць макс. гіграскапічную, макс. малекулярную, капілярную і поўную вільгацяёмістасць горных парод. Улічваецца пры разліках сістэм асушэння, у горнай справе, пры інж.-геал. вышуканнях.

т. 4, с. 170

ВІЛЬГАЦЯМЕ́Р,

прылада для вызначэння вільготнасці газаў, вадкасцей, цвёрдых і сыпкіх матэрыялаў. Найб. пашыраны вільгацямеры, дзеянне якіх заснавана на змяненні фіз. уласцівасцей рэчываў (электраправоднасці, дыэлектрычнай пранікальнасці, паказчыка пераламлення і інш.) у залежнасці ад вільготнасці (напр., ёмістасныя вільгацямеры). Ёсць вільгацямеры, дзеянне якіх засн. на раздзяленні (экстракцыяй, сушкай і інш.) рэчыва на ваду і сухую рэшту; радыеізатопныя (для цвёрдых рэчываў), дзе выкарыстоўваюцца з’явы паглынання гама-прамянёў і запавольвання нейтронаў, а таксама вільгацямеры, заснаваныя на з’яве ядзернага магнітнага рэзанансу. Вільготнасць газаў (у т. л. паветра) вызначаюць гігрометрамі і псіхрометрамі.

т. 4, с. 170

ВІЛЬГЕ́ЛЬМА II ЗЯМЛЯ́

(Wilhelm II Land),

частка тэр. Антарктыды паміж 88° і 92° усх. д. Абмываецца м. Дэйвіса. Тоўшча ледавіковага покрыва 1000—2000 м. Свабодны ад лёду патухлы вулкан Гаўсберг (выш. 369 м). Адкрыта ў 1902 ням. экспедыцыяй Э.Дрыгальскага і названа ў гонар герм. імператара.

т. 4, с. 171

ВІЛЬГЕЛЬМІ́НА

(Wilhelmina; 31.8.1880, г. Гаага, Нідэрланды — 28.11.1962),

каралева Нідэрландаў [1890—1948]. Дачка нідэрл. караля Вільгельма III. Да 1898 правіла пад апекай маці каралевы Эмы. У 1-ю сусв. вайну выступала за нейтралітэт Нідэрландаў. У 2-ю сусв. вайну эмігрыравала разам з урадам у Лондан (1940). Вярнулася ў сак. 1945. Адраклася ад прастола на карысць сваёй дачкі Юліяны.

т. 4, с. 171