ВІЛЬГАЦЯМЕ́Р,

прылада для вызначэння вільготнасці газаў, вадкасцей, цвёрдых і сыпкіх матэрыялаў. Найб. пашыраны вільгацямеры, дзеянне якіх заснавана на змяненні фіз. уласцівасцей рэчываў (электраправоднасці, дыэлектрычнай пранікальнасці, паказчыка пераламлення і інш.) у залежнасці ад вільготнасці (напр., ёмістасныя вільгацямеры). Ёсць вільгацямеры, дзеянне якіх засн. на раздзяленні (экстракцыяй, сушкай і інш.) рэчыва на ваду і сухую рэшту; радыеізатопныя (для цвёрдых рэчываў), дзе выкарыстоўваюцца з’явы паглынання гама-прамянёў і запавольвання нейтронаў, а таксама вільгацямеры, заснаваныя на з’яве ядзернага магнітнага рэзанансу. Вільготнасць газаў (у т. л. паветра) вызначаюць гігрометрамі і псіхрометрамі.

т. 4, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)