Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАЧТАРО́Ў (Цімафей Аляксеевіч) (3.11. 1913, в. Каласы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 18.2.1992),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Севастопальскае ваенна-марское вучылішча берагавой абароны (1938), Ваенна-марскую акадэмію (1955). У Чырв. Арміі з 1934. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну ўдзельнік абароны Ленінграда, вайны з Японіяй. Аператар берагавой артылерыі штаба Петрапаўлаўскай ваенна-марской базы Ціхаакіянскага флоту маёр П. вызначыўся 18.8.1945 у час высадкі дэсанта на в-аў Шумшу. Да 1957 у ВМФ, потым у нар. гаспадарцы.

Ц.А.Пачтароў.

т. 12, с. 245

ПАЧУ́ЛІ (Pogostemon patehouli),

кветкавая расліна сям. ясноткавых. Радзіма — Філіпінскія а-вы. Вырошчваюць як эфіраалейную культуру ў трапічнай зоне Паўд.-Усх. Азіі.

Паўкуст выш. да 1 м з валасніковістымі каранямі. Лісце супраціўнае, яйцападобнае, зубчастае, з моцным мускатным пахам. Кветкі белыя або светла-бэзавыя ў гронках. Плод — арэшак. Эфірны алей лісця выкарыстоўваюць у парфумерыі (лепшы фіксатар паху), мае інсектыцыдныя ўласцівасці. Лек., тэхн. расліна.

т. 12, с. 245

ПАЧУЦЦЁ ЭСТЭТЫ́ЧНАЕ,

спецыфічнае духоўнае перажыванне, выкліканае ўспрыманнем прыгожага або агіднага, узнёслага або нізкага, трагічнага або камічнага ў прыродзе, грамадскім быцці і мастацтве; першасны кампанент гістарычна абумоўленай эстэт. свядомасці, аснова эстэт. густаў, ідэалаў і ацэнак; адзін з састаўных элементаў мастацкай культуры. Сфарміраванае ў працэсе практычнай чалавечай дзейнасці П.э. ў далейшым развіваецца і ўдасканальваецца пад уздзеяннем фальклору і прафес. мастацтва ўсіх відаў і жанраў, становіцца важным фактарам гуманізацыі прыроднага і грамадскага быцця. Поруч з традыц. відамі мастацтва развіццю П.э. садзейнічае тэхн. эстэтыка і мастацка-прамысловае праектаванне (дызайн), афармленне сферы вытв-сці і побыту людзей паводле законаў прыгажосці.

В.​В.​Краснова.

т. 12, с. 245

ПАЧУ́ЦЦІ,

псіхічныя працэсы перажывання чалавекам сваіх адносін да навакольнага асяроддзя (людзей, іх учынкаў, якіх-н. з’яў) і да сябе. П. больш працяглыя, чым эмоцыі, уласцівы чалавеку і абумоўлены яго сац.-гіст. сутнасцю, грамадскімі адносінамі і выхаваннем. У П. выяўляюцца індывід.-тыпалагічныя асаблівасці (тэмперамент) асобы. З’яўляюцца сігналамі поспехаў або няўдач, тым самым рэгулююць дзейнасць людзей. Бываюць актыўныя (стэнічныя), якія маюць станоўчы эмацыянальны тон — павышаюць жыццядзейнасць чалавека, і пасіўныя (астэнічныя) з адмоўным эмацыянальным тонам — незадавальненне, смутак і інш. Сярод П. вылучаюць спецыфічныя іх віды: настрой, афекты (моцныя эмацыянальныя перажыванні — злосць, жах і інш.), страсці. Асаблівую групу П. складаюць маральныя П. (П. калектывізму, абавязку, гонару і інш.), эстэтычныя (гл. Пачуццё эстэтычнае), інтэлектуальныя.

В.​В.​Краснова.

т. 12, с. 246

ПАЧУ́ЦЦЯЎ О́РГАНЫ,

высокаспецыялізаваныя органы, з дапамогай якіх чалавек і жывёлы атрымліваюць інфармацыю з навакольнага асяроддзя.

Кожны П.о. складаецца з адчувальных (рэцэптарных) нерв. клетак і дапаможных структур; трансфармуе ў працэс нерв. ўзбуджэння толькі пэўны від энергіі, які ўздзейнічае на рэцэптары і перадае інфармацыю ў ц. н. с. Уяўляюць сабой сенсорныя сістэмы, складаюцца з 3 ч.: перыферычнай (рэцэптары), прамежкавай (перадача нерв. імпульсаў па правадных шляхах да падкоркавых цэнтраў), цэнтральнай (кара галаўнога мозга, дзе адбываецца аналіз і сінтэз адчуванняў). У залежнасці ад асаблівасцей развіцця, будовы, функцый нерв. і гліяльных кампанентаў П.о. падзяляюцца на 3 групы. Да 1-й адносяцца зроку органы і нюху органы; рэцэптарныя клеткі органаў зроку і нюху — нерв. (нейрасенсорныя). 2-я група: слыху органы, смаку органы, раўнавагі органы, утрымлівае гліяльныя клеткі (сенсаэпітэліяльныя), якія ўспрымаюць раздражненне і перадаюць узбуджэнне адчувальным нерв. клеткам. 3-я група: рэцэптарныя інкапсуляваныя і неінкапсуляваныя цельцы (перыферычныя ч. аналізатараў дотыку, ціску і інш.). П.о. садзейнічаюць найб. дасканаламу прыстасаванню арганізма да навакольнага асяроддзя.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 246

ПАЧЦЕ́ННЫ (Яўген Кузьміч) (н. 5.2.1931, г. Бежыца Бранскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне прыкладной механікі. Д-р тэхн. н. (1987), праф. (1990). Скончыў Ленінградскі ваенна-мех. ін-т (1955). З 1957 у БПІ, з 1963 у АН Беларусі, з 1993 у Навук. цэнтры праблем механікі машын Нац. АН Беларусі. Навук. працы па праблемах трываласці машын. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Тв.:

Кинетическая теория механической усталости и ее приложения. Мн., 1973;

Прогнозирование долговечности и диагностика усталости деталей машин. Мн., 1983.

т. 12, с. 246

ПАША́ (тур.),

тытул вышэйшых грамадз. і ваен. саноўнікаў у Асманскай імперыі. Пасля рэформ танзімату (сярэдзіна 19 ст.) — ганаровы тытул генералаў і міністраў. Скасаваны ў 1934. Захоўваўся некаторы час у Егіпце (да 1952) і Іраку (да 1958).

т. 12, с. 246

ПА́ША, выпас,

зямельныя ўгоддзі, травастой якіх выкарыстоўваецца для выпасу жывёлы; адна з асн. крыніц высокапрадукц. і таннага корму для с.-г. жывёл.

Адрозніваюць П. прыродную (натуральную) і сеяную (палепшаную, ці штучную). У расл. покрыве натуральнай П. пераважаюць дзікарослыя злакавыя травы, асокі і разнатраўе. Палепшаную П. ствараюць шляхам спец. сяўбы бабова-злакавых ці злакавых пашавых травасумесей. Звычайна П. займае сухадольныя ці нізінныя месцы. участкі поймавых лугоў і неасвоеных нізінных балот з натуральным травастоем. Прадукцыйнасць прыроднай П. нізкая (у 3—5 разоў ніжэй за сеяную), павышаюць яе асушэннем, культуртэхнічнымі работамі і інш. аграмеліярац. мерапрыемствамі; вапнаваннем, выкарыстаннем угнаенняў, падкошваннем, падсевам траў, арашэннем, аховай ад перавыпасу.

На Беларусі пад П. занята 1,7 млн. га, з іх палепшанай 1,1 млн. га, асушанай 0,78 млн. га. Прыродныя ўмовы і біякліматычны патэнцыял краіны спрыяюць стварэнню высокапрадукцыйнай П. практычна ва ўсіх рэгіёнах.

Літ.:

Баранова М.Е., Пиотрашко Л.А., Мурашко В.Г. Луговодство и пастбищное хозяйство. 2 изд. Мн., 1980;

Руденко Е.В., Марчяускас С.П., Башлаков Н.Ф. Эксплуатация культурных пастбищ. Мн., 1982;

Создание и рациональное использование пастбищ. Мн., 1998.

т. 12, с. 246

ПА́ШАВІЦКІ КА́МЕНЬ З Я́МКАМІ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1992). За 1 км на Пн ад в. Пашавічы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл., каля воз. Дрысвяты. Валун сярэднезярністага граніту рапаківі з уключэннямі крышталёў палявога шпату. Даўж. 1,4 м, шыр. 1 м, выш. 0,4 м, у абводзе 4,3 м, аб’ём 0,3 м³, маса каля 0,8 т. Прынесены ледавіком каля 20—18 тыс. гадоў назад з ПдУ Фінляндыі. Мае цэглападобную форму. На верхняй пляцоўцы захаваліся 11 выемак (глыб. да 3 см, у папярочніку да 5 см), якія высечаны чалавекам 2—2,5 тыс. гадоў назад. У старажытнасці меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 12, с. 246

ПА́ШАВЫЯ КЛЯШЧЫ́,

гл. ў арт. Іксодавыя кляшчы.

т. 12, с. 246