ПАЧУ́ЦЦІ,
псіхічныя працэсы перажывання чалавекам сваіх адносін да навакольнага асяроддзя (людзей, іх учынкаў, якіх-н. з’яў) і да сябе. П. больш працяглыя, чым эмоцыі, уласцівы чалавеку і абумоўлены яго сац.-гіст. сутнасцю, грамадскімі адносінамі і выхаваннем. У П. выяўляюцца індывід.-тыпалагічныя асаблівасці (тэмперамент) асобы. З’яўляюцца сігналамі поспехаў або няўдач, тым самым рэгулююць дзейнасць людзей. Бываюць актыўныя (стэнічныя), якія маюць станоўчы эмацыянальны тон — павышаюць жыццядзейнасць чалавека, і пасіўныя (астэнічныя) з адмоўным эмацыянальным тонам — незадавальненне, смутак і інш. Сярод П. вылучаюць спецыфічныя іх віды: настрой, афекты (моцныя эмацыянальныя перажыванні — злосць, жах і інш.), страсці. Асаблівую групу П. складаюць маральныя П. (П. калектывізму, абавязку, гонару і інш.), эстэтычныя (гл. Пачуццё эстэтычнае), інтэлектуальныя.
В.В.Краснова.
т. 12, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)