КАНО́ПУС, α Кіля,
зорка 1-й зорнай велічыні (0,75 візуальнай зорнай велічыні), другая па яркасці (пасля Сірыуса). Знаходзіцца ў Паўд. паўшар’і неба. Адлегласць ад Сонца 160 пк, свяцільнасць у 7800 разоў большая за сонечную.
т. 7, с. 589
КАНО́СА (Canossa),
замак у Паўн. Італіі, за 18 км на ПдЗ ад г. Рэджа-нель-Эмілія, пабудаваны ў 10 ст. Тут у студз. 1077 адбылася значная падзея ў гісторыі барацьбы за інвестытуру. Адлучаны ад каталіцкай царквы і пазбаўлены прастола імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» Генрых IV (гл. ў арт. Генрых, герм. правіцелі) у рыззі і босы 3 дні прасіў тут даравання і літасці ў свайго праціўніка рым. папы Грыгорыя VII. З таго часу выраз «ісці ў К.» азначае згоду на зневажальную капітуляцыю.
т. 7, с. 589
КАНО́Э (ад ісп. canoa човен; запазычанне з мовы карыбскіх індзейцаў),
вёславая лодка без уключын, у якой вясляр дзейнічае адналопасцевым вяслом. Адрозніваюць К. спартыўныя, вучэбныя, слаламныя, турысцкія, для аднаго, двух і некалькіх весляроў. Вясляр стаіць на адным калене (у спартыўных) ці сядзіць (у слаламных і турысцкіх) тварам да напрамку руху. Вырабляюць К. са спец. водаўстойлівай фанеры, шпоны і пластычных матэрыялаў. К. таксама наз. лодка індзейцаў Паўн. Амерыкі; выраблялі з цэлага ствала дрэва выпальваннем і выдзёўбваннем або будавалі каркас і абцягвалі яго карой.
т. 7, с. 590
КАНПУ́Р,
горад на Пн Індыі, штат Утар-Прадэш, на р. Ганг. Каля 2 млн. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прамысл. цэнтр даліны Ганга. Прам-сць: тэкст. (гал. ч. баваўняная і шарсцяная), трыкат., гарбарна-абутковая, харч., авіябуд., радыёэлектронная, дакладнае і с.-г. машынабудаванне, металаапр., хімічная. Ун-т, тэкст. і тэхнал. ін-ты.
т. 7, с. 590
КАНСАЛІДА́ЦЫЯ (позналац. consolidatio ад consolido умацоўваю),
умацаванне чаго-н.; аб’яднанне, згуртаванне асоб, груп, арг-цый для ўзмацнення барацьбы за агульныя мэты.
т. 7, с. 590
КАНСА́ЛТЫНГ (ад англ. Consulting кансультаванне),
дзейнасць па кансультаванні вытворцаў, прадаўцоў, пакупнікоў у галіне экспертнай, тэхн., эканам. дзейнасці: даследванне і прагназаванне рынку тавараў, паслуг і інш.; ацэнка тэхн. праектаў, распрацоўка і правядзенне маркетынгавых праграм і інш., у айчыннай практыцы — таксама пытанні стварэння і рэгістрацыі фірм розных форм уласнасці. Ажыццяўляецца незалежнымі кансультацыйнымі фірмамі ці індывід. кансультантамі пераважна ў форме кансультацыйных (кансалтынгавых) праектаў (дыягностыка, распрацоўка рашэнняў, іх рэалізацыя, ацэнка вынікаў).
У.Р.Залатагораў.
т. 7, с. 590
КАНСАНА́НС (франц. consonance ад лац. consonantia гармонія, сугучнасць) у музыцы, адначасовае спалучэнне тонаў стройнага, згоднага гучання. Процілеглае К. паняцце — дысананс. Адрозніваюцца характарам узаемадзеяння гарманічных спектраў гукаў, што ўтвараюць пэўнае сугучча. Акустычная сутнасць К. ў супадзенні вял. колькасці гармонікаў (абертонаў) гэтых гукаў. Да К. належаць усе чыстыя інтэрвалы, вял. і малыя тэрцыі і сексты і акорды, складзеныя толькі з гэтых інтэрвалаў (за выключэннем тых, у якіх адзін з верхніх гукаў утварае чыстую кварту з басам). Матэматычнае абгрунтаванне К. зрабілі піфагарэйцы ў Стараж. Грэцыі. У еўрап. прафес. музыцы 15—19 ст. адрозненне паміж К. і дысанансам набыло якасны характар, дасягнула ступені вострай процілегласці і стала адной з асноў муз. мыслення. У музыцы 20 ст. рэзка павялічылася значэнне дысанансу, адрозненне паміж ім і К. ў значнай ступені згладжваецца.
А.А.Друкт.
т. 7, с. 590
КАНСАНА́НТНАЕ ПІСЬМО́,
гл Квазіалфавітнае пісьмо.
т. 7, с. 590
КАНСАНАНТЫ́ЗМ [ад лац. consonans (consonantis) зычны гук],
сістэма зычных гукаў мовы або дыялекту на пэўным этапе развіцця. У розных мовах адрозніваецца колькасцю зычных фанем, іх прыкметамі, адносінамі паміж сабой. У сучаснай бел. літ. мове сістэму К. ўтвараюць 39 зычных фанем. У аснову іх класіфікацыі пакладзены дыферэнцыяльныя прыкметы, якія вызначаюцца ўдзелам голасу і шуму, спосабам і месцам утварэння перашкоды ў ротавай поласці, дадатковай артыкуляцыяй (у бел. мове палаталізацыяй). К. процілеглы вакалізму — сістэме галосных гукаў мовы.
т. 7, с. 590
КАНСЕПСЬЁН (Concepción),
горад у цэнтр. частцы Чылі, у эстуарыі р. Біо-Біо. Адм. ц. вобл. Біо-Біо. Засн. ў 1550. 308 тыс. ж. (1990). Аванпарты на Ціхім ак. — Талькауана, Таме. Чыг. вузел. Важны эканам. цэнтр Чылі. Прам-сць: маш.-буд. (у т. л. суднарамонтная), нафтаперапр. і нафтахім., тэкст., паліграф., цэм., цэлюлозна-папяровая, шкляная, харчовая. Ун-т. У 1818 у К. абвешчана незалежнасць Чылі. У 1960 моцна пацярпеў ад землетрасення.
т. 7, с. 590